Вы тут

Да сенатараў прыходзяць людзі ў складаных жыццёвых абставінах


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў у сераду, 22 студзеня, правёў асабісты прыём грамадзян.


Пераважная большасць зваротаў у гэты дзень (за выключэннем аднаго) была далёка не па профілі камісіі, якую ўзначальвае Сяргей Анатолевіч. Датычыліся яны пэўных складаных жыццёвых сітуацый, у якіх з прычыны аб'ектыўных і суб'ектыўных абставін апынуліся людзі. Сяргей Рачкоў унікаў у сутнасць праблемы кожнага свайго суразмоўцы, імкнуўся зразумець яго хваляванні, турботы, клопаты і па магчымасці адшукаць алгарытм іх вырашэння ці мінімізацыі наступстваў.

Першыя два наведвальнікі, паводле іх слоў, сталі ахвярамі ашуканцаў і аферыстаў. Першы з іх «дапамогай» набыў такі легкавы аўтамабіль, што цяпер не можа з-за абмежаванняў праваахоўных органаў ад'ехаць на сотню метраў ад пад'езда свайго дома ў Мінску. Нельга! Забараняецца выкарыстоўваць машыну. Хоць за гэту патрыманую іншамарку 2001 года выпуску заплаціў восем тысяч рублёў, здзелку аформіў у адпаведнасці з правіламі і заканадаўствам Беларусі. Што і казаць, непрыемная гісторыя.

Сяргей Рачкоў прапанаваў яшчэ раз звярнуцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску і Міністэрства ўнутраных спраў і з іх удзелам вырашыць нарэшце праблему. А тым часам у Савеце Рэспублікі зварот небаракі-аўтааматара возьмуць на кантроль. Наведвальнік пагадзіўся з такім варыянтам.

А вось Іван Іванавіч, аўтар другога звароту, трапіў таксама ў вельмі непрыемную гісторыю. А пачыналася яна прыгожа і нават рамантычна. Аднойчы ў штотыднёвіку для пажылых людзей, дзе друкуюцца душэўныя гісторыі, дачныя сакрэты, юрыдычная кансультацыя, парады спецыялістаў па медыцыне, прачытаў пранікнёны ліст незнаёмай жанчыны. І нешта яго кранула за жывое. Настолькі моцна, што ён адшукаў яго аўтарку. Пазнаёміліся, спадабаліся адно аднаму. У рэшце рэшт сталі жыць разам, пажаніліся.

Іван Іванавіч як чалавек нябедны вырашыў набыць двухпакаёўку ў Магілёве. Каханая пераканала ў тым, што жыць будзе лепш у Мінску — сталіца ж. Той пагадзіўся. А далей праз пэўны тэрмін... Не будзем пераказваць усе перыпетыі гэтай вельмі асабістай гісторыі, скажам толькі, што сумеснае жыццё не заладзілася. Сумна, але такіх гісторый процьма. Людзі і з багатым жыццёвым досведам разыходзяцца.

Усё б нічога, толькі вось Іван Іванавіч у выніку пэўных маніпуляцый з боку яго былой палавінкі, згодна з яго заявай, застаўся без двухпакаёвай кватэры. Сёння ён моцна шкадуе, што некалі паддаўся на пяшчотныя ўгаворы перапісаць жыллё на яе. Пасля гэтага адносіны пачалі рэзка пагаршацца.

Зразумела, Іван Іванавіч звярнуўся куды трэба: у міліцыю, пракуратуру, суд. Але пытанне не вырашаецца, больш таго, яму паведамляюць з інстанцый, што няма падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы. Не вераць у ашуканства. Адсюль і просьба да Сяргея Рачкова: дапамагчы прабіць сцяну непаразумення з боку праваахоўных органаў.

Пытанне сапраўды складанае, лічыць Сяргей Рачкоў. Але Івану Іванавічу паабяцалі садзеянне ў межах заканадаўства.

Іншы наведвальнік прыйшоў з канкрэтнымі прапановамі па супрацьдзеянні небяспечным зменам клімату на планеце і выратаванні людзей ад наступстваў паступовага пацяплення. Уладзімір Пятровіч ужо звяртаўся і ў Нацыянальную акадэмію Беларусі, і да расійскіх акадэмікаў. Але дарэмна. Ужо назбіраўся чамадан адказаў. Не разумеюць яго падыходаў.

Тым не менш Уладзімір Пятровіч не губляе аптымізму. Таму і запісаўся на прыём да Сяргея Рачкова як да аўтарытэтнага спецыяліста ў міжнародных справах. Бо гэта праблема сусветнага маштабу і патрабуе адпаведных глабальных намаганняў, лічыць заяўнік.

Сяргей Рачкоў у размове з журналістамі па выніках прыёму адзначыў, што з простымі пытаннямі ў Савет Рэспублікі не звяртаюцца. Таму задача сенатараў — уважліва выслухаць і пачуць людзей, паглядзець, што можна зрабіць для абароны іх правоў, прычым кожнага, хто папрасіў дапамогі. А пры неабходнасці — звярнуцца ў адпаведныя органы ўлады, каб паспрабаваць знайсці ці акрэсліць шляхі вырашэння праблемы.

Леанід ТУГАРЫН

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА


У тэму

Член Прэзідыума Савета Рэспублікі Cяргей Рачкоў у рамках правядзення адзіных дзён інфармавання наведаў дзіцячую бальніцу УАЗ «Маладзечанская ЦРБ».

На сустрэчы старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы з калектывам абмяркоўваліся пытанні занятасці і заработнай платы, мерапрыемствы па барацьбе з карупцыяй.

Акрамя таго, Сяргей Рачкоў расказаў пра асноўныя кірункі дзейнасці Савета Рэспублікі і Пастаяннай профільнай камісіі, якую ён узначальвае.

Загаловак у газеце: Усе пытанні — няпростыя

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Грамадства

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Сёлетняя зіма на снег, скажам прама, зусім небагатая. Але ў лютым і сакавіку 1942 года, калі пра глабальнае пацяпленне ніхто і не чуў, снегу было вельмі шмат.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.