Вы тут

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага


Падчас падарожжаў трапляюцца мясціны, якія пакідаюць асабліва глыбокі след у душы, бо з'ядноўваюцца там супрацьлеглыя рэчы: вялікая прыгажосць і вялікі боль... Так здарылася з нашай вандроўкай у Красны Бераг. Дарэчы, калі я вывесіла ў сеціве запіс аб гэтым падарожжы, па звычцы пераклала: Чырвоны Бераг. Мяне тут жа паправілі краязнаўцы: не перакладаецца «Красны», бо старажытная гэта назва, мае агульнаславянскае значэнне —  «прыгожы»...


Манеты ў падмурку і чыгунка ў аб'езд

І сапраўды, мясціны жывапісныя — непадалёк ад Жлобіна, каля рэчкі Дабосна... Нездарма ў 1867 годзе мясцовы маёнтак, упадабаўшы, купіў інжынер-палкоўнік Бабруйскай крапасной артылерыі Аляксандр Багародскі... Пан інжынер-палкоўнік так палюбіў гэтыя краявіды, што не пашкадаваў грошай, каб падкупіць калег-інжынераў, што праводзілі тут Лібава-Роменскую чыгунку — а рэйкі мусілі прайсці ледзь не пад вокнамі маёнтка... Багародскі быў перакананы, што паравоз — пачвара, ад дыму якой падаюць птушкі, і дамогся, каб чыгунку аднеслі за вярсту ад сядзібы.

Але ўсяго дзесяць гадоў Багародскі паваладарыў тут, а потым — ці збанкруціўся, ці ў карты прайграўся — прадаў Красны Бераг генерал-лейтэнанту артылерыі Міхалу Гатоўскаму, пры якім і з'явіўся тут каменны палац па праекце архітэктара Шротара. Паводле легенды, пад кожны вугал палаца ўладальнік паводле звычая паклаў па залатой манеце — маўляў, пакуль яны будуць тут, будзе стаяць і палац. Запэўніваюць, што манеты ляжаць дасюль. А Гатоўскі праз нейкі час перадаў сядзібу ў пасаг улюбёнай дачцэ Марыі, якая стала жонкай багацюшчага прадпрымальніка, «гарэлачнага цара Зауралля» Вінцэнта Козел-Паклеўскага... Так што сёння сядзіба вядомая як сядзіба Козел-Паклеўскіх.

Урокі ў зале ракако і гарэлачныя каралі

Але калі мы падыходзім да брамы, груба стылізаванай пад замкавую, бачым надпіс з літар, прымацаваных да сеткі-рабіцы, нацягнутай паміж вежачкамі: «Краснобережский аграрный колледж». Першая літара «а» ў слове «аграрны» згубілася...

Сапраўды, пасля ўсталявання тут савецкай улады ў сядзібе зладзілі сельскагаспадарчы тэхнікум, які пазней стаў каледжам. Навучэнцам пашанцавала — палац выглядае казачна. Зялёная чарапіца на спічастых дахах, чырвоная цэгла, белы камень... Цудоўны парк, разбіты садоўнікам Францішкам Шаніерам — кажуць, яго ахоўвае крумкач, тубылец-доўгажыхар. Крумкача мы не бачым, затое ёсць хімеры. Проста са сцяны палаца шчэрацца на цябе металічныя пачвары з разяўленымі пашчамі — сумесь ільва, казы і змяі. Гаспадары далі волю фантазіі... Зрэшты, 36 пакояў палаца даюць магчымасць адчуць сябе ў самых розных эпохах і краінах.

Мы купляем білеты і замаўляем экскурсавода... Зноў зайздросцім тым, хто тут вучыўся. У зале ракако, аказваецца, быў кабінет эстэтыкі, у зале, стылізаваным пад Сярэднявечча, адбываліся ўрокі рускай мовы... Гіпсавая столь тут імітуе драўляную, некалі была пазалота... А вось казка тысячы і адной ночы — пакой у маўрытанскім стылі... Ручная разьба па алебастры. Падобнае, кажуць, ёсць толькі ў султанскім палацы ў Гранадзе. Былі яшчэ сусальнае золата і лазурак, мэбля з Дамаска, інкруставаная перламутрам, і персідскія дываны…

Што ні куток — адметнасць...То цяжкі каваны кандэлябр, то падлога з аптычнай алюзіяй — здаецца, узор з кругоў, заходзіш — бачыш квадраты... Ляпніна, разьба... Гатычная лесвіца... Зімні сад... За камінам — шлях у пакой-сейф, у якім гаспадары захоўвалі багацці.

