Вы тут

На Гомельшчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу «Ратавальнік года»


Узнагароды ўручыў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей.


У намінацыі «За высокі прафесіяналізм, праяўлены пры выратаванні людзей» узнагароды атрымалі пяць жыхароў рэгіёну. Яны не з’яўляюцца работнікамі МНС, але праявілі адвагу і змаглі выратаваць жыцці людзей.

— Не кожнаму гэта дадзена. Ніхто з вас не думаў пра гераізм. Стаяла задача — выратаваць жыццё чалавека, які трапіў у бяду. Мы вамі ганарымся. Вы сапраўдныя героі, — звярнуўся да прысутных губернатар.

Ганаровага звання «Ратавальнік года» ўдастоены Сяргей Рагавой, які летась 2 чэрвеня выратаваў дваіх дзяцей (2012 і 2016 гадоў нараджэння) на пажары дома ў Лельчыцкім раёне. Максім Ляўковіч увечары 11 чэрвеня мінулага года ў Калінкавічах выратаваў з палаючага дому мужчыну. У вёсцы Карані, што ў Светлагорскім раёне, летась 11 ліпеня Генадзь Сцепаненка выратаваў траіх чалавек — жанчыну і яе дваіх дзяцей. Як вядома, ноччу ён убачыў, як загараецца дах суседняга дома, пабег, разбудзіў гаспадыню, адправіў яе на вуліцу і кінуўся шукаць дзяцей. Летась у Гомелі з кватэры, у якой разгараўся пажар, двух маленькіх хлопчыкаў вынесла Крысціна Ліснер. Яна наведвала сваіх хрэснікаў, у пад'ездзе было моцнае задымленне, жанчына дзейнічала рашуча. Мужнасць у экстрэмальнай сітуацыі праявіў Аляксандр Чарноў, які 17 снежня мінулага года ў райцэнтры Ветка праз акно змог трапіць у палаючы дом, знайшоў там мужчыну і выратаваў яго.

Як адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Дзічкоўскі, усяго ў 2020 годзе ў 12 надзвычайных сітуацыях, жыцці людзей удалося выратаваць дзякуючы рашучым відавочцам.

Між тым у намінацыі «За асабісты ўклад у работу па прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці і развіццю добраахвотніцтва» ўзнагарод удастоены дырэктар цэнтра экалагічнага турызму «БелАджыа» Васіль Антонаў, дырэктар сярэдняй школы № 17 імя Франсіска дэ Міранды Гомеля Таццяна Герасёва, загадчык ясляў-саду № 47 Гомеля Ірына Зініна, а таксама загадчык сектарам падрыхтоўкі інфармацыйных праграм РУП РТЦ «Тэлерадыёкампанія „Гомель“» Вольга Канавалава.

Асобныя падзякі прагучалі ў адрас членаў назіральных камісій, якія найбольш актыўна імкнуцца фарміраваць і папулярызаваць бяспечнае грамадства.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.