Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi


У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў. Удзел у iх бяруць прадстаўнiкi розных ведамстваў, якiя так цi iнакш задзейнiчаюць чатырохногiх памочнiкаў. Адзiн з этапаў спаборнiцтваў прайшоў на базе Рэспублiканскага атрада спецыяльнага прызначэння Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Беларусi — менавiта пры iм дзейнiчае адмысловая кiналагiчная служба. Задача на сабак тут ускладаецца вельмi адказная: знайсцi пад заваламi жывых людзей. А як гэта адбываецца, на свае вочы пабачылi карэспандэнты «Звязды».


...З ратавальнiкам-кiнолагам Цэнтра пошукава-выратавальных работ i пажаратушэння Рэспублiканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС Вiталем Арловым мы сустракаемся на паласе перашкод. Тут яго выхаванец — васьмiгадовы лабрадор па мянушцы Габрыэла — праходзiць цераз лесвiцы, трубы, упэўнена бярэ бар'еры. На Габрыэлу глядзiць маладое шчанё па мянушцы Тая. I спрабуе да яе прарвацца. Таi ўсяго чатыры месяцы.

— Спачатку Габрыэла жудасна раўнавала. Я ж памятаю, якой я яе прынёс сюды ўпершыню. Гэта было маленькае двухмесячнае безабароннае шчанё. Менавiта ў такiм узросце выяўляюцца пэўныя задаткi, якiя пасля мусiць развiць кiнолаг. I з таго часу мы з ёй заўжды разам. Але нiчога, два лабрадоры звыклiся i нават гуляюць разам. Трэнiроўкi ў нас iдуць па шэсць гадзiн у дзень. На першы погляд, гэта шмат, але сабака, з якiм ходзiць кiнолаг, мусiць быць вельмi вынослiвы. Справа ў тым, што калi кiналагiчны разлiк выязджае на пошук людзей, то мы можам сутыкнуцца з якой заўгодна мясцовасцю. Лес, палi, мелiярацыйныя каналы... I пошукi чалавека могуць доўжыцца не адну гадзiну.

Вiталь Арлоў прапаноўвае паказаць, як сабака можа знайсцi пацярпелага ў завале. Ролю апошняга выконвае iмправiзаваны «трэнажор» — калi яго можна так назваць. Гэта бетонныя блокi, якiя навалены адзiн на другi. Але пры гэтым там ёсць некалькi месцаў, дзе можа схавацца чалавек. Пераканаўшыся, што iмправiзаваны «асiстэнт» схаваўся належным чынам i сабака яго не бачыць, кiнолаг адвязвае Габрыэлу i дае каманду «Шукай!». Лабрадор пачынае iсцi па блоках без якойсьцi боязi. I праз некаторы час, засунуўшы нос у чарговую адтулiну, чатырохногая памочнiца сядае i пачынае брахаць. I сапраўды, менавiта тут i схаваўся «асiстэнт». А ў якасцi ўзнагароды Габрыэла атрымала смачны шарык.

— Але мы правялi сённяшнi занятак, так бы мовiць, па скарочанай праграме. Вось давайце ўявiм сабе рэальную сiтуацыю абрушэння дома. На сабачы нос будуць уплываць i iншыя пахi — хоць бы ад прадуктаў харчавання i чужых прадметаў. Вось мы i раскладваем пакуначкi з ежай, каб прывучыць сабаку на iх не рэагаваць. Усё-такi ў падобных сiтуацыях дарагая кожная секунда.

Габрыэла — другi сабака ў Вiталя Арлова. Ён працуе кiнолагам ужо больш за сямнаццаць гадоў. Як згадвае ратавальнiк, ён любiў працаваць з сабакамi яшчэ да службы ў войску, пасля якой i прыйшоў у Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях.

Самы першы баявы выезд у Вiталя Арлова адбыўся яшчэ ў студзенi 2004 года. Пунктам прызначэння стала Краснаполле. А дакладней — мясцовая школа, дзе пад цяжарам снегу абвалiўся дах спартыўнай залы. Пад заваламi тады загiнуў настаўнiк фiзкультуры i трое вучняў.

— Я знаходзiўся дома пасля дзяжурства, — успамiнае Вiталь Арлоў. — Раптам каля дзясятай гадзiны ранiцы мне тэлефануюць i пытаюцца, цi дома я i цi са мной сабака. Справа ў тым, што мы часам бяром з сабой нашых памочнiкаў з вальераў — яны павiнны прывыкаць у тым лiку i да перамены абстаноўкi. Калi яны будуць заставацца ўвесь час тут, то не будуць апасацца толькi гэтых самых вальераў. А так яны прывыкаюць да транспарту, лiфтаў, лесвiц.

Дык вось, на абодва пытаннi я адказаў сцвярджальна. У трубцы пачулася: «Чакай, па цябе прыедуць». I больш нiякай iнфармацыi не было. Нас прывезлi на аэрадром. Тут я зразумеў, што адбылося нешта сур'ёзнае. Ужо падчас палёту даведаўся, што ляцiм у Краснаполле. У самой школе я падняўся на другi паверх, каб ацанiць абстаноўку i зразумеў, што ўсё вельмi складана. Людзi спрабавалi разабраць завалы рукамi. А ў маiм выпадку яны б перашкодзiлi рабоце сабакi, таму я папрасiў iх усiх выйсцi. I настала такая цiшыня, што я чуў, як на гарачых лямпах раставалi сняжынкi…

Вiталь Арлоў тады дзякуючы чатырохногаму памочнiку знайшоў тры месцы, дзе маглi знаходзiцца людзi. Так яно i аказалася — але школьнiкам ужо нiчым нельга было дапамагчы...

Спецыфiка сабак, якiх выкарыстоўваюць кiналагiчныя разлiкi ратавальнiкаў, у тым, што ў iх павiнна цалкам адсутнiчаць агрэсiя. Менавiта таму выбар выпаў на лабрадораў. Тым больш што яны цудоўна паддаюцца дрэсiроўцы i цалкам паслухмяныя свайму гаспадару.

Праўда, бывае так, што кiнолаг i сабака не «ўжываюцца». Зрэшты, гэта бачна па некалькiх першых месяцах паводзiн, калi абодва члены разлiку «прыцiраюцца» адзiн да аднаго.

— «Прышчапiць» нейкiя якасцi сабаку нельга. Яны або ёсць ад прыроды, i тады трэба iмкнуцца iх развiць, або iх няма. Сабака мусiць быць паслухмяны да такой ступенi, каб нават аддаць сваю ўлюбёную цацку.

— «А ну, выплюнь мячык!» — звяртаецца кiнолаг да свайго выхаванца. Не хочучы, але Габрыэла выпускае з зубоў чырвоны мячык з ланцужком...

* * *

Кiналагiчны разлiк, пра якi мы расказвалi, для Беларусi ўнiкальны. Справа ў тым, што Габрыэла — дыпламаваны сабака-тэрапеўт. Разам з Вiталем Арловым яна перыядычна ездзiць да дзяцей у прытулкi, спецыялiзаваныя цэнтры. Догатэрапiя — гэта псiхатэрапеўтычная методыка. Дзякуючы ёй у дзяцей паляпшаюцца маторыка i рухальныя функцыi. А малыя з нестандартнымi асаблiвасцямi развiцця лепш адаптуюцца ў грамадстве.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ

Загаловак у газеце: Вiталь i яго Габрыэла

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.