Вы тут

Дзмітрый Баскаў: «Хакей з майго жыцця нікуды не сыдзе»


У сераду, 29 верасня, экс-старшыня Федэрацыі Хакея Беларусі сустрэўся з заяўнікамі: усяго на прыём да яго запісаліся 23 чалавекі, але былі і тыя, хто прыйшоў па-за спісаў — прыняў усіх.


 

Праблематыка пытанняў была самай шырокай: ад спорту да апякунства. Да Дзмітрыя Баскава, безумоўна, больш звярталіся за вырашэннем у больш профільным для яго кірунку — спартыўным. Ды і месца правядзення прыёму гэтаму садзейнічала: сустрэча праходзіла на базе дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву «Дынама», якую Дзмітрый Баскаў узначальваў пяць гадоў.

У прыватнасці, Эдуард Анатольевіч прыехаў са сваім непаўналетнім сынам з Данецка, падлетак займаецца хакеем, і яго бацька хацеў бы, каб той у будучыні змог выступаць у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі, таму просіць дапамагчы з атрыманнем беларускага пашпарта. Па словах сенатара, гэтае пытанне неаднаразова ўзнімалася на ўзроўні Мінспорту, але пакуль станоўча не вырашана, таму прапануе заняцца ім у індывідуальным парадку.

Яшчэ адзін наведвальнік Леанід Сяргеевіч выказаў прапанову ўдакладніць статыстыку гульцоў у Вышэйшай лізе. Як бацька сыноў-спартсменаў, якім 17 і 19 гадоў адпаведна, яго вельмі хвалюе гэтае пытанне.

Тытулаваны баксёр, майстар спорту Беларусі Вазген Сафар’янц агучыў асабістае пытанне, якое датычылася парушэння спартыўнай дысцыпліны. Спартсмен прасіў садзейнічання ў станоўчым вырашэнні праблемы. 

Але былі і тэмы, далёкія ад спорту: падзел кватэры з былой жонкай, пытанні апякунства і іншыя.

Як патлумачыў у гутарцы з журналістамі сенатар, ён пакуль пагружаецца ва ўсе працэсы парламенцкай дзейнасці. Нагадаем, што прызначэнне Дзмітрыя Баскава членам Савета Рэспублікі адбылося 14 верасня.

— Асноўная мая дзейнасць будзе скіравана на сацыяльнае развіццё, — адзначыў ён. — Таму што тэма спорту мне бліжэй за ўсё. Што датычыцца астатніх пытанняў сацыяльнай палітыкі, я буду ўдзельнікам камісіі Савета Рэспублікі (па адукацыі, культуры, навуцы і сацыяльным развіцці. — Заўв. аўт.), дзе ёсць вопытныя людзі, якія падкажуць і дапамогуць хутка зарыентавацца ў тым ці іншым пытанні.

Ён падкрэсліў: заўсёды трэба вучыцца ў людзей, якія прайшлі большы жыццёвы шлях і прыслухоўвацца да калег, якія маюць большы прафесійны вопыт.

— Што датычыцца майго вопыту, натуральна, па пытаннях развіцця спорту мне будзе лёгка, — лічыць сенатар. — Па некаторых пытаннях, якія ўжо агучваюць людзі (у тым ліку тэма апякунства) маю ўласны вопыт: я калісьці быў апекуном свайго непаўналетняга пляменніка, мне ёсць што параіць і на што зарыентаваць.

Даючы ацэнку эфектыўнасці такой формы работы як прыёмы грамадзян, Дзмітрый Баскаў перакананы, што гэта абсалютна добрая справа:

— Я бачыў (на прыёме грамадзян Наталляй Качанавай у Ляхавічах. — Заўв. аўт.) як і некаторыя пытанні аператыўна вырашаюцца адразу, а якіясьці, натуральна, бяруцца на кантроль і прыкладваецца максімум намаганняў, каб дапамагчы кожнаму чалавеку, які прыходзіць са сваёй праблемай. 

Не засталася па-за ўвагай журналістаў і хакейная тэма: у хуткім часе Федэрацыі Хакея Беларусі давядзецца абіраць новага лідара. Дзмітрый Баскаў расказаў, што на гэтую пасаду ёсць некалькі кандыдатаў, што дае магчымасць вызначыцца з самым годным сярод іх.

Разважаючы ад ролі хакея, сенатар падкрэсліў:

— Безумоўна, хакей з майго жыцця нікуды не сыдзе — гэта мая любімая справа, якой я прысвяціў усё сваё жыццё, — акцэнтуе ён. — Юрыдычна, канешне ж, у ім працаваць не буду, але мой новы кірунак (член Савета Рэспублікі) не проста дае магчымасць займацца хакеем, ён абавязвае пагружацца ў спорт у цэлым, і ў хакей у прыватнасці.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.