Вы тут

Старажытная сацсетка, біяпрынтар для астранаўтаў і карысць цёмнага шакаладу


У Афрыцы знойдзена найстаражытнейшая сацыяльная сетка

Яна засноўвалася на абмене і гандлі каралямі са шкарлупіны страусавых яек. Навукоўцы выявілі яе ў Афрыцы — тагачасны «УКантакце» квітнеў ужо 50 тысяч гадоў таму. Аб гэтым піша The Guardіan. У адрозненне ад электронных сучаснікаў, такая сетка сацыяльных сувязяў засноўвалася на абмене і гандлі вырабамі са шкарлупіны страусавых яек — адной з найбольш старажытных формаў чалавечых упрыгажэнняў.


Навукоўцы з Германіі вывучылі больш за 1,5 тысячы такіх пацерак, знойдзеных у 31 месцы на поўдні і ўсходзе Афрыкі на адлегласці амаль тры тысячы кіламетраў. Аналіз паказвае, што каралямі, якія і ў наш час працягваюць насіць паляўнічыя-збіральнікі ў Афрыцы, абменьваліся на вялізных адлегласцях, такім чынам абменьваючыся сімвалічнымі паведамленнямі і ўмацоўваючы саюзы.

«Гэта як ісці па следзе хлебных крошак. Пацеркі — гэта падказкі, якія былі раскіданыя ў часе і прасторы і чакалі, каб іх заўважылі», — распавяла вядучы аўтар даследавання Джэніфер Мілер з Інстытута гісторыі чалавецтва імя Макса Планка ў горадзе Ена.

Параўнаўшы вонкавы дыяметр яечнай шкарлупіны, дыяметр адтулін усярэдзіне і таўшчыню сценак, навукоўцы высветлілі, што каля 50 тысяч гадоў назад людзі ва Усходняй і Паўднёвай Афрыцы пачалі рабіць са страусавых шкарлупін амаль аднолькавыя каралі. Пры гэтым групы і супольнасці былі падзелены вялізнымі адлегласцямі, што прадугледжвае існаванне сацыяльнай сеткі, якая злучае людзей у аддаленых рэгіёнах.

«Вынік дзіўны, але заканамернасць зразумелая», — адзначыў іншы аўтар даследавання, Імін Ван, які таксама працуе ў Інстытуце Макса Планка.

Пацеры са шкарлупіны страусавых яек — адны з найстарэйшых формаў упрыгажэнняў, хоць і не першая ў Homo sapіens. Навукоўцы лічаць, што мужчыны і жанчыны пачалі мазаць сябе чырвонай охрай з эстэтычнай мэтай каля 200 тысяч гадоў таму, а 75 тысяч гадоў таму — насіць каралі.

Індустрыя ўпрыгажэнняў жа ўзнікла каля 50 тысяч гадоў таму ў Афрыцы, калі былі выраблены першыя каралі са шкарлупіны страусавых яек — самая ранняя стандартызаваная форма упрыгажэнняў, вядомая археолагам. Яе выкарыстанне складае адну з самых даўніх культурных традыцый чалавецтва, якая ўключае выяўленне ідэнтычнасці і адносін. Як выказалася Джэніфер Мілер, «гэтыя малюсенькія пацеркі здольныя раскрыць вялікія гісторыі аб нашым мінулым».

Тым не менш, першая ў свеце сацыяльная сетка не праіснавала доўга. Каля 33 тысяч гадоў таму характар нашэння караляў рэзка змяніўся: яны зніклі з Паўднёвай Афрыкі, але захаваліся ва Усходняй. Мілер і Ван мяркуюць, што за гэтым стаялі кліматычныя змяненні, якія праз 17 тысяч гадоў спынілі існаванне найстарэйшай сацыяльнай сеткі на планеце.


У NASA вынайшлі біяпрынтар для адпраўкі на арбіту

Навукоўцы з NASA тэсціруюць новы біяпрынтар, які друкуе медыцынскі пластыр з клеткамі скуры астранаўтаў, што знаходзяцца на МКС. Аб гэтым сказана на сайце касмічнага агенцтва.

Прылада завецца Bіoprіnt FіrstAіd. Яна нагадвае пісталет і працуе з дапамогай біячарніл, якія змешваюцца з жывымі клеткамі чалавека. У NASA кажуць, што на выхадзе атрымліваецца дастаткова трывалы матэрыял, які нагадвае гіпс — надрукаваная «тканіна» застывае вельмі хутка, так што ёю адразу можна пакрыць як парэзы, так і апёкі.

Звычайныя бінты не заўсёды могуць быць у космасе. Напрыклад, у выпадку парушэння паставак грузаў на МКС ёсць рызыка, што медыцынскія рэчы скончацца, а любая рана для астранаўтаў вельмі небяспечная з-за моцнага крывацёку ва ўмовах бязважкасці, ды і звычайныя бінты ў такіх умовах малаэфектыўныя, кажуць аўтары праекта.

Касманаўтам ужо адправілі першую партыю біяпрынтараў. Пакуль яны ладзяць тэсты і высвятляюць, наколькі такія бінты эфектыўныя ў космасе.


