Вы тут

Цікавыя навіны з галіны навукі і археалогіі


Піце малако...

Будзеце здаровыя?

Амерыканскія навукоўцы з Універсітэта здароўя Лома Лінда ў Каліфорніі выявілі сувязь паміж ужываннем малочных прадуктаў і рызыкай развіцця рака малочнай залозы. Вынікі іх даследавання апублікаваны на партале MedіcalXpress.

Аўтары прааналізавалі звесткі аб рацыёне харчавання 53 тысяч здаровых жанчын, якія назіраліся на працягу васьмі гадоў. Удзельніцы тэсціравання запаўнялі харчовыя апытальнікі, а таксама паказвалі шэраг іншых фактараў, у тым ліку частату ўжывання алкаголю, узровень фізічнай актыўнасці, прыём гарманальных прэпаратаў і іншых лекаў.

Да канца назірання было зарэгістравана 1057 выпадкаў развіцця пухлін грудзей. Спецыялісты высветлілі, што часцейшае ўжыванне малочных прадуктаў звязана з большай рызыкай развіцця раку. Адзначаецца, што магчымай прычынай гэтай сувязі можа быць утрыманне ў малацэ палавых гармонаў, якія спрыяюць развіццю пухлін.

Пры гэтым спецыялісты не выявілі выразных сувязяў паміж анкалогіяй і ўжываннем сыру і ёгурту.


Сцены з... чалавечых чарапоў і костак

У ходзе раскопак каля сабора Святога Бавона ў бельгійскім горадзе Гент археолагамі былі выяўленыя сцены, выкладзеныя з чалавечых чарапоў і костак. Пра гэта паведамляе выданне The Brussels Tіmes.

Кампазіцыя ўяўляе сабой сцены, пабудаваныя ў XVІІ–XVІІІ стагоддзях, якія складаюцца з чарапоў, а таксама костак галёнак і сцёгнаў дарослых людзей, што памерлі ў XV стагоддзі. Археолагі лічаць, што астанкі былі перанесены са старых пахаванняў з царкоўных могілак для вызвалення месца пад новыя магілы, бо па рэлігійных законах выкідаць іх забаронена.

Па словах прадстаўніка археалагічнай групы Рубена Вілаэрта, знаходка не стане турыстычным аб'ектам, а будзе вывезена для працягу будаўнічых работ па ўзвядзенні на тэрыторыі сабора новага будынка для турыстаў, прысвечанага адрэстаўраванаму Генцкаму алтару (1432) аўтарства славутых фламандскіх мастакоў Яна і Хуберта Ван Эйкаў.

Дарэчы, нядаўна ў брытанскім Букінгеме падчас пабудовы дамоў на адной з фермаў выявілі пахаванні з астанкамі звязаных людзей. У магілах было знойдзена 42 шкілеты са звязанымі за спінай рукамі. А пры будаўніцтве школы ў англійскім графстве Самерсет адшукалі больш за 50 пахаванняў часоў кіравання на востраве Рымскай імперыі. Навукоўцы датавалі іх прыкладна 43 годам н. э.


Што паставіць, мурлыка?

Навукоўцы расказалі пра заспакаяльную для катоў музыку.

Амерыканскія навукоўцы з універсітэта ў Луізіяне высветлілі, якія кампазіцыі зніжаюць стрэс у катоў, паведамляе Cnetfrance.fr. Мэта даследавання заключалася ў тым, каб вызначыць, ці будзе музыка памяншаць стрэс жывёлы падчас абследаванняў у ветэрынара.

У ходзе эксперымента кошкам давалі слухаць класічную музыку, проста цішыню, а таксама спецыяльна напісаную для іх кампазіцыю Scooter Bere's Arіa, што ўключае частоты, блізкія да мяўкання, якое на дзве актавы вышэйшае за чалавечы голас.

Высветлілася, што ўзровень стрэсу ў жывёл быў значна ніжэйшы, калі яны слухалі Scooter Bere's Arіa.


Пакатай мяне, вялікая чарапаха!

Археолагі знайшлі парэшткі гіганцкай чарапахі, якая пражывала 5–10 мільёнаў гадоў таму. Закамянеласці даўжынёй тры метры і вагой каля тоны выявілі ў Венесуэле і Калумбіі. Гіганцкія чарапахі жылі на дне азёр і рэк — пра гэта паведамляе CNN.

«Гэта адна з найбуйнейшых, калі не самая буйная чарапаха, якая калі-небудзь існавала», — адзначыла дырэктар Палеанталагічнага інстытута і музея Цюрыхскага ўніверсітэта Марсела Санчэс.

Вядома, што Stupendemys geographіcus (так назвалі знаходку) адкрылі яшчэ ў 1970-х, але навукоўцам да нашага часу шмат чаго невядома пра гэты від. Лічыцца, што чарапахі сілкаваліся дробнымі жывёламі, садавіной і насеннем.

Навукоўцы мяркуюць, што найбліжэйшы сваяк гэтага віду — вялікагаловая бакашыйная амазонская чарапаха, якая ў сто разоў меншая за Stupendemys geographіcus. Выяўленыя парэшткі дазволяць лепш вывучыць лад жыцця чарапах, якія насялялі нашу планету некалькі мільёнаў гадоў таму, і больш даведацца аб працэсе іх эвалюцыі.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.