Вы тут

Вера Полякова: «Я чалавек-стваральнік”


Пра што галоўнае ў сваім жыцці Вера Палякова хацела б распавесці чытачам часопіса? З такім пытаннем мы звярнуліся да нашай суразмоўцы. А яна, як ведаем, жыве адначасова нібы ў розных вымярэннях: як медыйная актрыса, тэлевядучая, кіраўніца тэатральнага праекту “ТриТформаТ”, дацэнт кафедры вакалу, сцэнічнай мовы і пластычных дысцыплін Акадэміі мастацтваў Беларусі. Да таго ж Вера і дачка, і жонка, і маці…


Артыстка, тэлевядучая Вера Палякова разам з мужам, Уладзімірам Макеем, Міністрам замежных спраў Беларусі, падчас папулярнай тэлеперадачы “Маркаў. Нічога асабістага”

Урэшце гаварылі мы пра жыццё, тэатральныя пастаноўкі, пра новыя фарматы яе тэатральных паказаў, пра мужа, дзяцей і сяброў... А таксама пра тое, чаму год 2020-ы быў вельмі важным у яе лёсе. І што жыць, не напружваючыся, для Веры ніяк немагчыма, бо гэта сумна і наогул — нецікава. Неяк адна з калег сказала пра Веру Палякову, што яна — сапраўдная знаходка для журналістаў: яркая, бойкая, харызматычная і вельмі адкрытая. Так і ёсць. У чым і мы пераканаліся, размаўляючы з Верай. І што яшчэ б дадалі ў пералік,  дык  гэта — шчы-расць. Непадробная прыродная яе якасць, якую не сыграеш проста так, нават маючы за плячыма дзясяткі роляў у тэатры і ў кіно: шчырасць альбо ёсць, альбо яе няма. Дык вось шчырасць Веры ёй вельмі да твару, яна да таго ж робіць артыстку чалавекам цёплым, сонечным, магнетычна прыцягальным.

—  Спадарыня  Вера,  псіхолагі  сцвярджаюць, што ўсе мы складзены з мноства розных асоб, так званых субасоб. Пра якую з іх хацелі б вы з намі пагаварыць больш падрабязна? Якая вам у сабе найдаражэйшая і чаму?

— Ой, не ведаю... На самой справе ўсё, што я раблю, у чым выяўляюся — мне падабаецца. Я настолькі люблю тое, чым займаюся, што не магу гэта хоць неяк прэпарыраваць. Мяне заўсёды здзіўляе, калі людзі кажуць: "Божа, як я стаміўся ці стамілася! Не хачу ісці на працу". Я таксама стамляюся, але ж я заўсёды хачу ісці і нешта рабіць. Нават у адпачынку не ляжу без працы на пляжы. Вядома, на лежаку знаходжуся, але адначасова складаю новыя праекты, праводжу перамовы, з кім-небудзь спісваюся. Не бывае ніводнага горада, у які б я проста прыехала і не дамовілася пра гастролі свайго тэатральнага праекта "ТриТформаТ". Плануецца ў мяне адпачынак, я еду і ўжо думаю: абавязкова там з кімсьці пазнаёмлюся, дамоўлюся пра гастролі. Да прыкладу, мне вельмі хацелася б паказаць свае спектаклі ў Піцеры. Чаму? Наша рэжысёр з Ціхвіна родам, гарадка пад Піцерам, дзе яна заканчвала ВНУ, а потым вучылася ў Сяргея Салаўёва ў Маскве. І для яе было б крута паказаць нашы спектаклі ў Піцеры.

Хоць выкладанне, хоць мой тэатр альбо Тэатр кінаакцёра, і кіно, і тэлебачанне — гэта  ўсё важныя часткі майго  жыцця.  І  канцэртная  дзей-насць таксама. Я ж бясконца вяду нейкія канцэрты, і сама ў іх выступаю, спяваю. Сёлета мы прадаўжаем "Цеплаходныя вечары". Летась, як навалілася пандэмія, не ведалі, куды сябе дзець. Я зрабіла 5 анлайн — два спектаклі, тры канцэрты, і падумала: усё, не магу больш анлайн! Трэба што-небудзь афлайн. І мы вынайшлі Музычныя вечары на цеплаходзе "Свислочь". Дамовіліся з людзьмі, якія ладзяць на ім прагулкі, пачалі выступаць. Аказалася, што адпачывальнікам гэта падабаецца! Па-першае, на свежым паветры як быццам і каронавіруса няма. Па-другое, зносіны цесныя. І па-трэцяе, там усё жывое: гук, спевы, рэакцыі, ніякіх дэкарацый. Ты імгненна рэагуеш на эмоцыі гледача. Прычым не ведаеш, хто сёння прыйшоў на цеплаход. У першы раз сабралося шмат людзей: месціцца там чалавек 30, было шмат і дзяцей. І мы з Арцёмам Давыдавічам — ён акцёр, іграе на гітары — пераглянуліся, кажу: а давайце выканаем для нашых дзяцей "Муху-цакатуху". І праспявалі казку цалкам. Усім спадабалася: дзецям і дарослым. Абсалютная імправізацыя! Звычайна ёсць нейкі сцэнарны план, якога прытрымліваемся. Але ў цэлым схільныя да імправізацыі. Выступаем там амаль кожную пятніцу.

Мінуты адпачынку падчас гастроляў у Батумі

— Атрымліваецца, вы як вандроўныя артысты?

— Так, толькі не вандруем, а плаваем. (Смяецца).

— А з вамі можна ўсім, хто пажадае, паплаваць?

— Так! Прыходзьце! З 7 да 9 вечара мы "ходзім у рэйс" кожныя 30 мінут: ад прычала ў Парку Перамогі, насупраць гатэля "Вікторыя", што на праспекце Пераможцаў. Там цеплаход і прапісаны, бачны з праспекта. Надвор'е сёлета выдатнае. Мы яшчэ летась анансавалі: на нашым цеплаходзе ніколі не бывае дажджу. Ні разу не намоклі! Хоць бывала і халаднавата, і ветрык здараецца. Плавалі 18 чэрвеня, потым 3 ліпеня. На Дзень Незалежнасці зрабілі ваенную праграму: 50 грамаў франтавых, кавалачак хлеба і кавалачак сальца... Мы заўсёды нешта прыдумваем. Падаем іншым разам бакал шампанскага. Ці сок, ці проста ваду разносім у бакалах. Дзяўчына прыходзіць, якая усё тое прыгожа робіць. Так што эксклюзіўныя жывыя вечары атрымліваюцца. Людзі пішуць удзячныя водгукі: "Зарад энергіі!.. Не жадаем сыходзіць!.. Нялёгка разыходзіцца!.." Нам гэта вельмі прыемна.

