Вы тут

Як памяць аб вайне вымушае асабліва даражыць тым, што маем


Пятнаццатага лютага, 33 гады таму, скончылася вайна, якая ішла за тысячы кіламетраў ад нашай зямлі, а абярнулася болем для соцень беларускіх сем'яў. З далёкага Афганістана яны не дачакаліся жывымі сваіх родных і блізкіх, хтосьці вярнуўся пакалечаны і целам, і душой. У памятную дату асабліва хочацца звярнуць увагу на артыкул 18 Канстытуцыі, якая выносіцца цяпер на рэферэндум. Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права. Змяненні і дапаўненні прапанаваны да часткі другой артыкула 18, якая сфармулявана так: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў».


Жыхары аг. Нісімкавічы Чачэрскага раёна дапамаглі ўстанавіць мемарыяльны комплекс памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Пра жахі вайны ў любых яе праявах, пра найвялікшую каштоўнасць міру размаўляем з дэпутатамі, дэлегатамі VІ Усебеларускага народнага сходу, актыўнымі дзеячамі Чачэрскай і Гомельскай раённых арганізацый «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Жаннай Малінавай і Алегам Кавалёвым.

Жанна Малінава, дэпутат Чачэрскага райсавета, старшыня Нісімкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў, вядомая актыўнай падтрымкай раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Дванаццаць гадоў запар 15 лютага на тэрыторыі свайго сельсавета сустракае дэлегацыю воінаў-афганцаў з усёй Чачэршчыны, а іх сёння больш за трыццаць чалавек.

— Штогод мы разам з салдатамі-інтэрнацыяналістамі з усяго раёна наведваем могілкі ў вёсках Загор'е, Сідаравічы і Барсукі, дзе пахаваны нашы хлопцы-афганцы, аддаём ім даніну павагі, — расказвае Жанна Малінава. — Пасля ў знамянальную гадавіну па чарзе жыхары нашых буйных населеных пунктаў Сідаравічаў, Нісімкавічаў і Бабічаў рыхтуюць у сваіх вясковых клубах вечар памяці ў гонар воінаў. Асабліва важна, што так у вечарах памяці можа кожны год паўдзельнічаць усё больш дзяцей, — тлумачыць дэпутат, у якой за плячыма амаль 20 гадоў працы настаўнікам: для яе патрыятычнае выхаванне і грунтуецца на такой рабоце з дзецьмі.

Сёлета дэлегацыю сустракаюць у Нісімкавічах. Да знамянальнай даты ў аграгарадку прымеркавалі адкрыццё мемарыяльнага комплексу. Размясціўся ён на алеі войнаў-інтэрнацыяналістаў, закладзенай у 2018 годзе.

— Дрэвы высадзілі такім чынам, каб атрымалася зорка. Цяпер цэнтр алеі — мемарыяльная кампазіцыя са знакаў-сімвалаў для ўсіх воінаў-афганцаў. З металу зроблены цалкам, як рэальныя ўзнагароды, «Афганка» і «Знак воінаў інтэрнацыяналістаў», якія атрымалі нашы хлопцы за тую службу. З металу таксама вылілі гільзу з чорным цюльпанам, над якім ляціць самалёт, — тлумачыць Жанна Мікалаеўна. — Акрамя таго, устанавілі памятны знак з граніту, сродкі на які ахвяравала кіраўнік нашага сельгаспрадпрыемства ААТ «Звязда» Галіна Трыбунах. Дарэчы, гэта гаспадарка кожны год аказвае дапамогу ў набыцці памятных сувеніраў для дэлегацыі воінаў-афганцаў з раёна.

А вось сімвалічную мемарыяльную кампазіцыю з металу сваімі рукамі зрабіў Міхаіл Пятровіч Малінаў, муж Жанны Мікалаеўны. У яго за плячыма Тахта-Базарскі, Бахардэнскі, Пянджскі і Маскоўскі пагранічныя атрады, якія служылі ў Афганістане. Аб тым сваім вопыце паважаны воін-інтэрнацыяналіст шмат расказваць не любіць. Як у іх сям'і шануюць памяць герояў вайны, расказвае Жанна Малінава:

— Мне было сямнаццаць, толькі паступіла ў Гомель вучыцца на настаўніцу, а майго роднага брата Колю забралі, як мы казалі, у Афган. Служыў ён у самім Кабуле. Я з Гомеля пісала кожныя два дні, а адказы атрымлівала толькі праз некалькі месяцаў. Потым брат атрымаў раненне, мы нічога не ведалі аб ім больш як чатыры месяцы. Страшна тое, што пайшоў ён адным маладым хлопцам, а вярнуўся дадому іншым чалавекам. Гэта вайна ламала. Вярталіся пакалечаныя не толькі цялесна. Пасля гібелі людзей побач іх душам ужо не было спакою.