Зрэшты, такая раскоша не дзівіць, калі ведаць уладальнікаў... Бацька мужа Марыі Гатоўскай, Альфонс Фаміч Козел-Паклеўскі, нарадзіўся ў Быкаўшчыне, што на Віцебшчыне. Вучыўся ў Віленскай акадэміі... Але паўстанне 1830 года не дало закончыць адукацыю, перабраўся ў Астрахань, потым у Сібір.

Тут надзвычай энергічны шляхціц змог не проста прыжыцца — а займець мільённы капітал. Пачаў з таго, што купіў параход «Аснова» і адправіў у першы рэйс у Табольск... Праз некалькі гадоў меў сваё параходства. А таксама заняўся вытворчасцю гарэлкі і віна, так што ў хуткім часе яго называлі «гарэлачным каралём Зауралля». Нават Транссібірскую магістраль па ягоных просьбах (і хабары) перасунулі... У адрозненне ад колішняга ўладальніка Краснага Берага Багародскага, Альфонс Козел-Паклеўскі разумеў каштоўнасць чыгункі, таму станцыя Транссібірскай магістралі пад назвай Паклеўская з'явілася побач з яго Таліцкімі маёнткамі, каб адгружаць прадукцыю з бровараў, а гэта штогод 800 тысяч вёдраў спірту і 800 тысяч вёдраў піва. Нездарма магнат родам з Віцебшчыны стаў прататыпам персанажаў раманаў Маміна-Сібірака.

У Альфонса выраслі тры сыны, Іван, Вікенцій і Станіслаў, сапраўдная залатая моладзь. У прэсе здзекліва пісалі пра іх буйныя ўчынкі на свецкіх вечарынах. Вось цытата з пецярбургскага тэатральнага часопіса: «Ад знаёмых я даведаўся потым, як шалелі гэтыя два браты Паклеўскія-Козел з абодвума Тэрлецкімі, колькі было прайграна грошай у Монтэ-Карла, у Пецярбургу і Белакаменнай».

Вінцэнт Козел-Паклеўскі стаў спадкаемцам справы... І ўдала. Нават пашырыў прадпрыемства. Напрыклад, стаў галоўным экспарцёрам азбесту — магчыма, таго, з якога выраблена столь у маўрытанскай зале. Меў пяцьдзясят маёнткаў. Так што атрыманы з пасагам Марыі Гатоўскай Красны Бераг для яго — толькі адна з летніх рэзідэнцый. Але якая жывапісная...

Мы ходзім па залах — вось самы старажытны экспанат, шафа, якой 300 гадоў, дзівімся на пацямнелую разьбу. Вось касцюмы XІX стагоддзя — аказваецца, арыгіналы. Калі белую сукенку надзявалі на манекен, давялося манекену звужаць талію... А што хочаце, гарсэты паненкі насілі. Абраз Маці Божай «Прыбаўленне розуму» таксама няпросты, а старажытны італьянскі, з легендай. Прыйшла паненка ў краму, папрасіла выяву «Каралева прыгажосці»... А мнішка ёй мудра прапанавала больш карысную.

Шпіталь для акупантаў

Дзіва для Беларусі, што так добра ўсё захавалася... Нават падчас трагічных ваенных падзей, калі былі зруйнаваныя многія гістарычныя помнікі, сядзіба ацалела...

Але ёсць у гэтай нібыта ўдалай акалічнасці страшны бок.

Ацалела, бо фашысцкія захопнікі зладзілі ў прыгожай сядзібе шпіталь для сваіх параненых. А каб лячыць іх, патрабавалася донарская кроў. Якую бралі ў беларускіх дзетак.