— Вера, вы заўсёды такая жывая выдумляльніца? З дзяцінства?

— Так, я заўсёды была такой актыўнай. І заўсёды хацела стаць артысткай. Спачатку спявачкай, а ў раннім дзяцінстве збіралася ў конюхі. Хацела жыць у вёсцы і там яшчэ выкладаць у музычнай школе. Марыла працаваць з дзецьмі. Пазней захацела стаць актрысай, паступіла ў Акадэмію мастацтваў. Але ўсё роўна жаданне выкладаць дзецям нікуды не дзелася. Цяпер у мяне ёсць і цэлая тэатральная школа "Алые паруса" — раней мы былі пры 16-й гімназіі, я там 4 гады выкладала, і год ужо мы адпрацавалі самі, без гімназіі. Сцэну, памяшканні арандавалі ў Канцэртнай зале "Мінск". Мае акцёры з "ТриТформаТа" выкладаюць. І адзін рэжысёр з Масквы Таццяна Самбук прыязджае. Яна ж і паставіла апошнія спектаклі.  Год мы завяршылі тым, што ігралі  з  Прэзідэнцкім аркестрам — яго малым складам — на сцэне Палаца Рэспублікі. Адыгралі музыкі дзве казкі з намі 1 чэрвеня — на Дзень абароны дзяцей. У зале былі ўдзячныя гледачы: са шматдзетных сем'яў, дзіцячых дамоў, з інтэрната ў Чэрвені (там дзеткі з асаблівасцямі развіцця). Мне было важна, каб дзеці са студыі ў тым удзельнічалі. Была поўная зала на 462 месцы, і гледачоў — яблыку няма дзе ўпасці.

Вечары на цеплаходзе “Свислочь”

— Атрымліваецца, усе вашы субасобы сябруюць між сабой...

— Абсалютна! Прычым адна ў другую перацякаюць. Я наогул не займаюся тым, што не падабаецца мне. А калі што не падабаецца — я ў тым не ўдзельнічаю.  Бывае,  і памыляюся,  але вельмі  рэдка.  І я хутка  разумею:  не, не  маё.  Усё, чым займаюся  ўвесь  час — усё тое ў першую чаргу мне дае задавальненне. А потым ужо прыносіць можа нейкія фінансавыя выгады... І я, смеючыся, часам кажу: я іду ў канцэрты, вяду іх, спяваю для таго, каб на вас усё аддаць, дарагія мае артысты, у тэатральным праекце "ТриТформаТ"... У мой праект я пастаянна ўкладваю грошы. Мару, што калі-небудзь і там нешта зараблю. Быў нават перыяд, калі адчувала сябе вольнаю — зарабляла, магла скарыстацца грашыма — ды прыйшла пандэмія. І я зноў пачала ўсё спачатку. Раней у мяне было неразуменне: — ну калі ж гэта скончыцца, чаму трэба пачынаць спачатку? — потым прыйшла ў сябе. І зразумела: год 2020-ы быў вельмі важным у маім лёсе. Ён мяне так выпрабаваў на трываласць! Эмацыйна вельмі многае для сябе зразумела. У тым ліку зацвердзілася ў тым, што ведала раней: няма для мяне нічога важней за сям'ю! І няма нічога важней за блізкіх людзей, тых, хто з табою побач. Ды і сяброў павінна быць раз, два тры — і хопіць. Усе астатнія — проста знаёмыя, калегі...

— Вам раней, відаць, хацелася ўсіх разам збіраць за адным сталом?

— Ва ўсялякім разе, мне здавалася, што сяброў у мяне значна больш. (Смяецца). Але мінулы год паказаў, хто ёсць хто. Са мной засталіся самыя блізкія, а ўсё астатняе — мішура. Я пра тое падрабязна расказвала ў тэлеперадачы Марата Маркава "Нічога асабістага", які запрасіў нас разам з мужам. Яна ёсць у запісу. Да таго ж я ў 2020-м навучылася спраўляцца з атакамі ў інтэрнэце, у сацсетках. Яны, атакі тыя, не забілі мяне, і не разбурылі — загартавалі. Я толькі стала больш моцнай. І ў 2021-ы выйшла з такімі праектамі, якіх не рабіў ніхто. Выпусціла ў пандэмію "Тры сястры" — спектакль, які адразу падняў мой праект на вельмі высокі ўзровень: гэта ўзровень "Золотой маски", Піцера, Масквы, іншых тэатральных цэнтраў за межамі Беларусі. Я сыграла ў Новы год, калі ўсе "памерлі", гэта значыць ніхто нічога не рабіў, 53 навагоднія казкі! Праўда, пытанне: што я на тым зарабіла? Прызнаюся: ні-чо-га! Але затое ўсе мае артысты, 60 чалавек — а ў мяне было дзве пляцоўкі (Малая зала Палаца Рэспублікі ды Вялікая зала ў Канцэртнай зале "Мінск") былі пры справе. Усе мае службы зарабілі. Лічу, што галоўнае — я ўтрымала калектыў на плыву, страціла толькі адну актрысу: выявіліся ў яе іншыя погляды на жыццё. Але рассталіся з ёй мірна…

Спектакль "Тры сястры"  з поспехам прайшоў у Маскве

— Нам блізкая ваша пазіцыя, спа-дарыня Вера! Не варта скідваць усё ў адну кучу,  варта выбіраць  прыярытэты, расстаўляць ак-цэнты. Мабыць, гэта ж і ёсць важ-ная частка жыцця любога чалавека...

