Вы тут

Блізіліся гарадскія спаборніцтвы «Вялікая лыжня»


Блізіліся гарадскія спаборніцтвы «Вялікая лыжня». Тата дастаў свае лыжы, агледзеў мацаванне, змазаў іх спецыяльнай маззю. А потым выправіўся з імі на вуліцу. Вярнуўся праз дзве гадзіны, шчаслівы і вясёлы.


Фота: pixabay.com

— Два тыдні трэніровак — і я буду гатовы да эстафеты! — з парога заявіў ён.

— А ты раней удзельнічаў у лыжных гонках? — недаверліва спытала я.

— Так, — адказаў тата. — Апошні раз у арміі. І не без поспеху. У мяне і граматы ёсць.

Тата зараз жа прадэманстраваў іх.

— Ого! — усміхнулася я. — Дык ты ў нас спартсмен! Глядзі не прыйдзі апошнім!

— Гэта выключана. У мяне свае прыёмы ёсць!

Два тыдні штовечар тата выпраўляўся катацца на лыжах. Незаўважна настаў дзень спаборніцтваў.

Мы разам накіраваліся ў гарадскі парк. Тату запісалі ў спісы ўдзельнікаў і выдалі 31-ы нумар. Яго забег быў дзявяты. Да гэтага часу ён паспеў зрабіць размінку і пакатацца крыху паводдаль ад месца спаборніцтва.

Нарэшце, час настаў. Суддзя расставіў усіх удзельнікаў уздоўж намаляванай чырвонай палоскі.

— Аб'яўляецца забег на пяць кіламетраў сярод удзельнікаў ад трыццаці да трыццаці пяці гадоў. Старт — пасля адмашкі сцяжком. На старт, увага, марш! — скамандаваў ён.

І ўсе памчалі.

— Лыжню! Лыжню! — было чуваць адусюль.

Спачатку тата заўважна адставаў ад лідараў. Але калі палова дыстанцыі была пройдзена, раптам нібыта сканцэнтраваўся і пачаў наганяць аднаго лыжніка за другім. Калі ж да фінішу заставалася некалькі соцень метраў, ён... вырваўся наперад!

— На фініш першым прыйшоў 31-ы нумар! — аб'явіў суддзя.

Тату ўручылі дыплом і падарунак. А мы па дарозе дадому купілі торт.

— Заўтра ж для ўсёй сям'і набываем лыжы і пачынаем катацца па выхадных, — ужо дома за сталом аб'явіла мама.

— Я толькі «за»! — падтрымаў яе наш чэмпіён. І выразна паглядзеў на мяне. Што заставалася рабіць? Толькі пагадзіцца.

Андрэй Сідарэйка

Загаловак у газеце: Цішэй едзеш...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.