Вы тут

Беларусь гатова прыняць футбольныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню


Аляксандр Лукашэнка падчас перамоў з прэзідэнтам Саюза еўрапейскіх асацыяцый (УЕФА) Аляксандрам Чэферынам адзначыў, што Беларусь можа прыняць спаборніцтвы любога ўзроўню і правесці іх не горш, чым лепшыя сталіцы нашага кантыненту.


Фота БЕЛТА

Кіраўнік краіны ў прывітальным слове падзякаваў госцю за дапамогу федерацыі самага масавага і папулярнага віду спорта ў Беларусі і выказаў спадзяванне, што з выбраннем Аляксандра Чэферына прэзідэнтам УЕФА кантакты з саюзам павялічацца і будзе поўнае паразуменне. «Але я не магу паскардзіцца і наракаць, што ў мінулыя часы ў нас былі нейкія праблемы з федэрацыяй футбола, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Еўрапейскі футбольны савет заўсёды адзываўся на нашы просьбы, заўсёды дапамагаў нам, асабліва дзіцячаму спорту. І вы ведаеце: ніколі мы не чулі з боку саюза якога-небудзь папрока ў наш адрас, што мы нямэтавым вобразам выкарысталі грошы, што мы не дапамагалі дзецям, што мы не дапамагалі футболу». 

Аляксандр Лукашэнка запэўніў: дзяржава і далей будзе садзейнічаць развіццю футбола. Але Прэзідэнт адзначыў і недапрацоўку ў супрацоўніцтве — УЕФА ніколі раней не песціў Беларусь буйнымі спартыўнымі мерапрыемствамі.

«Калі Еўрапейскі футбольны саюз у гэтым кірунку будзе думаць, ведайце, што мы гатовы прыняць любыя спаборніцтвы, на любым узроўні, што тычыцца нашага кантыненту. Я ведаю, што апошнім часам шмат абмяркоўваецца ў розных кругах пытанне аб правядзенні суперматча, фінальнага матча на кубак УЕФА. Ведайце, калі ў вас будзе магчымасць вызначыць месцам правядзення такога матча нашу сталіцу, нашу Беларусь, мы заўсёды будзем з гэтым салідарныя і згодныя. І зробім гэта не хужэй, чым лепшыя сталіцы нашага кантыненту», — сказаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт назваў футбол сваім самым любімым відам спорту. І нагадаў, што ў дзяцінстве ён доўга гуляў у футбол, пакуль не атрымаў траўму. 

Аляксандр Чэферын адзначыў: УЕФА і Беларуская федэрацыя футбола вельмі добра супрацоўнічаюць, але нават і самае плённае ўзаемадзеянне магчыма яшчэ палепшыць.
«Я рад бачыць, што ў Беларусі спорт атрымлівае такую падтрымку, і я, канечне, асабліва рады за футбол. Заўтра мы пачнем новы этап нашага супрацоўніцтва. І мы планіруем падтрымліваць Беларусь і аказваць падтрымку, як мага хутчэй. Мы і раней дапамагалі і з фінансавымі сродкамі, і з інфраструктурай. Мы плануем аказваць падтрымку ў плане адукацыі трэнераў», — канстатаваў Прэзідэнт УЕФА.

Ён адзначыў дапамогу прэм’ер-міністра Беларусі, Сяргея Румаса, які з’яўляецца старшынёй Беларускай федэрацыі футбола.

Даведка

Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» падала дэкларацыю аб зацікаўленасці ў правядзенні Суперкубка УЕФА 2022 ці 2023 гадоў 20 чэрвеня бягучага года. Афіцыйную заяўку неабходна прадставіць да 28 кастрычніка 2019-га. Канчатковае рашэнне аб месцы правядзення спаборніцтва прыме Выканаўчы камітэт Саюза еўрапейскіх асацыяцый (УЕФА) вясной 2020 года. Суперкубак УЕФА разыгрываецца ў адным матчы, падчас якога сустракаюцца пераможцы Лігі чэмпіёнаў УЕФА і Лігі Еўропы УЕФА мінулага сезону.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.