Вы тут

Штогод з 16 да 22 верасня праводзіцца Eўрапейскі тыдзень мабільнасці


У Беларусі да акцыі далучылася больш за 60 населеных пунктаў.

Гэтая акцыя нагадвае пра негатыўны ўплыў аўтамабіляў на навакольнае асяроддзе і заахвочвае людзей карыстацца альтэрнатыўнымі сродкамі перамяшчэння.


Фота: kto-chto-gde.ru

Сярод забруджвальнікаў атмасфернага паветра першае месца займаюць выкіды ад аўтатранспарту. Яны ўтрымліваюць шмат рэчываў, шкодных для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя. Калі нават частка кіроўцаў адмовіцца ад аўтамабіляў хоць бы на адзін дзень, паветра гарадскіх вуліц стане крыху чысцейшае.

Кожны раз Eўрапейскі тыдзень мабільнасці засяроджваецца на пэўнай тэме, звязанай з устойлівай мабільнасцю. Сёлета абвешчана тэма: «Мабільнасць без шкодных выкідаў» пад слоганам «Выбірай, на чым перамяшчацца!» Стымулююцца прагулкі на роварах і пехатой, а таксама карыстанне грамадскім транспартам з нізкім узроўнем або адсутнасцю шкодных выкідаў.

Зараз у Eўрапейскім тыдні мабільнасці ўдзельнічаюць 2306 гарадоў з 41 краіны. У Беларусі да акцыі далучыліся 63 населеныя пункты. Наша сталіца бярэ ў ёй удзел пяты раз.

Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацаваў план мерапрыемстваў Eўрапейскага тыдня мабільнасці ў Мінску, у тым ліку гарадской экалагічнай акцыі «Дзень без аўтамабіля».

  • Сумесна з Цэнтрам экалагічнага выхавання і развіцця будзе адкрыты веламаршрут па экасцежках у Заводскім і Ленінскім раёнах сталіцы.
  • Пройдзе выстаўка «Транспарт 100 гадоў таму», якая будзе прапагандаваць беражлівае стаўленне да гарадскога асяроддзя і персанальныя экалагічныя сродкі перамяшчэння (ровары, самакаты, электратранспарт).
  • Традыцыйнай стане акцыя «На работу — на ровары!». У шасці месцах горада веласіпедзісты змогуць бясплатна пачаставацца гарбатай, кавай, садавіной і атрымаць інфармацыйныя матэрыялы пра Eўрапейскі тыдзень мабільнасці.
  • 21 і 22 верасня на вуліцах Мінска будуць зроблены эксперыментальныя замеры канцэнтрацыі рэчываў-забруджвальнікаў у атмасферным паветры і ўзроўню шуму.
  • Фінальным этапам Eўрапейскага тыдня мабільнасці стане Дзень без аўтамабіля, які праводзіцца ва ўсім свеце 22 верасня. У гэты дзень, адпаведна рашэнню Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў № 226 от 29 ліпеня 2020 года, уладальнікі асабістых аўтамабіляў змогуць бясплатна скарыстацца наземным грамадскім транспартам і метрапалітэнам. Але ім трэба абавязкова мець пры сабе пасведчанне кіроўцы і тэхнічны пашпарт на аўтамабіль.
  • Таксама 22 верасня адбудзецца велапрабег, прысвечаны Дню без аўтамабіля, з удзелам прадстаўнікоў кіраўніцтва Мінгарвыканкама і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У межах акцыі выконваюцца работы для паніжэння бартавога каменя ў месцах з найбольш інтэнсіўным веласіпедным рухам і ўладкаванне велапарковак.

Eўрапейскі тыдзень мабільнасці будзе шырока асвятляцца ў сродках масавай інфармацыі. Адпаведныя мерапрыемствы пройдуць у навучальных установах. Цікавыя падзеі рыхтуюцца ў кожным раёне сталіцы.

Фота: pozdravіk.com

Магчыма, дзякуючы акцыі некаторыя аўтааматары задумаюцца, ці неабходны ім штодня персанальны транспарт. Насамрэч для паездак па горадзе больш танным і зручным варыянтам могуць стаць метро, электробус ці ровар. А на кароткія адлегласці карысна прайсціся пешшу.

Увогуле ж Еўрапейскі тыдзень мабільнасці — добрая нагода, каб болей шпацыраваць і займальна бавіць вольны час, пакуль прырода адорвае нас бабіным летам. Давайце падтрымаем міжнародную акцыю і 22 верасня пакінем аўтамабілі ў гаражах. Зробім свядомы крок да паляпшэння гарадскога асяроддзя!

Святлана ІШЧАНКА

Загаловак у газеце: Няхай аўтамабілі адпачнуць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.