Брата Жанны Малінавай Мікалая не стала шэсць гадоў таму, але расказваць пра яго ёй дагэтуль складана. Успамінае яна, як тады, больш чым 30 гадоў таму, іх вяскоўцы чакалі назад сваіх хлопцаў-афганцаў:

— Для нашай сям'і ўвогуле гэта было вельмі цяжка, бо накіравалі тады на службу майго роднага і стрыечнага брата, забралі і іх аднакласніка, з якім выраслі побач. Гэта быў наш воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Глыбоўскі. Добра памятаю: надзвычай сонечны дзень, а яго, Валодзю, прывезлі ў вёску ў цынкавай труне. Гора для ўсіх вяскоўцаў. Памятаю, што дзеці і моладзь вельмі перажывалі. Тры дні пасля пахавання ніхто не ўключаў музыку ў знак смутку.

У Гомельскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» сёння 176 чалавек. Старшыня ветэранскай арганізацыі, воін-інтэрнацыяналіст Алег Мікалаевіч Кавалёў 35 гадоў жыцця аддаў рабоце з дзецьмі. Настаўнік фізкультуры і здароўя Яромінскай сярэдняй школы, вядомы ў раёне спартсмен пайшоў у армію ў 18. Вясковы хлопец, адзін сын у маці ў 1980 годзе трапіў на службу ў Кабул.

— Тады ж, калі хлопец не паслужыў у арміі, дзяўчаты з ім не сталі б нават размаўляць, — дзеліцца Алег Мікалаевіч. — Калі камандзір батальёна ўсіх спытаў «Хто жадае пайсці ў Афганістан?», згадзіўся адразу. Служыў у Кабуле, у войсках сувязі.

— Сярод ветэранаў — воінаў-інтэрнацыяналістаў у нашым раёне асноўная колькасць — менавіта салдаты-афганцы, простыя вясковыя хлопцы, што пайшлі служыць адразу пасля школы. Яны вельмі сціплыя, губляюцца, калі просіш выступіць, расказаць пра сябе перад аўдыторыяй. Я таксама ўжо колькі гадоў займаюся гэтай работай, а калі на вечарах памяці ўспамінаюць службу, прызнаюся, цярплю-цярплю, але не магу стрымацца: слёзы пачынаюць ліцца. Просяць выступіць са сцэны, а я не магу — клубок дагэтуль падкотваецца да горла ад успамінаў.

На ўроку — настаўнік Яромінскай школы старшыня Гомельскай раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Алег Кавалёў.

На працягу 35 гадоў у роднай вёсцы Алег Мікалаевіч заваяваў павагу сваім апантаным стаўленнем да фізкультуры. З дзяцінства займаўся футболам, а цяпер, гаворыць, з тых, каго прывучыў да гэтага віду спорту, можна стварыць некалькі футбольных каманд. Гісторыя жыцця гэтага чалавека — прыклад таго, як ветэран афганскай вайны, які доблесна выконваў свой воінскі абавязак, на радзіме змог таксама добра паслужыць на карыстаць аднавяскоўцам, не шкадаваць сілы ў рабоце з дзецьмі, выхоўваць у вучнях любоў да Радзімы.

Вясковы настаўнік сціпла ўспамінае пра свой нялёгкі армейскі вопыт. Гонар і павага да сяброў па той службе для яго не проста словы:

— Мы выжылі, і гэта самае галоўнае. Мы самі да таго ў звычайным жыцці не разумелі, напрыклад, што такое каштоўнасць кавалка хлеба. Многа чаму той вопыт навучыў мяне. Мы, «афганцы», апошнія, каму прыйшлося ваяваць... Вельмі хочацца, каб нашы людзі заўсёды жылі мірна. І вельмі добра, што наша міралюбная палітыка знайшла сваё адлюстраванне ў Асноўным Законе...

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і з архіва герояў


Поўны тэкст Канстытуцыі чытайце тут

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.