Вы тут

Шукаем свой сорт вінаграду. Як не заблытацца ў імёнах?


«Ванечка», «Лідзія», «Надзея», «Віктар», «Лёлік», «Біянка», «Вера», «Святлана», «Гаўрыіл», «Вераніка», «Ілья», «Аркадзія», «Цімур», «Асоль», «Алёшанька», «Назарый», «Атос», «Араміс», «Чарлі»... Не, гэта не імёны кіношных герояў ці малых у дзіцячым садку. Гэта назвы сартоў вінаграду, якія паспяхова растуць у Беларусі — іх я выпісвала падчас выстаўкі, што праводзілася летась у Самахвалавічах.


Уладзімір Усцінаў знаёміць з «сонечнай» калекцыяй

А пабачыць тут можна было ягады, што выспелі ў садах Інстытута пладаводства і на аматарскіх вінаградніках. Такога выбару вы б не знайшлі ні на адным беларускім кірмашы — больш за дзве сотні сартоў разнастайных колераў і адценняў, памераў, формаў і смакаў. Асобныя гронкі, прывезеныя на выстаўку, цягнулі на тры, а можа, і болей кілаграмаў.

Менавіта такія сустрэчы — а ладзяцца яны кожны год — дапамогуць больш даведацца пра пэўныя сарты. Тут можна, напрыклад, убачыць, які шыкоўны ўраджай дае «Вялес», як розняцца кішмішы «Ківін», «Спартанец», «Шарлота». Той, хто робіць з вінаграду напоі, напэўна зверне ўвагу на такія сарты, як «Дублянскі» (ён падыдзе для белага мускатнага віна), «Мускат летні», «Сталкер», «Біянка», «Кабернэ Нуар».

А чаму не пацікавіцца ў вінаградараў, якія расліны менш уразлівыя да хвароб, лягчэй перажываюць беларускія зімы і пры якіх умовах найлепш паказваюць сябе?

Будучым садаводам трэба ўлічыць шмат нюансаў: колькі раслін вы зможаце размясціць на сваім участку, як будзеце іх даглядаць, ці гатовы ўкрываць на зіму (большасці сартоў гэта неабходна), як будзеце фарміраваць расліну (магчыма, жадаеце, каб яна, як падрасце, вілася па альтанцы), дзе будуць размяшчацца апоры (ліяне без іх ніяк не абысціся, да таго ж асабліва ўраджайным сартам спатрэбіцца і дадатковая дапамога, вам давядзецца падвязваць цяжкія гронкі). Важна ўлічыць і тэрміны выспявання. Так, сталовыя сарты не паспеюць дайсці ў адкрытым грунце (каб даць ім больш часу, лепш іх садзіць у цяпліцах ці звычайных плёначных парніках). Ды і для якіх мэт вы будзеце вырошчваць сонечную ягаду? Проста, каб ад'есціся ўдосталь, ці каб зрабіць сок, віно, разынкі? А ёсць яшчэ сарты, якія могуць доўга захоўвацца, некаторыя — нават да Новага года.

На выставе ў Самахвалавічах.

Навічкам трэба ведаць, што асобны сорт можа прадавацца пад рознымі назвамі. А часам, наадварот, імёны супадаюць у розных сартоў.

Наогул на сёння ў Беларусі расце каля тысячы сартоў і гібрыдаў. І селекцыя не стаіць на месцы. Актыўна над вывядзеннем новых формаў працуюць нашы блізкія суседзі — Расія і Украіна. Робяць свой унёсак у гэту справу і аматары, яны ж спрыяюць прасоўванню новых сартоў на наш рынак.

На навінках можна рабіць бізнес — асабліва апантаныя вінаградары часам гатовы за нашумелыя сарты выкласці і пад сотню долараў, і гэта пры тым, што яшчэ невядома, як сябе гэтая расліна надалей пакажа. Некаторыя аматары прызнаюцца, што часам ім даводзіцца пазбаўляцца ад тых раслін, якія не апраўдалі надзей. Навошта трымаць кусты, якія даюць дрэнны ўраджай (альбо ў іх дробныя ці кіслыя ягады, ці яны моцна хварэюць), калі на гэта месца можна пасадзіць іншыя — больш прадукцыйныя і ўстойлівыя.