Названы здольны падоўжыць жыццё прадукт

Навукоўцы з Гарвардскага ўніверсітэта мяркуюць, што ўжыванне цёмнага шакаладу дапаможа пераадолець генетычную схільнасць да ранняй смерці. Пра гэта паведаміла газета Express.

Адзначаецца, што іх даследаванне паказала: людзі, якія ўжывалі дадзены прадукт, жылі на год даўжэй за тых, хто яго не еў. З-за высокага ўтрымання антыаксідантаў і мінералаў цёмны шакалад паляпшае крывяны ціск і здольны прадухіліць развіццё анкалогіі і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Акрамя таго, ласунак паляпшае памяць і работу мозга, а таксама здольны паменшыць рэзістэнтнасць да інсуліну.

Як заўважылі навукоўцы, чым вышэйшая канцэнтрацыя какавы ў цёмным шакаладзе, тым больш актыўных злучэнняў ён утрымлівае. Даследчыкі таксама ўказалі: у тых, хто з'ядаў па тры пліткі такога шакаладу на месяц, рызыка заўчаснай смерці была на 36 працэнтаў ніжэйшая.


Прэснаводныя насякомыя: першыя ў свеце разбуральнікі скал

Новы для навукі від аўсянікаў аказаўся адзінай устаноўленай на дадзены момант прэснаводнай казюркай, якая выклікае біяэрозію сілікатных горных парод. Прадстаўнік старажытнага атрада крылатых насякомых быў адкрыты вучонымі Федэральнага даследчага цэнтра комплекснага вывучэння Арктыкі імя акадэміка Лаверава і Паўночнага (Арктычнага) федэральнага ўніверсітэта (Архангельск) у ходзе работ па ацэнцы прэснаводных біярэсурсаў М'янмы па запыце ўрадавых органаў гэтай краіны. Вынікі даследавання апублікавалі «Известия».

Казюркі жывуць у басейне ракі Баго (цэнтральная частка М'янмы) у месцах, дзе рака прарываецца скрозь скальныя грады, складзеныя алеўралітамі (адмысловая разнавіднасць горнай пароды). У цясніне з бурнай плынню і парогамі навукоўцы выявілі скальныя пароды, паверхня якіх была скрозь у адтулінах. Аддзяліўшы кавалак алеўралітавай пліты, яны выявілі ўнутры хады лічынак аўсянікаў.

«Гэта першае ў свеце прэснаводнае насякомае, здольнае разбураць скалы, і першая ў свеце жывёліна, якая выклікае эрозію цвёрдых горных парод, але не мае марскіх сваякоў, а першапачаткова сфарміравалася ў прэснаводным асяроддзі», — адзначыў кіраўнік навуковай групы, дырэктар Федэральнага даследчага цэнтра комплекснага вывучэння Арктыкі імя акадэміка Лаверава, член-карэспандэнт РАН Іван Болатаў.

Падкрэсліваецца, што раней навука звязвала працэсы біяэрозіі выключна з морамі і акіянамі. Лічылася, што макрабіяэрозія ў прэснай вадзе адсутнічае як такая. Аднак у 2018 годзе навукоўцы выявілі ў рацэ Каладан на паўночным захадзе М'янмы першы прэснаводны арганізм, які выклікае эрозію сілікатных парод. Біёлагі выказалі здагадку, што малюск-бурыльшчык Lіgnopholas flumіnalіs першапачаткова быў марскім відам, але па меры тэктанічнага ўздыму і пры замяшчэнні марской вады прэснай адаптаваўся да новага асяроддзя пасялення.

У 2019 годзе група амерыканскіх навукоўцаў апісала ўнікальных малюскаў (карабельных чарвякоў), якія разбураюць горныя пароды ў невялікай рацэ на Філіпінах. Па словах Болатава, навукоўцы вылучылі гіпотэзу аб тым, што ўсе тры віды прэснаводных бурыльшчыкаў — малюск-свідравальнік з Каладана, карабельны чарвяк з Філіпін і аўсянік-каменяед з Баго — адбыліся ў групах бесхрыбетных жывёлін, адаптаваных да свідравання драўніны.

Гэта азначае, што эвалюцыйны пераход ад свідравання драўніны да свідравання камянёў прасцейшы, чым пераход ад вольнага ладу жыцця да свідравання камянёў. Гэтаму спрыяюць пэўныя марфалагічныя асаблівасці.

«У прыватнасці, у аўсянікаў ёсць масіўныя сківіцы, якія працуюць як перфаратар. Карабельныя чарвякі надзелены ракавінай у выглядзе свердзела, а малюскі-бурыльшчыкі — конусападобнай ракавінай, круцячы якую, яны прабіваюць хады ў горных пародах. Мы мяркуем, што ў сувязі з недахопам затопленай драўніны ў месцах пасялення драўняныя бурыльшчыкі перайшлі да пошуку сховішчаў і прабівання хадоў у новым субстраце — у скалах», — сказаў Болатаў.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.