— Так! Дарэчы, гэта яшчэ прыкмета нашай сацыяльнай сталасці, жыццёвай мудрасці, прафесіяналізму. Што да маёй сітуацыі, то я змагла збберагчы калектыў і зрабіць шмат новых работ. 8 Сакавіка мы сыгралі "Княжну Мэры". І гэта яшчэ раз узнесла нас да творчых вышынь. Ніхто раней не рабіў спектакль у Вялікай зале Палаца Рэспублікі ды не збіраў там 8 Сакавіка поўную залу. Поўная зала! Артысты выйшлі — і не паверылі. Не чакалі, што такое можа быць. Так, мы стаміліся. Было вельмі цяжка. Але на сцэне сядзеў увесь аркестр. Мы знайшлі цудоўнага аператара на тэлеканале АНТ — я ж не ведала, што такія таленты, як Аляксандр Крывецкі, побач працуюць. Патрэбен быў аператар для SD-камеры, каб глядач і далей за трэці рад у Палацы Рэспублікі разумеў, што ж адбываецца на сцэне. Што гэта спектакль, а не канцэрт, не песні, не скокі. Так, спектакль — але з выкарыстаннем аркестра, як важнага музычнага складніка. Дык вось гэты аператар з рэжысёрам Таццянай Самбук зрабілі такі сімбіёз, шматслаёвы відэашэраг! Гэта як святочны пірог з пластамі розных сэнсаў і эмоцый атрымаўся. Вось іграе жывая музыка — увесь аркестр. Вось жывая акцёрская ігра на авансцэне. Мы сядзім спіной да гледача, але камера заходзіць так, што буйнымі планамі бачныя ўсе нашы твары, і як выяўляюцца пачуцці. Што мы перажываем, калі тая ці іншая сцэна іграецца. Бачна таксама, як мы ставімся да яе герояў. Потым гледачы казалі мне: ніколі нічога лепшага яны ў сваім жыцці не бачылі. Гэта была першая прэм'ера — і адразу ў Вялікай зале. Нам хацелася зрабіць гэта маштабна, моцна, вось так: у-вау!

Сцэна са спектакля “Княжна Мэры”. Вера Палякова ў ролі княгіні Лігаўской

— Дык гэта ж новы фармат пастановачнага дзеяння ў вас і атрымаўся, вы яго сінтэзяавалі... З выкарыстаннем новых тэхналогій.

— Абсалютна так! І мы потым перайшлі на Малую сцэну іграць, але захавалі гэтую аператарскую працу. Цяпер у нас на сцэне працуе 12 музыкантаў, а не ўвесь аркестр пад сотню чалавек. Але ўсё роўна жывы гук ёсць. Працуем у поўную сілу. Гэта вельмі дарагі для мяне спектакль.

— Як маскоўская публіка ўспрыняла вашыя спектаклі?

— Вельмі пазітыўна. І "Тры сястры", і "Княжну Мэры". І добрыя артыкулы выйшлі. Пасля "Трох сясцёр" месяц прайшоў, мы і "Княжну" выпусцілі, а там артыкулы ўсе выходзілі хвалебныя пра тое, што беларусы нарэшце прывезлі нешта вартае ўвагі. У Маскве тады ў сувязі з пандэміяй тэатры не збіралі гледачоў — па чалавек 50 толькі набіралася, мы ж у поўнай зале на 215 месцаў ў Дзелавым і культурным цэнтры Пасольства Беларусі ў Расіі адыгралі. І зрабілі дзею з аркестрам. І што было класнае ў "Княжне..." Мы пасябравалі з прадстаўнікамі "Tronіc Show" — гэта такая расійская інтэрнэт-платформа. Спачатку я да іх з'ездзіла — мы 4 кліпы знялі.  Потым запрасіла  іх да нас  "Тры сястры"  паглядзець. Кажуць, паглядзеўшы: хочам вас здымаць. Я прыехала да іх 9 мая з канцэртам ваенным: анлайн і афлайн, мы яго зрабілі прама на вуліцы. Актрыса Алеся Пухавая чытала вершы. Мы спявалі ваенныя песні, гучала гітара. Вельмі добрая атрымалася праграма. Мы ў Мінску яе адпрацавалі, перанеслі ў Маскву, трошкі дадаўшы нумароў. Потым павезлі ў Маскву "Княжну..." у канцы мая на гастролі. Здымалі на 4 камеры, плюс нашу камеру SD-cam бралі, выводзілі гэта ўсё анлайн. Дык вось падчас спектакля на анлайн зайшло дзве з паловай тысячы чалавек. Мы гралі афлайн і адначасова ў рэжыме анлайн ішла трансляцыя. Прычым глядач мог сабе купіць месца ў зале! І былі на ютубе людзі, якія проста глядзелі гэта ўсё бясплатна. За суткі спектакль пабачылі больш за 10 тысяч чалавек! І гэта, я лічу, самае галоўнае, што мы зрабілі ў Маскве. Было важна, каб гэтая платформа спрацавала, каб такая вялізная колькасць людзей нас паглядзела. Практычна ўсе водгукі атрымалі станоўчыя — а іх больш за 70. Пісалі і прыкладна так: "Дзякуй вам велізарны. Я жыву ў глухой вёсцы, да нас ніхто на гастролі не прыязджае. Не ведаю, ці будзе ў мяне магчымасць выехаць у Маскву ці да вас, каб спектакль паглядзець — улічваючы тое, што цяпер адбываецца. Вы падаравалі мне столькі задавальнення! У мяне было адчуванне, што я прысутнічаю на спектаклі!". Як па мне, то дзеля вось гэтага толькі водгука ўжо варта было ўсім тым займацца.

— Вы ж былі нядаўна і на "Славянскім базары ў Віцебску" са сваім тэатральным праектам...

— Так, там сыгралі 15 ліпеня "Тры сястры", і спецыялісты "Tronіc Show" прыязджалі. Яны цяпер ездзяць за намі ўсюды . Здымалі наш цеплаход, здымалі дзіцячую казку. Мы дамовіліся з  кіраўніцтвам Палаца Рэс-публікі бясплатна запрашаць дзяцей з дзіцячых дамоў, са шматдзетных сем'яў, з дзіцячага хоспіса. Яшчэ і — "Чырвоны крыж" у супрацы з намі на дабрачыннай аснове. Запрасілі ўсіх у залу. І сыгралі казку для дзяцей: анлайн і афлайн адначасова. Калі ёсць і рэакцыя гледача, і велізарная інтэрнэт-аўдыторыя, то нам лёгка граць.

— Гледачы ў зале вам падыгрываюць?

— Так, і ўсю гэтую энергію мы акумулюем і транслюем ў інтэрнэт-прастору. Людзі па ўсім свеце змогуць яе адчуць. Потым на ютубе гэта вісіць і можна паглядзець.

