Вы тут

Беларускія спецслужбы будуць развіваць супрацоўніцтва з казахстанскімі калегамі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Камітэта нацыянальнай бяспекі Казахстана Карымам Масімавым.


Прэзідэнт адзначыў, што сустрэча са старшынёй КНБ Казахстана да месца, бо зараз збірае інфармацыю да перамоваў з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным 9 верасня. З ім плануе абмеркаваць сітуацыю і ў ЕАЭС, і асабліва ў Афганістане, а менавіта: як падзеі там уплываюць на постсавецкую прастору.

«Беларусы ў баку ад гэтага не засталіся і не застануцца. Таму я збіраю гэтую інфармацыю. Вы як чалавек інфармаваны, думаю, мне нешта раскажаце і падкажаце. Для нас гэта вельмі важна. Мы хочам у гэтай сітуацыі вызначыцца. Але я сказаў, што збіраюся прытрымлівацца лініі АДКБ па афганскім фактары», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што на Казахстан, Расію больш уздзейнічаюць працэсы, што адбываюцца на Бліжнім Усходзе, у Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, у Афганістане.

«Афганістан не адна бяда не абміне, бо гэта гіганцкая краіна. Намаганні і погляды туды звернуты сур’ёзныя. Мы і па Беларусі бачым. Нам у цэнтры Еўропы часам няпроста», — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае: яго задавальняе, як складваюцца адносіны спецслужбаў Беларусі і Казахстана.

«Усё, пра што вы дамовіцеся з нашым старшынёй (КДБ. — „Зв.“), мы будзем свята выконваць. Вы гэта павінны ведаць. Мы будзем разам працаваць там, дзе нам выгадна і дзе нам неабходна», — кажа кіраўнік краіны.

Ён акцэнтуе ўвагу, што з Казахстанам з даўніх часоў складваюцца добрыя адносіны. Ды і Карыма Масімава Прэзідэнт ведае, як вопытнага, надзейнага палітыка і супрацоўніка спецслужбаў.

«З усіх бакоў нам жыць разам, супрацоўнічаць і вырашаць агульныя праблемы, якія характэрны і для вас, і для нас. Хацелася б, каб па лініі спецслужбаў, як ва ўсіх краінах бывае, усталяваўся дадатковы канал сувязі, па якім мы будзем абмяркоўваць і прымаць рашэнні па больш чуллівых пытаннях», — падкрэслівае кіраўнік краіны.

Узгадаў Аляксандр Лукашэнка і аб сяброўскіх адносінах з былым Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым і перадаў яму і дзеючаму лідару краіны прывітанні.

«У вас выдатны Прэзідэнт. Нам крыху сумна без Нурсултана Абішавіча, і я Прэзідэнту Касыму-Жамарту Такаеву пра гэта сказаў. Сумна, бо ён быў душой нашай невялікай кампаніі. Але вам пашчасціла з Прэзідэнтам. У вас неабходна вучыцца сяброўскай рабоце ў імя народа і дзяржавы», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо дамовіўся з Прэзідэнтам Казахстана перагаварыць пра будучае на саміце ў Душанбэ 16-17 верасня.

У сваю чаргу Карым Масімаў расказаў, што перад прыездам у Беларусь быў на прыёме ў Нурсултана Назарбаева і Касыма-Жамарта Такаева, дакладаў пра ўзаемадзеянне са спецслужбамі Беларусі і пра будучую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Яны прасілі вам перадаць прывітанне. Касым-Жамарт Кемелавіч даў даручэнні, якія я хацеў бы з вамі абмеркаваць, напярэдадні вашай сустрэчы ў Душанбэ 16 верасня па лініі АДКБ. Я думаю, нам ёсць што абмеркаваць, паколькі мы сяброўскія краіны. У нас мэты і задачы адзіныя, сумесныя, і мы павінны адзін аднаму дапамагаць», — паведаміў старшыня Камітэта нацыянальнай бяспекі Казахстана.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.