Некаторых з іх, нам сказалі, трымалі тут жа, у сутарэннях сядзібы... Але справа была пастаўленая шырока, не толькі для мясцовага шпіталя. У Красным Беразе зладзілі дзіцячы донарскі канцлагер...

Мы выходзім з шыкоўнага палаца — цяпер ягоныя багатыя інтэр'еры ўспрымаюцца злавесна... Праходзім па гожых прысадах — ёсць магчымасць пастаяць на пляцоўцы над ціхімі празрыстымі водамі Дабосны. Мы не сталі шукаць знакаміты Савіны камень, які нібыта выконвае жаданні — у ім дзве адтуліны, як савіныя вочы... Ці смарагды там хаваў аканом, ці ў пракаветнай даўніне самі ўтварыліся? Затое на Дрэва жаданняў павязалі стужачкі, якія можна набыць у музеі. Наш наймаладзейшы спадарожнік, чатырохгадовы Кастусёк, старанна завязвае стужачку на галінку... А я паўтараю сама сабе: дай Божа, каб ён і ўсе сучасныя беларускія дзеткі ніколі не зведалі і ценю таго, праз што давялося прайсці тут маленькім вязням...

«У мяне адбілі лёгкія...»

Кіруемся ў мемарыял дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, які побач з сядзібай... У Краснабярэжным дзіцячым донарскім канцэнтрацыйным лагеры, найбуйнейшым з пяці такіх лагераў на Беларусі, трымалі дзетак ад 8 да 14 гадоў. Забіралі адусюль, з вёсак розных раёнаў... У адных цалкам выцягвалі кроў тут, іншых адпраўлялі ў Германію. Каб кроў не згусала, рабілі спецыяльныя ўколы. Кажуць, дзяцей падвешвалі, робячы надрэзы... Апісваюць, як клалі на сталы з нахілам, замацоўваючы ручкі ахвяр у спецыяльных адтулінах. Колькі дзетак тут замучылі? Сустракала розныя лічбы... Верагодна, каля пяці тысяч. А ўсяго, здаецца, прайшло праз гэты канцлагер 15 тысяч вязняў. У акце надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці ад 20 лістапада 1944 года гаворыцца: «На этом пункте дети проходили медицинский осмотр в комиссии, после чего их грузили на станции Красный Берег в поезд и отправляли в Германию для взятия крови на лечение раненых немецких солдат и офицеров. Всего для этой цели немцы увезли 1990 детей...»

Першае, што бачым, — скульптура дзяўчынкі-падлетка з паднятымі ўверх тоненькімі рукамі, якая стаіць на каменьчыках колеру крыві — аўтар скульптуры Аляксандр Фінскі. Каля ног бронзавай дзяўчынкі, на тых чырвоных каменьчыках, — цацкі, якія прыносяць наведвальнікі. Наш малы Кастусёк, аднак, да пухнатых медзведзяняткаў і зайчыкаў не цягнецца: ён прыціх, аглядаецца, адчуваючы нешта трывожнае... Цяжка знайсці патрэбныя словы, каб распавесці яму пра той жах, які тут адбываўся... Але трэба знайсці.

Помнік дзяўчынцы невыпадковы... Бо менавіта ў дзяўчынак часцей сустракаецца самая запатрабаваная група крыві, першая з дадатным рэзусам.

Ад Плошчы Сонца мемарыяла, на якой стаіць скульптура, цягнуцца промні-прысады. Адзін з іх чорны... Колеру смерці. Вакол — яблыневы сад. Архітэктар Леанід Левін якраз і выбраў менавіта гэтае месца з-за яблыневага саду, які сімвалізуе неўміручасць жыцця. Асабліва шчымліва тут у час квецені...