— Як ваша мама ставіцца да вашай творчасці?

— Яна мяне радуе! Паглядзела спектакль "Княжна Мэры" анлайн з Масквы — і сказала: "Вера, як гэта крута! Які цудоўны спектакль! А можна ўсё-ткі, калі кавід пойдзе на спад, я прыйду і пагляджу яго ўжывую? " Вось вам і адказ на пытанне: ці захочуць людзі, паглядзеўшы спектакль анлайн, прыйсці на яго? Калі спектакль спадабаўся, то захочацца яго і ўжывую паглядзець. Таму што гэта — іншая энергетычная плынь.

— Ці можна сказаць, што глядзельная зала ў злучэнні са сцэнай — гэта генератар для выпрацоўкі асаблівай, духоўнай энергіі?

— Дакладна падмецілі! Прычым падчас спектакля, і я адчувала гэта не раз, адбываецца ўзаемаабмен энергіямі паміж артыстамі і гледачамі. Ну няўжо фільм, які спадабаўся, нам не захочацца перагледзець жыўцом як спектакль з любімымі артыстамі? Мне асабіста захочацца! Я з такіх меркаванняў зыходжу, прыўносячы ў свае тэатральныя праекты нешта новае.

— Трохі раскажыце пра маму, свае родавыя карані, пра тое, адкуль у вас столькі творчай энергіі.

— Я мінчанка, прычым карэнная, ужо ў чацвёртым калене. Мама, Таццяна Дзмітрыеўна Палякова — прафесар, доктар педагагічных навук. Наогул я прафесарская дачка. Мама ў свой час была самым маладым прафесарам. Усё  жыццё  займалася  стральбой  з   пісталета  і   вінтоўкі,   даклад-

ней — выкладала гэтае майстэрства, была вядомым трэнерам. Потым цалкам пайшла ў навуку. Распрацавала шмат розных методык для псіхафізічнай падрыхтоўкі спартсменаў-стралкоў высокага ўзроўню. Тых, хто страляе з пнеўматычных відаў зброі, займаецца хуткаснай стральбой. Мама ў мяне разумная неверагодна, ну і ўнукі ў яе пайшлі. Мой старэйшы сын Дмітрый закончыў Медуніверсітэт, абараніў дыплом па спартыўным харчаванні на дзясятку. Мама, вядома ж, актыўна яму дапамагала і методыкай, і матэрыяламі. Да таго ж яна вельмі актыўная. Але па характары я пайшла ў тату, а ў маму — цэласнасцю сваёй.

— Мама ваша стралкоў нездарма выхоўвала, вучыла біць у дзесятку...

— Вось і я заўсёды ўсё даводжу да канца. Яна мне з дзяцінства казала: Вера, нават калі не можаш, не хочаш — ты заўсёды павінна ўсё давесці да канца! Ніколі нічога не кідай на паўдарозе. Тады ты сябе па-іншаму будзеш адчуваць у жыцці і калі ўсё, нават самае нялюбае i нецікавае давядзеш да канца. І вось таму я ў свой час вучылася ў аспірантуры: гэта спрацавалі выключна маміны пасылы. І тое, што я пайшла выкладаць — маміна энергетычная спружына ўва мне працуе. Гэта была маміна мара. Хаця ж і мне самой спадабалася выкладаць! І цяпер любога магу навучыць фехтаваць...

— Вы маеце на ўвазе сцэнічнае фехтаванне?

— Так, я выкладаю сцэнічны бой і фехтаванне — гэта шпага, шпага-дага, меч і двухручны меч, шчыт, кінжал-плашч — усе гэтыя напрамкі я ведаю і магу ім навучыць.

— Маміны бацькі ў Мінску ў гады акупацыі, відаць, тут былі, калі ў вас карані родавыя адсюль?

— Так, бабуля Вера, у гонар якой мяне назвалі, служыла ў контрразведцы СМЕРШ. Была сапраўднай разведчыцай. Нядаўна тэлекампанія "Мир" здымала пра мяне невялікі фільм да Дня Перамогі, у Маскве ўсё манціравалі. Ёсць здымкі ля дома на вуліцы Максіма Багдановіча, які будавалі мае дзядуля і бабуля пасля вайны. Дарэчы, на вайне ж яны і пазнаёміліся. Дзядуля таксама служыў у СМЕРШы, потым быў камісарам  партызанскага атрада "Сокал" — у адным з падраз-дзяленняў брыгады імя бацькі Міная. І ў ліку першых вызваляў Мінск. Тры першыя партызанскія атрады ўваходзілі ў Мінск, і пра тое пісалі ў газетах. Ёсць у мяне ў сямейным архіве і выразка, і фатаграфія. І самым першым там ідзе мой дзед — Дзмітрый Рудзін! Дарэчы, мой старэйшы сын названы ў яго гонар. Бабуля заставалася на сваім прозвішчы — Нікалаёнак.

— Бабуля-разведчыца ўдзельнічала у вашым выхаванні?

— Так, непасрэдным чынам, але параўнальна нядоўга. А дзядулю я не ведала, ён рана памёр: у 51 год. Бабуля пайшла з жыцця, калі мне было ўжо 7 гадоў. Я памятаю, што яна мяне заўсёды глядзела: бацькам дапамагала. І ў першы клас я пры ёй пайшла. Самыя цёплыя пра бабулю Веру ў мяне ўспаміны! У адным фільме пра вайну я грала яфрэйтара Юлію. Ёсць некалькі фотакадраў, дзе я ў ваеннай форме. Прычоску мне пад тую эпоху зрабілі. А ў бабулі ёсць падобныя здымкі. Мама казала: "Божа, як ты падобная на бабулю!". Хоць я ўся ў татаву пароду: вельмі падобная на ўсіх яго сваякоў, і на тату. Але на тых ваенных кадрах, у ваенным фільме "Беларусьфільма" "Яшчэ пра вайну" мы вельмі падобныя з бабуляй Верай. Яго часта паказваюць 22 чэрвеня, на Дзень Перамогі.

Вера заўсёды ўдзячная сваім гледачам

— А цяпер раскажыце пра тату, на якога вы таксама вельмі падобная...

