Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі. Калі б усё было так проста...


Жонка пасля сняданку, гледзячы чамусьці на мяне:


— Я спадзяюся, мне ў свой дзень нараджэння не давядзецца мыць посуд?

Толькі сабраўся было сказаць, што, вядома ж, не давядзецца, як раптам хтосьці з малодшых:

— А ты, мама, можаш заўтра яго памыць.

Эх, добрыя мае дзеці, калі б усё ў жыцці было так проста...

P.S. Хоць ідэя, безумоўна, выдатная.

* * *

Ідзём з дачкой са школы, я стомлены пасля работы. Раптам дачка:

— Тата, скажы, а чаму ты на работу ходзіш кожны дзень, а заработная плата ў цябе толькі раз на месяц?

Ха, добрае пытанне! А сапраўды — чаму?

Заўтра прыйду з раніцы на работу, пацікаўлюся ў шэфа: што за хрэнь? Так яму і скажу: «Альбо плаціце мне зарплату кожны дзень (можна без прэміяльных), альбо я буду хадзіць на работу раз на месяц — у дзень зарплаты».

Нават цікава, які з двух варыянтаў ён выбярэ.

P.S. А наогул, я гляджу, іх у школе вучаць задаваць правільныя пытанні.

* * *

Прыйшоў у аптэку купіць сіроп ад кашлю для дзіцяці. На пытанне, якія ў іх ёсць сіропы, аптэкарка адказала:

— Ёсць добры галандскі, і ёсць таксама добры, вытворчасці Нідэрландаў. Які прабіваць?

Шчыра кажучы, даўно перада мной не ставілі такіх цяжкіх пытанняў.

Урэшце вырашальную ролю адыграў кошт сіропаў: узяў галандскі, бо ён аказаўся на пару рублёў таннейшы, чым той, які «вытворчасці Нідэрландаў».

P.S. Нідэрланды наогул дарагая краіна. Не тое што гэта, як яе... Галандыя.

* * *

Вера:

— Тата, памятаеш, ты мне неяк абяцаў, што купіш усё, што я захачу?

— Ну, памятаю, і што?

(На самай справе не памятаю, але спрачацца з Верай — сабе даражэй.)

— Дык вось, я вырашыла: выбірай з двух варыянтаў. Першы — хамяк.

— Давай адразу да другога.

— Другі — гэта бурундук.

Та-а-ак, па ходу выбар у таты не багаты...

На ўсякі выпадак удакладняю:

— А тушканчык не падыдзе?

— Тушканчык таксама падыдзе.

(Фух, аж ад сэрца адлягло.)

У выніку ўжо тры варыянты, а значыць, ёсць з чаго выбіраць. (І гэта я яшчэ марскіх свінак не прапаноўваў.)

P.S. А калі сур'ёзна, то гэта быў, мабыць, першы раз у маім жыцці, калі я ў глыбіні душы шчыра парадаваўся таму факту, што ў нас дома ёсць такая бесталковая на першы погляд істота, як кошка.

* * *

Мяне тут спыталі, ці глядзеў я выступленне нейкай дзяўчынкі ў ААН. А нашто мне яго глядзець? Я нейкім чынам сам працую ў ААН і кожны дзень сутыкаюся з выступленнямі ўласных дзяцей: то сын прапануе павышэнне ліміту на кішэнныя выдаткі, то старэйшая дачка выступіць з заявай пра адсутнасць вайфаю, то двайняткі адзіным фронтам запатрабуюць купіць ім хамяка, то малодшая пачне гарлапаніць, пратэстуючы супраць абмежавання на цукеркі і мульцікі (то-бок я ўшчамляю іх правы чалавека). Прычым у маім выпадку прэтэнзіі выказваюцца не да абстрактнага чалавецтва ў цэлым, а да цалкам канкрэтнага яго прадстаўніка. Таму тым, хто ўсур'ёз абмяркоўвае выступленні чужога дзіцяці і робіць з яго далёка ідучыя высновы, магу толькі пазайздросціць: шчаслівыя людзі, заходзьце ў госці.

Павел ХОЛАД.

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.