Чорны Прамень Памяці праходзіць праз Мёртвы клас — стылізаваныя белыя пустыя парты і школьная дошка. На «дошцы» — словы, якія маглі б належаць прататыпу помніка ў цэнтры кампазіцыі... Ліст да бацькі дзяўчынкі Каці Сусанінай, якую змусілі прыслугоўваць сям'і важнага нямецкага акупанта ў Лёзне. Страшныя падрабязнасці бесчалавечных адносін... «Я стала очень худенькая, мои глаза ввалились, косички мне остригли наголо, руки высохли, похожи на грабли. Когда я кашляю, изо рта идёт кровь — у меня отбили лёгкие... Да, папа, и я рабыня немецкого барона, работаю у немца Шарлэна прачкой, стираю бельё, мою полы. Работаю очень много, а кушаю два раза в день в корыте с Розой и Кларой — так зовут хозяйских свиней». Вядома, што Каця пасля таго, як 12 сакавіка 1943 года напісала і схавала ў печку гэты ліст, пакончыла з сабой, каб не ехаць з гаспадарамі ў Германію...

На скульптуры «Караблік Надзеі», якая нагадвае стылізаваны папяровы караблік, імёны дзетак, узятыя з лагерных дакументаў: Марына, Насця, Зоя, Вера, Аркаша, Цёма, Арына... А далей — 24 «мальберты» з дзіцячымі малюнкамі. Гэта незвычайныя малюнкі... Іх намалявалі адразу пасля вызвалення Мінска навучэнцы студыі легендарнага педагога Сяргея Каткова. Малюнкі знайшла адна з аўтараў мемарыяла, дачка Сяргея Каткова Святлана. Яны светлыя, радасныя — маленькія мастакі, якія перажылі жахі акупацыі, шчыра стваралі той свет, які б хацелі вакол сябе бачыць.

Лагер быў вызвалены падчас аперацыі «Баграціён» у канцы чэрвеня 1944 года. Як пісала газета «Красная Звезда», «нашы воіны знайшлі ў лагеры сотні трупаў дзяцей, якія гітлераўцы не паспелі спаліць. А дзеці, што засталіся жывыя, мелі гранічную ступень знясілення. І потым, нягледзячы на экстранныя меры савецкіх урачоў, многія з іх загінулі».

Дарэчы, як піша аўтар таго артыкула Павел Траяноўскі, замучаных дзетак хавалі ў парку сядзібы... Напэўна, іх прах. Цяпер і цудоўныя прысады англійскага парку ўспрымаюцца па-іншаму.

Яшчэ з матэрыялаў згаданага Траяноўскага: на пункт прыёму палонных немцаў пад Бабруйскам даставілі фельдфебеля ў жаночай сукенцы — маскіроўка не дапамагла. Ён працаваў у гэтым дзіцячым канцлагеры. Калі вылюдка папыталіся — як жа ён, немалады чалавек, сам бацька, мог там працаваць, фельдфебель адказаў толькі няўцямнае: «Загад...» Маўляў, толькі развозіў кантэйнеры з крывёю.

Мала засталося сведчанняў пра той жудасны дзіцячы лагер. Па-першае, адзінкі выжылі. Па-другое, дзіцячая памяць не ўсё можа ўтрымаць... Асабліва тое, што па-за межамі чалавечнасці. Былы вязень Рыгор Галубіцкі ва ўспамінах, змешчаных у кнізе «Дзеці вайны», згадвае, як ім загадалі памыцца ў Дабосне, потым пад канвоем павялі на агляд, а там стаялі тазы з чалавечымі органамі.

Дзецям вешалі на шыі шыльды, на якіх была напісана група крыві. Страшна, што па той бок агароджы ад дзетак стаялі маці... І нічога не маглі зрабіць. Немцы стралялі ім пад ногі, каб адагнаць... Жанчыны вярталіся. Часам удавалася перакінуць праз дрот скруткі з ежай і... ядавітай травой. Дзеці, хто кеміў, маглі нацерціся ёю, утвараўся сып, і быў шанц, што «хворага» выганяць з лагера. Некаторыя такім чынам ратаваліся.

Але, зразумела, гэта былі адзінкі...

Мы пакідаем Красны Бераг узрушаныя.

Казачная прыгажосць сядзібы, куды ўсё больш і больш едзе турыстаў. Таямнічая лагода парку і ракі. Мемарыял у яблыневым садзе, з партамі, за якія ніколі не сядуць вучні...

Безумоўна, сюды варта прыязджаць. І не прамінаць ні прыгажосці, ні болю.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Маўрытанская столь, пустыя парты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.