— Тата мой Аляксандр Сямёнавіч Палякоў меў вышэйшую тэхнічную адукацыю, а ў часы перабудовы стаў займацца бізнесам. Сёння ён старшыня аднаго з дамавога таварыстваў — у тых дамах, дзе сам і жыве. Яму, як і мне, вельмі падабаецца мець зносіны з людзьмі. Да таго было ў яго турагенцтва, досыць вядомае. А ў дзяцінстве тата марыў быць артыстам. І калі я ўсё ж паступіла ў Акадэмію мастацтваў, закончыла яе, то ён быў вельмі мной задаволены. Тата заўсёды кажа: ты — увасабленне маёй мары. Так што я не проста так стала артысткай. Тата, дзе б я ні выступала, са студэнцтва — пастаянна прыходзіў на мае спектаклі. У мамы не заўсёды тое атрымлівалася.

— Вы адна ў бацькоў?

— Адна. Але ў маіх бацькоў ёсць ужо два ўнукі! (Смяецца). Спадзяюся, у іх па трое дзяцей будзе.

— І таму давайце далей пра вашу сям'ю пагаворым. Вы згодныя па-дзялiцца ?

— Муж, Уладзімір Уладзіміравіч Макей, у мяне, як вы ведаеце, чалавек дзяржаўны, ён афіцэр. Прычым, з вялікай літары. Як быццам з тых далёкіх, добрых савецкіх часоў. Палкоўнік запасу, ваенны перакладчык па адукацыі, разведчык. Яго асноўная замежная мова — нямецкая, другая — англійская. На тое, як ён працуе з людзьмі, як выбудоўвае стасункі ў сям'і — мы ўсе, вядома, раўняемся. Бо ён — чалавек слова, чалавек гонару, чалавек справы. Ён ніколі нічога не кажа марна, і гаворыць коратка, ёміста. Калі нешта паабяцае, то абяцанне выканае. Заўсёды! У якім бы стане ні знаходзіўся, як бы сябе ні адчуваў. Даводзіць усё да канца, да лагічнага завяршэння — і гэта мне ў ім вельмі падабаецца. Ну і, вядома, тыя пачуцці, якія мы адчуваем адзін да аднаго, гэта ... ну, гэта вельмі сур'ёзна. Кожны з нас даў слова, і перад Богам у тым ліку, бо мы венчаныя, і перад людзьмі: пакуль смерць не разлучыць нас, мы будзем разам. І не дазволім сабе адзін аднаму здрадзіць. Так, я артыстка, я шмат іграю на сцэне кахання. Але, паверце, мне ніколі не хацелася нейкіх іншых адносін. Чым далей жывем, тым глыбей я разумею для сябе: няма нічога лепш маіх з мужам адносін. Мы вельмі цэнім іх. З кожным годам пазнаем адзін аднаго больш — і любім больш. Пачуццё, якое нас злучае, не змяншаецца — павялічваецца. Разрастаецца. А за тыя гады, што мы разам  а іх ужо ... надцать!! як кажуць. Мы так многа прайшлі! Столькі ўсяго! Многія людзі спрабавалі разбурыць наша сумеснае жыццё, умяшацца. І нават у 2020-м у сацсетках усяго хапала: маўляў, яна разводзіцца з ім ... Так бы мовіць, сяброўкі сказалі... І гэтак далей. А якія сяброўкі? Перш чым пісаць усялякае глупства, вы пацікаўцеся хаця б: колькі ў мяне сябровак?

— Адным словам, фэйкі...

— Так, менавіта так. І таму я жадаю нашым людзям у такія плёткі не верыць, пра ўсё даведвацца з першых вуснаў. Яшчэ хачу дадаць: не дачакаюцца. Колькі б ні спрабаваў хто-небудзь нас разлучыць — у іх не атрымаецца! Мы думаем аднолькава, ідзем па жыцці, як гаворыцца, ноздры ў ноздры, двое ў адной запрэжцы. І ўсё, што гаворым, робім і адчуваем — гэта ўзаемнае. У нас, у нашым жыцці няма разыходжанняў. Ні па якіх пытаннях. Нашы думкі, пачуцці, што мой муж робіць у палітыцы і што я сваёй творчасцю спрабую выказаць, данесці — гэта абсалютна сувымерныя думкі і пачуцці. Мы не разыходзімся ў галоўным ні па светапоглядных, ні па палітычных, ні па іншых матывах.

— У мудрацоў ёсць такая парада людзям: хай усе вашы думкі, словы і справы будуць у гармоніі! Мяркуючы па вашых словах, такую гармонію ствараць вам з мужам у сям'і ўдаецца.

— Так і ёсць. Да таго ж варта мець на ўвазе і такое разважанне — я пачула яго ад аднаго вядомага ў Беларусі чалавека. Ёсць пэўныя правілы гульні. І калі ты ў гульню гэтую трапляеш — ты павінен гуляць па яе правілах. Калі не — лепш тады зусім не гуляць. Так і палітыка: гэта пэўныя правілы гульні, якія ты павінен выконваць. І калі ты любіш чалавека, з ім жывеш — ты ў палітычным жыцці быццам бы і не ўдзельнічаеш, але ж ты гуляеш у гэтую гульню.

— Хоць і ўскосна — але таксама ў гэтай камандзе...

— Так, ты з мужам —у адной камандзе, таму не  маеш  права  пару-шаць правілы. І калі нехта, да прыкладу, кажа: "Так, мой муж — міністр, ці намеснік міністра, а ў мяне іншыя погляды на жыццё. I я буду рабіць так, як лічу патрэбным", то я лічу такі падыход здрадай. Ты здраджваеш, калі так сцвярджаеш, справе свайго мужа. Па мне дык варта вызначыцца: альбо ты па жыцці яго баявая сяброўка, яго радыстка Кэт (адна з гераінь фільма "Сямнаццаць імгненняў вясны". — Аўт.), і ты за ім — да канца. Альбо ўзялі рэчы і разышліся.

— Артыстцы Веры Паляковай па плячах няпростая роля радысткі-разведчыцы Кэт?