Дарэчы, у Мінску пры Палацы ветэранаў працуе клуб вінаградараў. Тут можна атрымаць багата рознай інфармацыі, якая датычыцца вырошчвання сонечнай ягады, абмяняцца кантактамі і замовіць на будучыню ўпадабаныя расліны (чаранкі). Сачыце і за абвесткамі Інстытута пладаводства ў Самахвалавічах: на семінары, лекцыі, майстар-класы варта завітаць не толькі пачаткоўцам, але і вопытным садаводам. Тым больш што на такіх сустрэчах вас завядуць непасрэдна ў сады (яны прызнаныя нацыянальным здабыткам краіны), і вы на ўласныя вочы ўбачыце, як праяўляюць сябе канкрэтныя расліны. Самі з секатарам паўдзельнічаеце ў абрэзцы лазы вясной, а ўвосень зможаце проста з кустоў прадэгуставаць ягады. Дарэчы, вінаграднікі інстытута займаюць паўтара гектара. У калекцыі больш за 500 сартоў! Вучоныя гадамі назіраюць за тым, як паводзяць сябе «перасяленцы» з іншых краін і могуць падказаць, з якімі заморскімі сартамі вінаграду лепш мець справу.

Колькі заважыць такая гронка?

— Тое, што выжывае ў нас, тым больш будзе расці і ў прыватніка, — кажа навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур Інстытута пладаводства НАН Беларусі Уладзімір Усцінаў.

Нават укрыццё апошнім часам вучоныя робяць умоўнае — два гады запар не выкарыстоўвалі салому, абмяжоўваліся вядром пілавіння на аснову куста. Справа ў тым, што вінаграднік даглядае ўсяго пара чалавек, і гэта на тры тысячы «гадаванцаў». Натуральна, не кожная расліна атрымлівае столькі ўвагі, як трэба. А вінаград — культура капрызная, але чым больш ёй дагаджаеш, тым больш яна дзякуе ўраджаем.

Не здзіўляйцеся, калі побач з вінаграднай лазой убачыце ружы — тут іх спецыяльна саджаюць, каб не прапусціць «атаку» мучністай расы. На ружах хвароба праяўляецца на 2—3 дні раней. А значыць, пакуль яна не пашкодзіла вінаграднікі, можна паспець правесці адпаведныя апрацоўкі.

У Інстытутце пладаводства абыходзяцца мінімальнай колькасцю прэпаратаў. Вясной у красавіку па спячай лазе робіцца выкараняльная апрацоўка (азафосам, медным купарвасам, бардоскай вадкасцю). Другая апрацоўка (комплексная ад несапраўднай і сапраўднай мучністай расы) прыпадае на канец мая — пачатак чэрвеня перад цвіценнем. Яе сумяшчаюць с пазакаранёвымі падкормкамі. Трэцяя — пасля цвіцення (ліпень), чацвёртая — у кастрычніку ці пасля замаразкаў (3—5%-ным растворам мачавіны, салетры), яна дапамагае знішчаць споры грыбкоў.

Традыцыйныя ж вінаграднікі ў прамысловых маштабах апрацоўваюцца каля 20 разоў за сезон.

Уладзімір Усцінаў дзеліцца сваім сакрэтам — яму ўдалося разжыцца чаранком унікальнага сорту японскай селекцыі «Рымскі рубін» (Ruby Roman). Расліна прыжылася, але плоданашэння трэба дачакацца ў наступныя гады. Цікава, як яна праявіць сябе — вядома, гэтаму «скарбу» патрэбны цяплічныя ўмовы. На сёння такія «рубіны» — адны з самых дарагіх сартоў у свеце. Гронкі прадаюцца ад 700 еўра. Кожная ягада (яна памерам з мячык для пінг-понга) штампуецца.

Ружа-«індыкатар» падказвае, калі трэба апрацоўваць вінаграднікі.

Калекцыю вінаграду інстытут пачаў закладваць 10 гадоў таму, прычым раслінам «дасталіся» даволі бедныя землі, але вучоныя бачаць цудоўныя вынікі і даказваюць, што гэта паўднёвая культура сапраўды сёння выдатна адчувае сябе ў Беларусі. Мы маглі б забяспечваць рынкі прыгожымі, салодкімі ягадамі. Варта сур'ёзна падумаць і пра развіццё тэхнічнага вінаградарства, тым больш што ў сувязі са змяненнямі клімату «класічным» вінаградарскім краінам стане цяжэй вырошчваць сонечныя ягады.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.