Вы тут

Рабочая група АПБ па рукакрылых аднаўляе сваю дзейнасць


Кажаны — адзін з самых цікавых, карысных і загадкавых відаў. Яны адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні стабільнасці лясных (і не толькі) экасістэм, бо, знішчаючы велізарную колькасць начных насякомых, выступаюць іх прыродным рэгулятарам. Да таго ж, адчувальнасць кажаноў да змяненняў у навакольным асяроддзі дазваляе выкарыстоўваць іх як экалагічны індыкатар.


Але, на жаль, колькасць кажаноў у Еўропе і Беларусі імкліва скарачаецца. Адна з прычын — гаспадарчая дзейнасць чалавека, у выніку якой яны страчваюць прыдатныя месцы для палявання (лясныя паляны і вадаёмы) і вывядзення патомства (старыя дуплістыя дрэвы). Другая — выкарыстанне пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы. Кажаны, якія зімуюць у гарадах, часта трапляюць у небяспеку, сутыкаючыся з чалавекам. Да таго ж нам уласцівае дрэннае і стэрэатыпнае стаўленне да кажаноў.

— Усе кажаны Еўропы знаходзяцца пад аховай закона: яны ўнесены ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды, а таксама ў дадаткі да Бонскай і Бернскай канвенцый, — расказвае Аляксей Шпак, старшыня Рабочай групы АПБ па рукакрылых. — З 1994 года дзейнічае асобнае Пагадненне аб ахове папуляцый кажаноў Еўропы (UNEP/EUROBATS) і Беларусь зараз рыхтуецца да яго далучыцца.

У нашай краіне налічваецца 19 відаў кажаноў — 25% ад усіх відаў. Тым не менш, гэты атрад быў, бадай, найменш даследаваным з усіх. Але цягам апошніх дзесяцігоддзяў сітуацыя пачала пакрысе выпраўляцца. Цяпер у Беларусі з удзелам Нацыянальнай акадэміі навук і грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» рэалізуецца цэлы шэраг цікавых міжнародных праектаў, сярод якіх вывучэнне кажаноў Палесся, параўнальны генетычны аналіз кажаноў Беларусі і Арменіі, інвентарызацыя іх ключавых месцаў для зімавання. Па выніках плануецца перадаць пад ахову найбольш значныя калоніі і падрыхтаваць прапановы для новага выдання Чырвонай кнігі Беларусі.

З зімы 2018 года працуе першы ў краіне Рэабілітацыйны цэнтр для рукакрылых «Кажанаполіс», а з 2012 года ў супрацоўніцтве з EUROBATS у Мінску штогод праводзіцца акцыя-фестываль «Міжнародная ноч кажаноў».

Далучыцца да Рабочай групы АПБ па рукакрылых запрашаюць усіх, каму цікава ўдзельнічаць у рабоце «Кажанаполіса», правядзенні «Ночы кажаноў» і іншых папулярызацыйных падзеях, у палявых праектах, то бок вывучэнні кажаноў у прыродзе зімой і летам.

Калі ў цябе ёсць свая ініцыятыва, то пішы на адрас batworkinggroup@gmail.com альбо тэлефануй (МТС) +375 29 213 92 57 (Аляксей Шпак, старшыня Рабочай групы АПБ па рукакрылых).

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.