— Ну так, я радыстка Кэт! Як жа інакш! У мяне ж, сказала, муж разведчык. Калі мы з Уладзімірам жаніліся, то адна сяброўка ўстала і сказала, звяртаючыся да яго: "Вы, вядома, для нас усіх — Шцірліц, але Вера — радыстка Кэт". (Смяецца). Неяк з тых часоў так і пайшло. Я магу прыйсці да мужа і сказаць: "Валодзя, давай мы з табой тое-сёе абмяркуем". Я, маўляў, хацела б для сябе нешта праясніць. Растлумач мне: чаму гэта так, а не інакш? Але каб я сказала "фу" ў нейкай складанай, неадназначнай сітуацыі — такога не можа быць у прынцыпе. Бо хто я пасля гэтага? Ну і наогул, калі закранаць мімаходзь некаторыя палітычныя пытанні, то я ж не настолькі дурная, каб не разумець: было ў нашым жыцці ўсялякае. Але я не магу, як разумны чалавек, усё перакрэсліць і сказаць: фу, усё ў нас кепска. Ды не кепска! Навошта хлусіць сабе і іншым? Упэўнена: ніколі не бывае добра пасля разбурэння таго, што стваралася...

Мы ўсе памятаем, як разваліўся Саюз... А я па натуры чалавек, які будуе. Усё жыццё нешта ствараю. І не дазваляю сабе часам разбураць тое, што, магчыма, атрымалася не зусім гладка. І калі казаць пра пераход улады ў краіне, то для нашага ж агульнага дабра ён павінен быць спакойным, узважаным. Без істэрык. Я сама эмацыйны чалавек, і вельмі выбухны. Але цвяроза і сурова раблю выснову: анічога добрага са мной не адбывалася пасля таго, як я выбухала. Звычайна пасля гэтага доўга, як кажуць, залізвала раны і прабачэння ў людзей прасіла. Жыццё нас часам вельмі жорстка нечаму вучыць, і важна ўмець засвойваць падобныя ўрокі.

— Ды і сам сябе як бы па кавалачках збіраеш пасля эмацыйных выбухаў. І болю шмат, і бяссілле поўнае ...

— Цяпер я навучылася стрымліваць сябе. Стараюся стрымліваць. Інакш нічога добрага не будзе.

— Што б вы яшчэ сказалі пра свой характар?

— Калі глянуць гараскоп, то я ў апошні дзень Шаляў нарадзілася: 22 кастрычніка. Ужо і не Шалі, але ж яшчэ не Скарпіён. А муж Леў. Леў! (Смяецца) Цар звяроў. Але я вам хачу сказаць вядомае: зоркі нас не прымушаюць, як паступаць, як жыць, дзейнічаць — яны падказваюць. А мы, набіваючы сабе гузы, выбіраем сваю, найбольш нам прыдатную "жыццёвую стратэгію і тактыку". Вось вам прыклад. Я сына малодшага, Арцёма, збірала ў лагер на пачатку лета. Мы з ім ездзілі на шопінг, рэчы выбіралі. Потым ён мне сказаў: "Мама, як мне з табой спадабалася ў гэты раз рэчы купляць! Мы з табой нават ні разу не пасварыліся". (Смяецца).

— Можа быць, вы яму сказалі: гэта ты, сынок, падрос, больш ураўнаважаным стаў...

— Не, не сказала. У яго ж цяпер складаны перыяд: 12 гадоў, пачынаецца пераходны ўзрост. І мы перыядычна, вядома ж, з ім... дыскутуем. Але я ж таксама раблю высновы, шмат чаму вучуся, у тым ліку і назіраць за ім. Неяк гладзіла рэчы, сын позна сядзеў за камп'ютарам... І раптам кажа мне: "Мама, як я цябе люблю! Ты незвычайная. Для нас з Дзімам (гэта старэйшы наш) ты — сябар. Вось усе мае сябры сваіх мам вельмі баяцца. А я ведаю, што заўсёды з табой магу пагаварыць. Нават паспрачацца ці пасварыцца. Але мы ўсёроўна знойдзем агульную мову. Таму што ты нам больш сябар, чым мама". (Смяецца). Не ведаю, добра гэта ці дрэнна ... Але мне вельмі прыемна такое чуць ад дзяцей.

— Выдатна! Такая высокая ступень даверу...

— ...Але ў нас ёсць строгі тата. І яго слова ў сям'і апошняе. Часам, калі нешта ў мяне ніяк з дзецьмі не атрымліваецца разруліць сiтуацыю, я кажу: "Стоп! Хай нас рассудзіць тата! Да яго!". (Смяецца). Вядома ж, я нашмат больш часу праводжу з дзецьмі, чым мой муж. Але ён — апошняя інстанцыя ў нашай сямейнай дзяржаве. Калі я разумею, што не магу прыняць рашэнне — накіроўваю дзяцей да яго. І ён ужо іх прымае. А што да слоў малодшага пра маму-сябра, то, мабыць, так і ёсць. Мы з Дзімам сустракаемся, бывае, з яго сябрамі. Я нават з імі на дыскатэкі хаджу, і ў адпачынках перасякаемся. І сябры, ведаю, часам кажуць: "Блін, вось бы ў нас была такая мама! Яна такая вясёлая (смяецца) і выглядае добра. А ў Дзімы, якому 22, сябры старэйшыя ёсць — некаторым і гадоў пад 30. Вядома, побач з імі ў нас не вельмі розніца ва ўзросце бачная. Прычым  я  чалавек  гарэзлівы,  люблю паскакаць,  пасмяяцца,  пажарта-ваць...

— Сацыяльныя маскі, стэрэатыпы часам нас прыціскаюць...

— Так!  Мора матчыных роляў-абавязкаў  нам  нарыхтавана.  Прыбраць. Прыгатаваць. Памыць... Сказаць сабе:"Я ж маці!" Я ж павінна! Агарод ускапаць!..

— А памочніца ў вас па доме ёсць?

— Ёсць. Яна прыходзіць раз на тыдзень. Ганна Аляксандраўна — цудоўная жанчына, яна ўжо як член сям'і. Колькі гадоў майму малодшаму сыну — столькі ж і яна з намі. Дапамагае мне з уборкай. Хоць я гэтага ў свой час не хацела. Казала мужу, што сама з усім спраўлюся. Але калі даходзіла справа да ўборкі нейкай глабальнай, прапаноўвала яму некаторы ўчастак працы. Ён раз прыбраў, два прыбраў... Потым  неяк  прыязджаю  з адпачынку — а ў мяне ўжо ў доме жанчына: "Добры дзень, я Ганна Аляксандраўна. Цяпер буду з вамі працаваць". Вось так прыгожа мой муж вырашыў праблему з уборкай. І вызваліў сябе і для сям'і, і для сябе. Хоць Уладзімір Ула-дзіміравіч ніякай працы не баіцца, у тым ліку і вясковай: у нас ёсць домік ў невялічкай вёсцы. У мяне там нават куры ёсць. Улетку з сабакам туды выязджаем, і часцей. Ад Мінска далекавата, але прыстасоўваемся. Раніцай у выхадны Уладзімір і ўчастак пако-сіць — трымерам, і па гародзе нешта зробіць. Яму гэта падабаецца. Дровы паколе... Хоча адпачыць — адпачывае, хоча працаваць — працуе. Таму што гэта яго выхадны. Ён робіць у гэты дзень, што захоча. І цалкам мае на гэта права.

