Вы тут

Лётчыкі пасадзілі самалёты на аўтадарогу


Адзін з першых аб’ектаў, які трапляе пад удар высокадакладнай зброі ў сучасным ваенным канфлікце, — гэта аэрадромы. Таму, каб размеркаваць і вывесці з-пад удару авіяцыю, выкарыстоўваюцца ўчасткі аўтадарог. Між іншым, іх і праектуюць у многіх краінах свету для таго, каб іх можна было пераабсталяваць пад палявыя аэрадромы, на якіх можна абслугоўваць самалёты і верталёты. Гэты досвед ёсць у многіх краінах, сярод якіх і еўрапейскія — Германія, Швецыя.


Савецкая авіяцыя асвоіла гэты кірунак яшчэ ў лютым 1945 года — для баявых вылетаў выкарыстоўваліся нямецкія аўтабаны. У Беларускай вайсковай акрузе росквіт пасадак на аўтадарогах прыйшоўся на 60-я і 70-я гады. Але яны былі пастаўлены на паўзу разам са знікненнем СССР. З усёй постсавецкай прасторы яны захаваліся на вучэннях толькі ў ваенна-паветраных сіл Украіны.

Час ішоў, і ў 2007 годзе падрыхтоўка нашага лётнага складу да выкарыстання аўтадарог аднавілася. А ў 2016-м штурмавік Су-25 паспяхова сеў на аўтадарогу ўначы — упершыню на тэрыторыі экс-СССР.

Цяпер гэты складнік неад’емны падчас вучэнняў з удзелам авіяцыі і войскаў проціпаветранай абароны. Ды і экіпажаў, якія ўмеюць гэта рабіць, з кожным годам усё больш. Свае навыкі вайскоўцы 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы і 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў ППА паказалі сёння падчас аператыўна-тактычнага вучэння.

Самалёты МіГ-29, Су-25, Як-130 і Л-39 паспяхова селі на аэрадромны ўчастак дарогі аўтамабільнай трасы М1 Мінск-Брэст каля вёскі Чамялы. Там яны падрыхтаваліся да паўторнага вылету і нанеслі авіяцыйны ўдар па наземных цэлях на аэрадроме Ружаны. Перад тым, паводле легенды, пазіцыі на шашы атакавала дыверсійна-разведвальная група праціўніка. Задачы па прыкрыцці раёну палётаў і ўчастка дарогі ад сродкаў паветранай атакі праціўніка выконвалі знішчальнікі Су-30СМ і зенітныя ракетныя комплексы Тор-М2.  Верталёты Мі-24 і Мі-8МТВ-5 50-й змяшанай авіяцыйнай базы супрацьстаялі дзеянням незаконных узброеных фармаванняў. Медыцынскі модуль апошняга забраў з поля бою ўмоўнага параненага.

— Сёння быў адпрацаваны шэраг тактычных задач, — зазначыў камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны генерал-маёр Ігар Голуб, пад кіраўніцтвам якога і праводзіцца аператыўна-тактычнае вучэнне. — Разлікі па ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп праціўніка працавалі як з зямлі, так і з паветра. Задачы выкананы, умоўны праціўнік быў выціснуты. Пасадку на дарогу выканалі самалёты, якія праводзілі расчыстку паветранай прасторы. Зараз да самалётаў падвешваюцца боепрыпасы і іх запраўляюць палівам для выканання далейшых задач. Змяшаная ўдарная група, якая складаецца з чатырох самалётаў, атрымлівае каардынаты стацыянарнай цэлі для яе паражэння. Мы мусім адпрацаваць спецыяльныя тактычныя прыёмы, якія павысяць патэнцыял авіяцыі. Уплыў на аэрадынаміку робіць і густы лес.

Адметнасць сённяшніх вучэнняў — тое, што пасадку на аўтадарогу ўпершыню выканаў курсант 4 курса авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі. Гэта быў радавы Арцём Чарніцкі. Зрабіў ён гэта на вучэбна-трэніровачным самалёце Л-39.

— Палёт аказаўся вельмі хвалюючым, — дзеліцца вайсковец. — Яго можна параўнаць толькі з самым першым у жыцці. Поспех любога палёту закладваецца на зямлі, і лётнае майстэрства складаецца з дзвюх частак, як і іншыя дысцыпліны — тэорыі і практыкі. Тэорыі нас вучаць выкладчыкі са шматгадовым практычным стажам. І як бачым, узровень падрыхтоўкі дазваляе выканаць такую складаную задачу, як пасадку на аэрадромны ўчастак дарогі. Калі саджаеш самалёт на аэрадром, ты ведаеш кожны арыенцір, дапамагаюць і тэхнічныя сродкі. На дарозе гэтага няма. Мясцовасць цалкам незнаёмая, вакол толькі лес. Таму трэба быць максімальна сканцэнтраваным, а кожнае дзеянне — гранічна вывераным.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.