Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя цікавыя спартыўныя падзеі.


Гераіня тыдня. Лёгкаатлетка Ірына Жук падчас выступлення на міжнародным турніры па скачках з шастом All Star Perche у французскім Клермон-Феране перапісала нацыянальны рэкорд у памяшканні. За тры дні да гэтага спартсменка пакарыла вышыню ў 4,67 метра і заваявала пуцёўку на зімовы чэмпіянат свету — 2022. Але 27 лютага Ірына з першага выхаду ў сектар узяла 4,68 метра, удасканаліўшы ўласнае дасягненне. А затым з трэцяй спробы ёй пакарылася вышыня ў 4,73 метра. Так за адно выступленне Ірына Жук двойчы перапісала нацыянальны рэкорд. У выніку на турніры яна заняла другое месца, уступіўшы брытанцы Холі Брэдшоў, якая скокнула на 4,78 метра.

Герой тыдня. Беларускі форвард Ягор Шаранговіч закінуў сваю шайбу ў рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі. Але яго камандзе «Нью-Джэрсі Дэвілз» гэта не дапамагло перамагчы ў матчы супраць «Вашынгтон Кэпіталз», вынік сустрэчы — 2:3. Усяго Ягор правёў на лёдзе 14 хвілін 47 секундаў. Пасля 15 гульняў у складзе «Нью-Джэрсі» ў яго актыве тры галы і адна рэзультатыўная перадача.

Каманда тыдня. Хакейны клуб «Дынама-Мінск» выйшаў у плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. Гэта стала магчыма дзякуючы перамозе фінскага «Ёкерыта» над «Віцязем» (5:1), які пазбавіўся нават тэарэтычных шанцаў на тое, каб апярэдзіць «зуброў» у турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. У першым раўндзе плэй-оф мінчане сустрэнуцца з піцерскім СКА. Першыя дзве сустрэчы клубы правядуць 2 і 4 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу, а затым 6 і 8 сакавіка сустрэнуцца на лёдзе «Мінск-Арэны».

Раней мінскае «Дынама» чатыры разы ўдзельнічала ў плэй-оф КХЛ: у сезонах 2010/2011, 2011/2012, 2014/2015 і 2016/2017. Крэйг Вудкрафт стаў другім трэнерам у гісторыі клуба, які двойчы выводзіў каманду ў плэй-оф.

А рэгулярны чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі «Дынама-Мінск» скончыла паражэннем ад галоўнага фаварыта турніру СКА з Санкт-Пецярбурга. Вынік выязнога матча 2:4. У 60 праведзеных у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ матчах «зубры» набралі 67 балаў і занялі 7-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Найлепшым бамбардзірам каманды стаў нападаючы Шэйн Прынс.

Рэкорды тыдня. Падчас адкрытага чэмпіянату Латвіі па плаванні беларускі квартэт у складзе Настассі Куляшовай, Аліны Змушко, Аксаны Дзямідавай і Настассі Каракоўскай устанавілі нацыянальны рэкорд у камбінаванай эстафеце 4х100 метраў. Спартсменкі пераадолелі дыстанцыю першыя з вынікам у заплыве 4,09,08. Папярэдні нацыянальны рэкорд — 4,09,72 трымаўся з 2009 года. На гэтым жа турніры беларуска Аліна Змушко ўстанавіла нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 200 метраў — 2,25,93. Папярэдні рэкорд краіны ў гэтай дысцыпліне — 2,27,34 — устанавіла Іна Капішына на Алімпійскіх гульнях 2008 года.

Аб'ява тыдня. Міжнародная федэрацыя плавання абвясціла новыя даты правядзення чэмпіянату свету — 2021 па плаванні на кароткай вадзе. Турнір павінен быў прайсці з 13 да 18 снежня 2021 года ў Абу-Дабі, але старты найлепшых плыўцоў планеты адбудуцца з 16 да 21 снежня 2021 года.

Надзеі тыдня. У нямецкім Оберціліаху адбыўся чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў. Найлепшы вынік у беларускай камандзе паказала Юлія Кавалеўская. Яна заняла пятае месца ў індывідуальнай гонцы сярод дзяўчат. Юлія дапусціла тры промахі і ўступіла пераможцы Жанне Рышар з Францыі 1,36,3. Сярод беларускіх юнакоў найлепшы вынік паказаў Андрэй Гаўрош, які ў індывідуальнай гонцы фінішаваў чацвёрты. Андрэй да апошняга змагаўся за месца на п'едэстале, але ён дапусціў дзве памылкі на чатырох агнявых рубяжах.

Няўдача тыдня. Тэнісістка Юлія Гатоўка прайграла ў фінале турніру ІTF у Маскве. У вырашальным матчы супраць польскай тэнісісткі Урсулы Радваньскай беларуска прайграла з вынікам 6:4, 3:6, 4:6. На шляху да фіналу Юлія абыграла расіянак Кацярыну Маклакову, Валерыю Юшчанку і Настассю Захараву, а таксама прадстаўніцу Швецыі Жаклін Кабай Авад.

Поспехі тыдня. Беларускія баксёры выйгралі 12 узнагарод рознай вартасці на міжнародным турніры памяці Аляксея Юкава сярод спартсменаў 2002-2003 гадоў нараджэння, які праходзіў у Гомелі. Залатыя медалі заваявалі Кірыл Леванькоў (56 кг) і Андрэй Віктаровіч (75 кг). Серабро ў Андрэя Масалава (81 кг) і Віталя Астаніна (91). Бронзавымі ўзнагародамі адзначыліся Станіслаў Каранькоў і Максім Крупоўскі (абодва — 60 кг), Аляксандр Доўнар, Раман Маліноўскі (абодва — 64 кг), Станіслаў Шуплякоў і Уладзіслаў Морадзі (абодва — 69 кг), Аляксандр Пруднікаў (81 кг) і Максім Кудраўцаў (91 кг).

Турнір у Гомелі стаў для беларускіх спартсменаў ключавым этапам адбору на чэмпіянат свету ў гэтай узроставай катэгорыі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: «Дынама-Мінск» прабілася ў плэй-оф КХЛ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.