— Разумны падыход. А за рулём вы абодва?

— Так, але часцей я. Калі едзем разам кудысьці — за рулём заўсёды я. Па-першае, без руля мяне ўкалыхвае, а па-другое, я люблю весці машыну... Весцібулярка ў мяне так сабе, але я навучылася і лётаць, і плаваць. Часам дапамагае мне халодная кока-кола. Калі, скажам, гэта марская прагулка на яхце, то я плыву за яхтай. Спынілася, укалыхвае — я пап'ю і ў ваду. І ўсе смяюцца: ва ўсіх марская прагулка на яхце — а ў Веры за яхтай.

— Аднак, як гаворыцца, вернемся з карабля ў тэатр. Вам даводзілася граць ролі, якія наогул не падабаліся? Забывалі тэкст?

— Здаралася, але вельмі рэдка. Прычым адна-паўтары фразы за спектакль. І гэта, як правіла, не мела глабальнага значэння. Я добры партнёр, на мяне можна спадзявацца. Гэта ўсе ў тэатры ведаюць. Заўсёды выцягну і сябе, і таго, хто са мной побач. Адзін акцёр у нашым тэатры, паглядзеўшы спектакль, неяк сказаў пра мяне: "Дзівосная артыстка! Узваліла артыста на плечы і нясе яго праз увесь спектакль. І што галоўнае — рытму не губляе". (Смяемся).

— Чаго на сцэне баіцеся больш за ўсё?

— Забыць тэкст. А яшчэ мне сны сняцца, калі мяне хтосьці не пускае на сцэну — вось гэта самы страшны сон. Што ідзе спектакль, мне выходзіць — а нехта ці нешта не пускае. Дарэчы, падобныя сны сняцца таксама іншым артыстам.

— Як успрымаеце крытыку?

— Добра, калі яна канструктыўная. Да яе прыслухоўваюся. Не люблю такую крытыку, калі кажуць: мне не спадабалася. Растлумач: што менавіта? Мяне ні ў адным такім спектаклі "фу, не спадабалася" няма. Ёсць пастаноўкі, якія цяжка лічыць выбітнымі. Ёсць звычайныя, ёсць і адметныя. Але гэта не значыць, што я ў іх дрэнна працую. Сваю працу я заўсёды раблю з поўнай аддачай. Ніколі не апускаюся ніжэй пэўнай планкі.

— Хтосьці з акцёраў пра тэатр сказаў, што ў ім усё пабудавана на энергіі святла і любові. А што сказалі б вы?

— Ніводнага няма спектакля — ні ў мяне, ні ў тэатральным праекце "ТриТформаТ", ні ў Тэатры-студыі Кінаакцёра, каб не нёс ён думку нейкую. Нават ставячы простую дзіцячую казку, мы закладваем у пастаноўку светлую ідэю. Гаворым пра дабрыню. Пра дружбу. Пра любоў. Апошняя казка "Не Вожык", якую мы з Прэзідэнцкім аркестрам зрабілі, нясе глабальную думку. Пра тое, што ўсё роўна, калючы ты ці пухнаты. Які б ты ні быў — заўсёды знойдзецца той, хто цябе палюбіць такім, які ты ёсць. Самае важнае — заставацца самім сабой. І не трэба зменьвацца. А ў спектаклі Вожык гэта спрабуе рабіць. Заяц яму раіць мець доўгія вушы, хтосьці — пушыстую шэрстку, крылы як у вароны... А Вавёрачка рудыя — лапкі... У выніку атрымалася абракадабра нейкая. Цуда-звер. Вожыка нават маці родная не пазнала.

— Так, людзям уласціва бывае жаданне падладжвацца пад густы і чаканні іншых...

 

— І казка пра тое! Я там іграю Маці-Вожычыху і агучваю гэтую ідэю, прычым гэта інтэрактыўная казка. Мы зносімся з гледачом у часе дзеяння. З гэтай казкай былі ў "Зубронку" неяк, дык нам потым з "Надзеі ХХІ стагоддзя" патэлефанавалі кіраўнікі. Сказалі: выдатная казка!.

ВРЕЗКА. Вера Палякова нарадзілася 22 кастрычніка 1978 года. Упершыню выйшла на сцэну Тэатра музычнай камедыі ў 12 гадоў – у дзіцячай казцы. Прафесійна пачала іграць у студэнцкія гады, на другім курсе БДАМ – у Малым тэатры Ігара Забары ў Мінску. У 1999-м закончыла Беларускую дзяржакадэмію мастацтваў (курс Лідзіі Манаковай). Іграла на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горкага, у Нацыянальным акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. З 2003-га – у Тэатры-студыі кінаакцёра кінастудыі “Беларусьфільм”. Старшы выкладчык па сцэнічным руху і фехтаванні тэатральнага факультэта БДАМ. Выкладае этыкет, стылёвыя паводзіны, жангліраванне, акрабатыку. Была вядучай праграмы “Утро столицы” (тэлеканал «СТВ»). На першым канале Беларускага тэлебачання вяла папулярнае ток-шоў “Жизнь как жизнь”, цяпер – вядучая праграмы “Наше утро” на АНТ.

Дэбютавала ў кіно ў 20 гадоў – у фільме “Павадыр». З тых часоў актыўна здымаецца, прычым як у расійскіх, так і ў беларускіх фільмах – “Дунечка” (2004), “Яшчэ пра вайну” (2004), “Спакуса” (2006), “Ма-мач-кі!..” (2012) ды іншых. Вера Палякова не толькі артыстка, тэлевядучая і выкладчыца, але яшчэ і спявачка. Восенню 2007 года адбылася прэзентацыя яе дэбютнага альбома “Артыстка”. Член Беларускага саюза кінематаграфістаў.

