Вы тут

Пяць спектакляў, якiя можна ўключыць у расклад наступнага тыдня


Эпiдэмiялагiчная сiтуацыя працягвае абмяжоўваць нашы рухi цела, але быццам бы ўжо дазваляе выбiраць памiж анлайн- i афлайн-мерапрыемствамi. Наяўнасць выбару, трэба сказаць, значна аблягчае самаiзаляцыю: цяпер тэатральныя трансляцыi можна глядзець не толькi вымушана, але i праз свядомае рашэнне — такiм чынам плюсы спектакляў на канапе становяцца яшчэ больш вiдавочныя. Мы чарговы раз глянулi на афiшу i выбралi для аматараў сцэны некалькi варыянтаў трапiць у тэатр на наступным тыднi, як анлайн, так i афлайн. Гэтым разам мы працягваем даследаваць рэпертуар беларускiх калектываў, зноў уключаем трансляцыю з Лондана i iдзём у берлiнскую «Камiчную оперу».


«Радзiва «Прудок» у Купалаўскiм

У свой час i кнiга Андруся Горвата, i пастаўлены па яе матывах аднайменны спектакль на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра выклiкалi пэўны, давайце скажам, выбух. Дзiўная, складзеная з фэйсбучных пастоў лiтаратура дэбютанта стала бестселерам i сабрала за сабой вялiкiя чэргi, а пастаноўка Рамана Падалякi, таксама дэбютная, з касманаўтамi на вясковым ложку стала гастрольным хiтом. Быў яшчэ створаны камандай Купалаўскага кароткаметражны фiльм «Ягор» (рэжысёрамi выступiлi Раман Падаляка i Мiхаiл Зуй, а сыгралi ў iм акцёры тэатра), уключаны ў праграму кiнафестывалю «Лiстапад». Паказ «Радзiва» адбудзецца ў панядзелак 13 лiпеня — i гэта тым больш дарэчы, бо на мiнулым тыднi стала вядома, што кнiга Андруся Горвата атрымае паўнавартасную экранiзацыю — яе рэалiзацыяй зоймецца «Першая кiнавiдэакампанiя», а бюджэт на здымкi выдзелены дзяржавай. Адным словам, справу маем з феноменам сучаснай беларускай культуры, якi трэба калi не любiць, то хоць бы ведаць.

«Сiрожа» ў РТБД

Мы пакуль распараджаемся толькi некалькiмi адкрытымi для гледачоў сцэнамi. Яны ўсё тыя ж, затое якiя: апроч Купалаўскага ў сталiцы свае спектаклi дэманструе Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургii, i на наступным тыднi тут будзе паказана адно з, пэўна, найлепшых яго тварэнняў апошняга часу. Пастаноўка Аляксандра Гарцуева «Сiрожа», якая, мiж iншым, iдзе тры з паловай гадзiны, пачынаецца ў 1980-х, дзе Алiмпiйскiя гульнi, смерць Высоцкага, пахаванне Машэрава, «iнтэрнацыянальны абавязак» у Афганiстане i iншае. А працягваецца праз трыццаць два гады, калi галоўныя героi — у пачатку звычайныя студэнты, што жывуць у адным iнтэрнатным пакоi, — могуць паказаць, хто з iх па жыццi перамог, а хто прайграў. Пераможцам акажацца вельмi спецыфiчны персанаж Сiрожа, але пытанне ў тым, цi будзе ён у такой якасцi прыемны гледачу.

«Цiхi шоргат сыходзячых крокаў» у Брэсцкiм акадэмiчным тэатры драмы

Зробiм лагiчны пераход: у РТБД, пра якi толькi што iшла гаворка, некалькi гадоў таму была паспяхова ўвасоблена п'еса Дзмiтрыя Багаслаўскага «Цiхi шоргат сыходзячых крокаў» — гiсторыя на сутыкненнi рэальнага i iрэальнага светаў, дзе галоўны герой пакутуе ад нявызначаных стасункаў з бацькам. Цяпер п'еса з'явiлася таксама ў рэпертуары Брэсцкага акадэмiчнага тэатра драмы — прэм'ера спектакля рэжысёра Дзянiса Фёдарава адбылася 8 лiпеня, а наступны раз пастаноўка будзе паказана 19-га. Трэба нагадаць, што Дзмiтрый Багаслаўскi — адзiн з самых значных сучасных беларускiх драматургаў (выступае таксама ў якасцi рэжысёра), а яго п'еса «Цiхi шоргат сыходзячых крокаў» аказалася ў лiку пераможцаў Фестывалю маладой драматургii «Любiмаўка-2012» i была адзначана на тэатральным фестывалi «Залатая маска».

