Вы тут

Прэзідэнт патрабуе ад праваахоўцаў ставіцца да людзей справядліва


Апошняй кропляй, якая прымусіла Прэзідэнта запланаваць абмеркаванне і выклікала насцярожанасць, стала празмернае зацягванне следчых дзеянняў. На вялікай нарадзе разгледзяць шэраг спраў, пры расследаванні якіх закраналіся правы і законныя інтарэсы грамадзян. Напрыклад, Прэзідэнт быў вымушаны даручыць аператыўна-аналітычнаму цэнтру разабрацца ў справе галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў.


«Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў следчы ізалятар — нават не ў турму — і ў чатырох сцянах трымаць чатыры гады. І потым за недаказанасцю яго адпусціць», — Аляксандр Лукашэнка даручыў адпаведнай камісіі «выцягнуць на паверхню» падобныя справы — хай тэрмінам не чатыры, а два, паўтары гады.

«Калі вы затрымліваеце чалавека, дык дакажыце яго віну ва ўсталяваныя законам тэрміны без усялякіх там прадаўжэнняў. Гэта такі выпадак, які падштурхнуў мяне да размовы з органамі праваахоўнай сістэмы ўвогуле. Гэта не справа. Мы да людзей павінны ставіцца па-чалавечы», — запатрабаваў беларускі лідар.

Ён упэўнены, што ёсць іншыя метады, каб, не затрымліваючы чалавека, узяць яго на кантроль і атрымаць факт проціпраўнай дзейнасці. Па перакананні Прэзідэнта, калі бачныя недапрацоўкі на аператыўным узроўні — трэба не затрымліваць чалавека, а спаганяць з міліцыі, камітэта дзяржбяспекі і іншых ведамстваў, якія займаюцца першаснымі дзеяннямі.

«У аснове павінна ляжаць справядлівасць», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Старшыня следчага камітэта Іван Наскевіч далажыў яму аб выніках работы ведамства за сем месяцаў, паведаміўшы, што ўзровень злачыннасці ўзрос на 8,3 працэнта.

Да крымінальнай адказнасці па справах, перададзеных пракурору для накіравання ў суд, прыцягнута 25,9 тысячы абвінавачваных — больш на 1,8 працэнта, чым летась. Павялічылася і колькасць крымінальных спраў, якія знаходзіліся ў выкананні — на 12,3 працэнта. Разам з тым завершана таксама больш спраў — на 3,5 працэнта.

Колькасць патрабаванняў пракурораў аб устараненні парушэнняў заканадаўства, дапушчаных падчас папярэдняга следства, скарацілася на 16,2 працэнта.

Старшыня Следчага камітэта падкрэсліў, што палову крымінальных спраў удалося скончыць у скарочаны тэрмін — да месяца. Аднак павялічылася і частка спраў, расследаванне па якіх скончана ў тэрмін звыш за два месяцы. Узровень пакрыцця страт узрос і ў працэнтным, і ў грашовым выражэнні. Іван Наскевіч пазнаёміў кіраўніка дзяржавы са следчымі дзеяннямі па сёлетніх нашумелых справах, за расследаваннем якіх Аляксандр Лукашэнка заўсёды ўважліва наглядае.

На кантролі Прэзідэнта справа па выбухах пра правядзенні салюта трэцяга ліпеня, калі падчас пазаштатнай сітуацыі загінуў чалавек, прычынены значны ўрон фізічным і юрыдычным асобам. Следства разглядае чатыры версіі. Па словах кіраўніка ведамства, галоўнай прычынай выбуху маглі з’яўляцца няякасныя набоі, феерверачныя вырабы.

«Ужо вядома, што частка з іх была са скончаным тэрмінам прыгоднасці, частка падвяргалася механічнай так званай „дапрацоўцы“ перад зараджаннем. Па меркаванні следства, ёсць прамая прычынная сувязь паміж якасцю вырабаў і ўздзеяннем на іх і выбухамі. Назначаны цэлы шэраг экспертыз», — падкрэсліў Іван Наскевіч.

Па факту знаходжання трупа супрацоўніка міліцыі Патаповіча следства прыняла канчатковае рашэнне па спыненні справы. У следства няма сумненняў у тым, што мела месца самагубства. Старшыня камітэта паведаміў: дакладана даказана, што супрацоўнік у краме набыў дровы і сродак для распальвання, якія загадзя даставіў ў месца знаходжання трупа. Падчас дзяжурства Патаповіч з надуманай прычыны сышоў з маршруту насення службы, пераапрануўся ў цывільную вопратку і на таксі паехаў у бок ляснога масіву, дзе ў далейшым быў знойдзены.

«Да нядаўняга часу нам не хапала аднаго звяна — таксіста, які ўвёз супрацоўніка міліцыі. Асобу кіроўцы мы ўстановілі, дапрасілі яго. Яго сведчанні якраз знаходзяцца ў канве іншых доказаў. Маецца і цэлы шэраг відэазапісаў, якія пацвярджаюць, што супрацоўнік міліцыі сам набываў гаручыя сродкі, сядаў у канкрэтную машыну таксі. Па заключэнні экспертызы, ён мог сам сабе прычыніць тое агнястрэльнае раненне, якое стала прычынай смерці. На пісталеце знаходзяцца толькі яго біялагічныя сляды, а на целе — сляды стрэлу», — паведаміў Іван Наскевіч.

Варвара Марозава

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.