Мы з малымі тэму працягнулі ды яшчэ цэлую гадзіну пасля спектакля з імі размаўлялі пра каштоўнасці самыя важныя. Наогул, казка вясёлая, простая. Дзеці ў зале так рагаталі — да таго ж у ёй закладзены магутны маральна-этычны пасыл! Як трэба заставацца самім сабой. А ў сённяшняй мас-культуры зусім іншыя пасылы.

— Сапраўды, як важна такую маральную ўстаноўку даваць з дзяцінства...

— Пакуль мы не будзем гэтага рабіць — розныя Цік-Токі зробяць сваю справу. Дарэчы, і я там ёсць. У мяне там нармальны твар. І апранута як жанчына, мой партнёр — як мужчына. Там жа большасць — як бы хлопчыкі і як бы дзяўчынкі... Дарэчы, ёсць я і ў Інстаграме, і ў Фэйсбуку. Не для славы і грошай. Я — актрыса, і магу зрабіць нешта патрэбнае і карыснае.

— Што ў Тэатры-студыі Кінаакцёра цяпер у рабоце? Што ў вашым тэатральным праекце?

— У Тэатры-студыі Кінаакцёра ставяць спектакль "Дзядзька Ваня". А я з тэатральным праектам "ТриТформаТ" езджу з казкамі. 10 ліпеня сыгралі мы "Княжну Мэры" ў Мінску, ля Ратушы для ўсіх гледачоў. 17 ліпеня "Тры сястры" гралі на "Славянскім базары". 20 ліпеня лёталі ў Батумі, паказалі "Княжну Мэры" і адкрылі там беларускае Ганаровае консульства. А ў мой дзень нараджэння — 22 кастрычніка — "Анна Карэніна" выйдзе, мы цяпер над ёй працуем. У мяне пакуль ёсць магчымасць сыграць гэтую галоўную ролю — па ўзросце яшчэ падыходжу. Спадзяюся, будзе незвычайны спектакль. А з верасня пачнем і "Княжну  Мэры", і  "Тры сястры"  граць. Акрамя таго, мы выйгралі конкурс на правядзенне Галоўнай ёлкі краіны ў Малой зале і ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі. У Малой пакажам спектакль "Блакітная страла" паводле Джані Радары, у Вялікай сыграем казку расійскага драматурга Ганны Багачовай. Я вельмі яе люблю, і мы ўжо некалькі казак гэтай аўтаркі паставілі. На гэты раз у працы будзе "Чароўная сіла": казка пра чароўную сілу дабрыні. Простая і добрая. Пра дабрыню, пра сяброўства і тое, як важна любіць і быць добрым.

— Праца з Прэзідэнцкім аркестрам у вас прадаўжаецца?

— Так! Сутворчасць з ім нам вельмі падабаецца. Мы пасябравалі з музыкамі, яны ўсе маладыя і крэатыўныя. Такія ж, як і мы — жадаюць рабіць нешта новае. У іх няма снабізму, нейкай акадэмічнай чапурыстасці. Яны гатовыя ісці з намі на самыя смелыя эксперыменты.

— Амаль як музыкі ў знакамітым фільме "Вясёлыя рабяты"?..

— Вось-вось, амаль так і ёсць! Калі б вы паглядзелі нашу казку "Не-Вожык", то пабачылі б, што там вытварае Віталь Кульбакоў — на яго ўсе прыходзяць паглядзець. (Віталь Кульбакоў — галоўны дырыжор аркестра — Аўт.). Ён іграе ролю Ваўка. Прычым гэта Дырыжор-Воўк. У яго шапка стылізаваная, фрак адпаведны... Як ён танчыць, як зарадку з дзецьмі робіць! Гэта проста дзіва! А ў аркестры ўсе — Зайчыкі. Аркестр Зайчыкаў! І яны рухаюцца, яны граюць танцуючы. Ну, такога вы ніколі не бачылі! Прычым у выкананні музыкантаў Прэзідэнцкага аркестра. Гэта вельмі-вельмі выдатна.

— Як Вы сталі телевядучай праграмы "Наше утро"?

— Я неяк прыйшла туды расказаць пра свой праект "ТриТформаТ", пра сваю творчую дзейнасць. А калі закончылі здымкі, Таццяна Рудакоўская, дырэктар нашай праграмы, кажа: "Ці не хочаш ты паспрабаваць сябе ў ролі вядучай?". Хачу, кажу, але толькі трэба ў мужа спытаць. Муж быў не супраць, сказаў: добра. Таццяна цяпер — сувядучая мая, у другой пары. Так і пачала я працаваць. Уцягнулася, і мне праграма вельмі падабаецца. Каманда ў нас добрая. У нашым свеце, я лічу, любое творчае дзеянне — гэта камандная праца.  Адзін — гэта выдатна. Але калі харызматычны, прыгожы чалавек не ўмее працаваць у камандзе — ніколі ў яго нічога не атрымаецца геніяльнага.

— Як складаюцца вашыя адносіны з кіно?

— Цяпер — не вельмі. Апошні фільм "Дамоклаў меч" мы знялі наогул без грошай, і ён неяк згубіўся. Выйшла яшчэ пару фільмаў "Каспій 24" на НТВ — там у мяне сур'ёзная праца, а ў галоўнай ролі — Анастасія Заваратнюк. Цяпер асаблівых прапаноў па кіно няма, што звязана з многімі фактарамі. Але я не ў роспачы. 

— Якія ў вас ёсць звычкі, каб падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме? Можа, ёгай займаецеся?

— Не, ёга — не маё. Я ж і так шмат рухаюся. Да таго ж у мяне свой комплекс практыкаванняў выпрацаваны — яго раблю. Але пасля кавіда яшчэ не зусім прыйшла ў сябе, часам кружыцца галава, хутка губляю сілы. Хварэла ў лістападзе, і вельмі сур'ёзна, працэс аднаўлення доўжыцца. Прычым у крыві шмат антыцелаў. Імкнуся больш хадзіць пешшу. Сабаку ў вёсцы бяру — і пайшла: да возера і назад. І вакол возера. Чаго і ўсім жадаю: рухацца!

Гутарылі Іван і Валянціна Ждановічы. 

Фота з асабiстага архiва Веры Паляковай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.