«Глыбокае сiняе мора» ў Нацыянальным тэатры ў Лондане

«Глыбокае сiняе мора» ў Нацыянальным тэатры.

З Лондана ў час каранавiрусных абмежаванняў транслюецца адна з найшыкоўнейшых праграм, i ўсё гэта не без заслугi Нацыянальнага тэатра, што рэгулярна мiльгае ў нашых падборках. Да 16 лiпеня на YouTube-канале калектыву можна паглядзець пастаноўку надрыўнай п'есы Тэрэнса Рэцiгана «Глыбокае сiняе мора» — гiсторыi адной жанчыны з Лондана 1950-х, калi ў грамадстве ўсё яшчэ моцна адчувалiся наступствы Другой сусветнай вайны. Галоўная гераiня, рэспектабельная жанчына Хестэр Кольер, замужам за вядомым суддзёй, але ў пэўны момант кiдае сваё наладжанае жыццё дзеля былога ваеннага пiлота, якi, у сваю чаргу, кiдае яе. Выкiнутая са свайго ранейшага кола жанчына аказваецца адна i сам-насам са сваiмi страсцямi. П'еса была напiсана ў 1952 годзе i сваю гiсторыю з тых часоў выпiсвае актрысамi, што iгралi Хестэр Кольер. У пастаноўцы Нацыянальнага тэатра галоўную ролю выконвае Хэлен МакКроры. Запiс, як звычайна, суправаджаецца англiйскiмi субцiтрамi.

«Яўген Анегiн» у «Комiшэ опер» у Берлiне

Хто такi дэндзi Яўген Анегiн i што за кампазiтар Пётр Чайкоўскi, расказваць, думаю, не трэба. Але варта сказаць пару слоў пра тэатр з цэнтра Берлiна «Комiшэ опер», альбо «Камiчная опера»: ад самага свайго стварэння ў 1947 годзе ён пачаў пазбаўляцца ад тэатральных шаблонаў i традыцый. Яго стваральнiк i рэжысёр Вальтэр Фельзенштайн вырашыў рабiць новую оперу, ставiць перайначаныя класiчныя творы, прыўносiць у акадэмiчнае мастацтва сучасныя павевы i iдэi. Да сённяшняга дня «Комiшэ опер» трымаецца сваiх прыярытэтаў i з iмi лiчыцца адным з найвядомейшых оперных тэатраў Германii, а то i свету. Пазней тут запрацавала i балетная трупа. Пастаноўка оперы «Яўген Анегiн» даступная на сайце тэатра да канца лiпеня — для прагляду ў запiсе можна настроiць англiйскiя субцiтры.

Вольга МIЦКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Чацвёртая педагагічная неканферэнцыя прайшла ў мінулыя выхадныя з нязменным аншлагам і сабрала больш як тры сотні педагогаў з розных куткоў нашай краіны.

Спорт

Марына Літвінчук: Нашы дзеці будуць лепшыя, чым мы

Марына Літвінчук: Нашы дзеці будуць лепшыя, чым мы

Да старту Алімпійскіх гульняў у Токіа засталося менш за год. Увага да галоўных стартаў ужо пяцігодкі будзе каласальная.

Культура

Драматург Ксенія Шталянкова: Я думала — мяне разарве ад эмацыянальнай перанасычанасці

Драматург Ксенія Шталянкова: Я думала — мяне разарве ад эмацыянальнай перанасычанасці

П'еса, якой адкрыўся фестываль ТЭАРТ, прысвечана Мінскаму гета.

Грамадства

Час памятаць. Жыццёвы шлях Аляксандра Чарвякова — першага кіраўніка БССР

Час памятаць. Жыццёвы шлях Аляксандра Чарвякова — першага кіраўніка БССР

Сто гадоў таму ў верасні—кастрычніку 1920 года вакол беларускіх зямель разыгралася сапраўдная драма — у Рызе паміж Расіяй і Польшчай пачаліся перагаворы аб аддзяленні на карысць апошняй часткі тэрыторый Беларусі.