Вы тут

У краіне сёлета мяркуюць сабраць каля 450 тон бахчавых культур


Кожны гаспадар ведае: дома павінна быць тое-сёе з прыпасаў. Ну хоць бы для таго, каб хлебасольна павітаць нечаканых гасцей. Ды і ўвогуле, неяк спакайней, калі ведаеш, што лыжка мукі — не апошняя ў хаце... Такі ж парадак дзейнічае і на дзяржаўнай «кухні»: збожжа павінна хапіць да наступнага ўраджаю, яшчэ і з запасам. Ды не толькі надзённага хлеба, а і прысмакаў трэба нарыхтаваць. Колькі прадукцыі захоўваецца ў засеках і як можна зарабіць на малацэ, нам расказалі супрацоўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.


Фота Анатоля Клешчука.

— Гароднінай і бульбай Беларусь можа і сябе забяспечыць, і сяброў. А што ў краіне робіцца з лішкам сельгаспрадукцыі, вырашчанай на ўласных падворках? Нічога не губляем?

— Сапраўды, у рэспубліцы вытворчасць бульбы і гародніны дазваляе ў поўным аб'ёме забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку і мець свабодныя рэсурсы для пастаўкі на экспарт. Лішкі прадукцыі, выгадаванай і вырашчанай у асабістых гаспадарках грамадзян, штогод закупляюцца Белкаапсаюзам.

— Як ідзе закладка стабілізацыйных фондаў (запасаў) харчовых тавараў сёлета, з якім запасам будзем узімку?

— Цяпер вядзецца работа па фарміраванні аб'ёмаў закладкі асноўных відаў плодаагародніннай прадукцыі для стабілізацыйных фондаў на міжсезонны перыяд 2019—2020 гадоў, якія будуць зацверджаны аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам да 1 верасня. Стабілізацыйныя фонды дазваляюць уплываць на рознічныя цэны ўнутранага рынку краіны і пазбягаць іх неабгрунтаваных скачкоў. Штогод стабілізацыйныя фонды закладваюцца ў запланаваных аб'ёмах.

— Чалавек не толькі вырасціў бульбу ці яблыкі, а яшчэ і трымае карову або некалькі, застаюцца лішкі малака, — куды і на якіх умовах іх можна здаць?

— Грамадзяне, якія ажыццяўляюць вядзенне ўласных падсобных гаспадарак, могуць па сваім жаданні рэалізоўваць малако з прыватнага падворка юрыдычным і фізічным асобам, а таксама індывідуальным прадпрымальнікам згодна з заключанымі з імі дагаворамі. Гэта прадугледжана артыкулам 6 закона аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян.

Малакаперапрацоўчыя арганізацыі краіны прымаюць сырое каровіна малако як ад сельскагаспадарчых арганізацый, так і ад насельніцтва ў адпаведнасці з патрабаваннямі СТБ 1598-2006 «Малако каровіна сырое. Тэхнічныя ўмовы». Для забеспячэння кантролю якасці такога малака, прынятага ад насельніцтва, вытворчыя лабараторыі сельскагаспадарчых арганізацый акрэдытаваны для вызначэння адпаведных паказчыкаў.

— Падпраграма 10 «Развіццё і падтрымка малых формаў гаспадарання» Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016—2020 гады прадугледжвае выплату надбавак да закупачных цэн грамадзянам, якія рэалізуюць малако. Як яны вызначаюцца?

— Памер надбавак штогод вызначаецца Мінсельгасхарчам у межах сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рыбаводства і перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі. Так, пастановай Мінсельгасхарча аб надбаўках да закупачных цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю насельніцтва ў 2019 годзе памер надбаўкі да закупачнай цаны за 1 кілаграм малака базіснай тлустасці (3,6 працэнта) складае 0,04 рубля.

Парадак разліку асобамі, якія закупілі малако ў насельніцтва, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь ад 4 красавіка 2018 года № 35. У 2018 годзе ў насельніцтва было закуплена 165,3 тысячы тон малака для далейшай перапрацоўкі і вытворчасці малочных прадуктаў і выплачаныя надбаўкі да закупачных цэн у памеры 6205 тысяч рублёў.

— Цікавяць чытачоў адносна новыя для нас культуры кшталту кавуноў. Якая ў іх сёлета ўраджайнасць, якое месца на рынку яны зоймуць?

