Вы тут

Школа імя С. І. Грыцаўца ажыццявіла самы вялікі набор вучняў на Брэстчыне


 

Доўгачаканы падарунак ад будаўнікоў напярэдадні Дня ведаў атрымалі юныя жыхары баранавіцкага мікрараёна Бараўкі — самага густанаселенага ў горадзе. 1 верасня ва ўрачыстай атмасферы тут адкрылі новую школу. Сярэдняя школа № 1 атрымала імя вядомага савецкага лётчыка, двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца. Сёння гэта самая вялікая школа ў Баранавічах. Тут будуць вучыцца 1700 дзяцей, і амаль кожны шосты з іх — першакласнік.


— Будаўнікі, прыкладаючы максімум намаганняў, увялі школу вельмі хутка: зроблена якасна, прыгожа і зручна. Прадугледжана ўсё неабходнае для атрымання добрых ведаў. У нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца адукацыі. Усё гэта робіцца для дзяцей, каб яны вучыліся і выраслі сапраўднымі людзьмі, годнымі грамадзянамі сваёй краіны, — адзначыў кіраўнік спраў Прэзідэнта — упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў. У падарунак ён уручыў школе сертыфікат на набыццё мультыборда.

Участак школы займае 3,2 га. Для догляду такой вялікай тэрыторыі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка падарыў навасельцам газонакасілку.

— У краіне сёння свята: дзеці ідуць у школу. У Брэсцкай вобласці больш за 170 тысяч навучэнцаў сядуць за парты, з іх каля 17 тысяч — першакласнікі. Для Баранавічаў, вядома, гэты дзень асаблівы, — сказаў губернатар. — Неўзабаве мы будзем адзначаць Дзень народнага адзінства. У гэтым паняцці закладзены вялікі сэнс. Мы, беларусы, ганарымся сваёй краінай. Малодшае пакаленне, думаю, прыкладваючы далоньку да свайго сэрца, будзе адчуваць тое ж самае, — сказаў Юрый Шулейка.

Па словах дырэктара школы Марыны Купцовай, на тэрыторыі мікрараёна Бараўкі сёння пражывае прыкладна 6000 дзяцей школьнага ўзросту. Да гэтага тут былі пабудаваны два дзіцячыя садкі, а вось школьных месцаў, шчыра кажучы, не хапала. І праблема будаўніцтва новай сучаснай школы была вельмі вострай. Да найбліжэйшых школ дзецям прыходзілася дабірацца на аўтобусе.

— Пагадзіцеся, што кожны з бацькоў жадае, каб школа была недалёка ад дома і дзеці маглі хадзіць туды пешшу, — падкрэсліла Марына Георгіеўна. — І вось у лютым мінулага года будаўнікі пачалі ўзводзіць у Бараўках новую ўстанову адукацыі. Генпадрадчыкам па гэтым аб’екце было баранавіцкае Будупраўленне-213, прымалі ўдзел і шматлікія субпадрадчыкі. Усе работы выконваліся ў адпаведнасці з графікам. Няма ў нас нараканняў і па якасці будаўнічых работ. Аб’ект атрымаўся проста цудоўны. За гэта мы вельмі ўдзячны будаўнікам!

Што датычыцца педагагічнага калектыву, то да яго фарміравання мы прыступілі ў пачатку 2021 года. Калі аб гэтым апавясцілі педагагічную грамадскасць горада, то адразу нам паступілі заявы ад настаўнікаў, якія пражываюць у гэтым мікрараёне. Астатніх запрашалі з іншых навучальных устаноў горада. На такія спецыяльнасці, як настаўнік малодшых класаў, альбо англійскай і рускай моў, нават прыйшлося праводзіць конкурс, бо ахвотных працаваць менавіта ў нашай школе было дастаткова шмат.

Як расказала дырэктар, многія жыхары мікрараёна: і дзеці, і іх бацькі — часта прыходзілі да школы, назіралі за ходам будоўлі. Унутр, безумоўна, трапіць яны не маглі. Упершыню бацькоў тых дзяцей, якія сёлета пайшлі ў першы клас (а такіх налічваецца 600) запрасілі ў жніўні на сход. І тое, што людзі ўбачылі, вельмі іх уразіла. Пагалоска аб выглядзе школы — знешнім і ўнутраным, вучэбным абсталяванні ды іншым хутка разнеслася па раёне. І адразу з’явілася шмат ахвотных навучаць дзяцей менавіта ў першай школе. Аднак задаволіць просьбы такой колькасці людзей адміністрацыя навучальнай установы не змагла. За школай замацаваная канкрэтная тэрыторыя. І дзяцей, якія замацаваны за іншымі школамі, запісвалі толькі пры наяўнасці свабодных месцаў. Так і атрымалася, што школа імя Грыцаўца ажыццявіла самы вялікі набор навучэнцаў ва ўсёй Брэсцкай вобласці. Напрыклад, тут налічваецца 10 першых класаў, 8 другіх і г. д. Увогуле, у першай школе могуць навучацца 1020 дзяцей у змену.

Фота: БелТА

— Але сапраўдны фурор адбыўся ў школе першага верасня, — працягвае Марына Георгіеўна. — Калі дзеці і іх бацькі пасля ўрачыстай лінейкі ўбачылі тыя ж дынамічныя падлогі, навучальныя пляцоўкі ў калідорах, тэлевізары, відэапраектары ў кожным кабінеце, камп’ютары, спартыўны комплекс і многае іншае, яны прыйшлі ў захапленне. А мы, настаўніцкі калектыў, падрыхтавалі і іншыя сюрпрызы. Да ўвагі дзяцей і бацькоў быў прадстаўлены цэлы шэраг экспазіцый. Напрыклад, прысвечаная 17 верасня — Дню народнага адзінства. Экспазіцыя твораў нашага настаўніка мастацтва Алены Шмырынай. Экспазіцыя пад назвай «Гісторыя буквара», дзе акрамя падручнікаў былі прадстаўлены рэчы, з якімі хадзілі ў школу дзядулі і бабулі сучасных навучэнцаў. Памятаю, як адзін маленькі хлопчык спытаў у настаўніцы: «А дзе гэта ўсё можна купіць?!» Адным словам, першага верасня ў нашай школе атрымалася сапраўднае свята, якім былі вельмі задаволены і дзеці, і іх бацькі.

Нягледзячы на тое, што ў школе ёсць шмат чаго цікавага, карыснага і нават незвычайнага, я лічу, што нашай самай значнай каштоўнасцю з’яўляюцца дзеці, якіх навучае выдатны — не памылюся, калі так яго ахарактарызую — педагагічны калектыў.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.