Вы тут

У Мінску стварылі штаб па каардынацыі дзейнасці назіральнікаў


Пра тое, што гэта за структура і чым яна будзе займацца бліжэйшы месяц, «Звязда» распытала Міхаіла Батуру, старшыню Мінскага гарадскога каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, пры якім створаны штаб.


Прафесар і доктар тэхнічных навук Міхаіл Батура, былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, узначальвае Мінскую гарадскую арганізацыю РГА «Белая Русь». Ён расказаў, што Мінскі гарадскі каардынацыйны савет грамадскіх арганізацый і палітычных партый быў створаны ў студзені 2010 года.

— Мы і раней сустракаліся на розных мерапрыемствах грамадска-палітычнага характару. Ідэя каардынацыі ўзнікла, каб можна было сумесна рыхтавацца да такіх мерапрыемстваў, падзяляць функцыі паміж аб'яднаннямі і партыямі. Каардынацыйны савет — аб'яднанне аднадумцаў, якія прадстаўляюць розныя групы людзей, каб узгоднена ўдзельнічаць у працэсах у краіне і пры гэтым не дубліраваць адно аднаго, не заходзіць на «чужое поле», — патлумачыў Міхаіл Батура.

«Мы распрацавалі і зацвердзілі статут, але каардынацыйны савет — не юрыдычная арганізацыя, — заўважыў яго кіраўнік. — Гэта досыць эфектыўная структура. Мы ўсе ведаем адно аднаго. Цяпер у савет уваходзяць 16 грамадскіх аб'яднанняў і шэсць партый ад Мінска».

Гэта вельмі невялікая частка ад існуючых грамадска-палітычных сіл сталіцы, дадаў Міхаіл Батура. Каардынацыйны савет аб'яднаў, па словах яго старшыні, лідараў канструктыўных рухаў. «Тых, хто вельмі рэзкі ў сваіх меркаваннях, прыхільнікаў пратэсту, мы не запрасілі. А ў статут запісалі: прымаем канструктыўныя грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі, і, больш за тое, з рэкамендацыямі двух членаў каардынацыйнага савета», — расказаў лідар Мінскай гарадской арганізацыі ГА «Белая Русь».

Ён звярнуў увагу, што пасяджэнні каардынацыйнага савета праходзяць у спакойнай абстаноўцы, без узаемных абвінавачванняў, у духу пошуку плённых, узгодненых рашэнняў.

На рэспубліканскім узроўні падобны каардынацыйны савет пакуль не створаны, але такія ёсць у некаторых раёнах і абласцях. «Яны ствараюцца не па нейкім прадпісанні, а з-за жадання людзей з агульнымі інтарэсамі, зацікаўленых у развіцці грамадства, у паляпшэнні дабрабыту, калі яны пры гэтым прытрымліваюцца спакойнага стылю ў выпрацоўцы рашэнняў», — падкрэсліў прафесар.

Мінскі гарадскі каардынацыйны савет грамадскіх арганізацый і палітычных партый узаемадзейнічае з гарадскім выканаўчым камітэтам сталіцы. «Цяпер у нас вельмі ўраўнаважанае супрацоўніцтва. Пасля стварэння каардынацыйнага савета ўдзел у мерапрыемствах, якія ладзіць горад, стала прымаць удвая больш мінчан — членаў аб'яднанняў і партый, бо мы іх мабілізуем», — лічыць Міхаіл Батура.

Грамадскія аб'яднанні і партыі, як правіла, актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх электаральных кампаніях. Сталічнае падраздзяленне «Белай Русі» імкнецца вылучыць сваіх прадстаўнікоў у Мінскую гарадскую, акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, а таксама акрэдытаваць іх назіральнікамі. Тое самае робяць і іншыя члены каардынацыйнага савета. «Калі мы падводзілі вынікі мінулых выбарчых кампаній, то адзначалі, што некаторыя нашы прадстаўнікі аказаліся недастаткова актыўныя. Таму сёлета ўзнікла ідэя стварыць Штаб па каардынацыі дзейнасці назіральнікаў падчас правядзення выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, які працаваў бы сістэмна, — паведаміў кіраўнік каардынацыйнага савета. — Што мы і зрабілі. У штаб увайшлі дзевяць найбольш вопытных членаў аб'яднанняў і партый, сярод якіх не толькі кіраўнікі».

Міхаіл Батура ўзначаліў штаб. «Цяпер наша задача — арганізаваць навучанне назіральнікаў, а іх больш за 1000 чалавек. Дзякуючы структурам партый і грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку «Белай Русі», у якой ёсць раённыя арганізацыі, мы правядзём навучанне ў кожным раёне горада. Гэта планы на першую палову кастрычніка», — падзяліўся кіраўнік штаба.

Асноўная работа назіральнікаў праходзіць падчас галасавання. На гэты перыяд штаб арганізуе дзяжурства. Новая структура будзе не толькі дапамагаць назіральнікам, але і акумуляваць інфармацыю аб галасаванні, а потым аналізаваць работу сваіх актывістаў.

«Выбары — гэта вельмі адказны для краіны перыяд, важны для грамадства. Пры любых калізіях патрэбна спакойнае абмеркаванне і выказванне пазіцый, каб знайсці выйсце, — лічыць Міхаіл Батура. — Гэта магчыма ў любой сітуацыі, калі няма іншай мэты. Наша мэта — правесці выбары ў адпаведнасці з законам. Любыя абставіны маюць тлумачэнні. Заўсёды можна вырашыць спрэчку з павагай да апанента. Для нас самае галоўнае — згода».

Старшыня штаба прывёў у прыклад прыгожыя акцыі «Белай Русі», такія як «З любоўю да дзяцей», якія ні ў кога не выклікаюць папроку. «У нас няма жадання ладзіць нейкія неадназначныя акцыі, — сказаў ён. — Таму нас разумеюць. Нас можна абвінаваціць толькі ў тым, што мы робім мала, бо добрага не бывае зашмат. Таму наша задача — яднанне вакол пазітыву, якога павінна быць больш».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Назіральнікі аб'ядналіся

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.