— Так, у 2019 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках будзе выраблена каля 450 тон бахчавых культур. Пасадкі бахчавых культур сканцэнтраваны ў асноўным у Брэсцкай (больш за 70 працэнтаў усіх плошчаў), Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. Летась бахчавымі культурамі (у асноўным кавунамі) было занята 35,9 гектара (85 працэнтаў ад узроўню 2017 года). Вытворчасць гэтых культур склала 421,1 тоны (100,1 працэнта ад узроўню 2017 года) пры сярэдняй ураджайнасці 125 цэнтнераў з гектара.

Найбуйнейшыя вытворцы кавуноў у нашай краіне — прадпрыемствы «Чарняны» Маларыцкага раёна, «Цяплічны камбінат «Бярэсце» Брэсцкага раёна, «Дружба і К» Смалявіцкага раёна, а таксама «Гродзенская агароднінная фабрыка».

Фота Анатоля Клешчука.

Вырошчванне бахчавых культур — вытворчасць працаёмкая, патрабуе значнага прымянення ручной працы: ад пасеву (высадкі расады) з выкарыстаннем часовых плёначных хованак і да ўборкі.

— У краіне пачалі вырошчваць цвёрдыя сарты пшаніцы. Ці хутка будзе ў нас макарона з беларускага збожжа?

— Сёння да выкарыстання ў сельскагаспадарчай вытворчасці дапушчана больш за 100 сартоў мяккай пшаніцы айчыннай і замежнай селекцыі, тады як цвёрдай пшаніцы дапушчана толькі восем сартоў. Сельскагаспадарчыя арганізацыі краіны паспяхова займаюцца вырошчваннем пшаніцы мяккіх сартоў для вытворчасці збожжа харчовага і кармавога прызначэння (пасяўная плошча складае больш за 660 тысяч гектараў).

Вырошчванне пшаніцы цвёрдых сартоў у сельскагаспадарчай вытворчасці не ажыццяўлялася ў сувязі з неспрыяльнымі для яе глебава-кліматычнымі ўмовамі, невысокай прадукцыйнасцю збожжа (12—15 ц/га), а таксама недастатковай якасцю гэтага збожжа для наступнага выкарыстання яго перапрацоўчымі арганізацыямі.

Селекцыяй сартоў цвёрдай пшаніцы сёння ў краіне займаецца Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, якая стварыла тры сарты (Славіца, Разалія, Валента), уключаныя ў дзяржаўны рэестр сартоў. Таксама ў гэты рэестр уключаны тры сарты (Амазонка, Аксініт, Агат Данскі) селекцыі Усерасійскага НДІ збожжавых культур імя І. Г. Каліненкі, два сарты (Мерыдыяна, Ірыдэ) селекцыі італьянскай фірмы Sосіеtа Рrоduttоrі Sеmеntі S. Р. А.

— А ўвогуле, з якім «караваем» будзем зімаваць?

— Заданне на пастаўку збожжа для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб у аб'ёме 815 тысяч тон будзе выканана — гэта дазволіць забяспечыць патрэбу ўнутранага рынку ў мукамольна-крупяной прадукцыі да новага ўраджаю ў поўным аб'ёме.

Паводле аператыўнай інфармацыі, па стане на 14 жніўня 2019 года арганізацыямі-нарыхтоўшчыкамі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб закуплена 660,2 тысячы тон харчовага збожжа, што складае 81 % ад устаноўленага задання, у тым ліку па Брэсцкай вобласці — 89,1 тысячы тон (92,8 %), Віцебскай — 80,2 тысячы тон (69,7 %), Гомельскай — 74,3 тысячы тон (63 %), Гродзенскай — 130,9 тысячы тон (95,5 %), Мінскай — 176,6 тысячы тон (95,5 %), Магілёўскай — 109,1 тысячы тон (66,5 %).

Харчовай пшаніцы ў лік дзяржзаказу паступіла 414,8 тысячы тон (85,4 % ад задання), жыта — 212 тысяч тон (86,5 %), ячменю — 17,4 тысячы тон (60 %), аўса — 16 тысяч тон (36,8 %).

Варвара МАРОЗАВА

Загаловак у газеце: Запас бяды не чыніць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.