Вы тут

Дзецям і дарослым. Анімацыйнае кіно на кінафестывалі «Лістапад» было прадстаўлена асобнай конкурснай праграмай


Анімацыйнае кіно на сёлетнім Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» было прадстаўлена асобнай і паўнавартаснай конкурснай праграмай. Нягледзячы на тое, што анімацыя на конкурсе заяўлена ўпершыню, была атрымана максімальная колькасць заявак — 530. Пасля работы камісіі па адборы засталося ўсяго 50.


Афіша анімацыйнага фільма «Дзеці вайны».

Праграмны дырэктар, сцэнарыст і аніматар Канстанцін Андрушачкін напярэдадні адкрыцця «Лістапада» адзначаў:

— Геаграфія ўдзельнікаў значная — 21 краіна: Германія, Ізраіль, Мексіка, Францыя, Японія, Паўднёвая Карэя, Бельгія, Нідэрланды, Іран, Калумбія, Кітай, Саудаўская Аравія, Палесціна, Сербія і іншыя. Ёсць і беларускія фільмы. Некаторыя ўжо пабывалі на іншых кінафестывалях — Берлінскім, Канскім, Венецыянскім, Лакарнскім. Тым не менш ёсць і карціны, якія для гледача адкрывае менавіта наш фестываль.

У кінатэатры «Беларусь» мінчане маглі азнаёміцца з анімацыйнымі карцінамі. Для мацнейшага эфекту арганізатары кінафоруму сфарміравалі пяць анімацыйных праграм: тры для дзяцей 6+ і дзве для дарослых гледачоў 16+: «Казкі і гісторыі», «Пра дзяцей і дарослых», «З усмешкай», «Сур’ёзная размова», «Вобразы вайны». Для новай праграмы было запрошана прафесійнае журы. Старшынёй калегіі прызначаны вядомы беларускі рэжысёр, кампазітар, сцэнарыст, уладальнік спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кіно» Ігар Волчак. Разам з беларускім мультыплікатарам ацэньвалі фільмы Дзяніс Чарноў, адзін са стваральнікаў вядомага мультыплікацыйнага серыяла «Смяшарыкі», і Махамед Газала, егіпецкі рэжысёр-мультыплікатар, загадчык кафедры візуальнай і лічбавай вытворчасці Універсітэта Эфат у Саудаўскай Аравіі.

На закрыцці фестывалю 11 лістапада былі агучаны пераможцы ў 6 намінацыях анімацыйнай праграмы. Асобны спецыяльны прыз Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта за ўвасабленне духоўнасці ў мастацтве атрымаў фільм беларускай рэжысёркі Наталлі Касцючэнкі «Класікі і шахматы», зняты сёлета да 140-годдзя класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Уручыў узнагароду намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран.

Найлепшым фільмам конкурсу анімацыі стала карціна «Бывай, Жэром» французскіх рэжысёраў Габрыэль Сельнэ, Хлоі Фар і Адама Сіяра. Яскравы аповед пра мужчыну Жэрома, які апынуўся ў раі і выправіўся на пошукі сваёй жонкі Мэрэлін.

Работа Уры Латана «Чорная горка» стала найлепшым анімацыйным фільмам для дзяцей. Галоўны герой — Эвія, сціплы падлетак, які са сваім найлепшым сябрам забіраецца на «чорную горку» — самы высокі атракцыён  у аквапарку. Хлопчык яшчэ не ведае, што гэта стане для яго падрыхтоўкай да падзей дома. Фільм атрымаў 11 узнагарод на міжнародных кінафестывалях па ўсім свеце.

Прыз «За актуальнасць тэмы» падзялілі фільмы конкурснай праграмы «Вобразы вайны». «Чужы хлеб» — карціна Андрэя Бахурына, якая ў змрочных адценнях паказвае кароценькую гісторыю дзяўчынкі. Тая нясе хлеб для сваёй хворай суседкі ў блакадным Ленінградзе. За ёй неадступна ідзе смерць, што змяняе вобразы. Фільм атрымаў дыплом у катэгорыі «Кароткаметражны фільм» на 27-м адкрытым расійскім фестывалі анімацыйнага кіно ў г. Суздалі (2022).

«Міласэрны анёл» — 9-хвілінны анімацыйны фільм сербскай рэжысёркі Бяціны Срэмка. Складзены з дакументальных аповедаў і размоў з відавочцамі, фільм апавядае пра авіяўдары войск НАТА ў 1999 годзе па былой Рэспубліцы Югаславія. Праз сны і яскравы пурпурны колер аўтары фільма змаглі перадаць пачуццё страху, які не адступае і не праходзіць.

Раім звярнуць увагу таксама на некаторыя іншыя фільмы. «263 ночы» — беларуская карціна рэжысёра Ірыны Тарасавай. У цэнтры гісторыі 26 яўрэяў, якія пасля знішчэння Мінскага гета хаваліся ў падвале дома на працягу 263 дзён. Рэальная аснова падзеі і чорна-белая анімацыя вяртаюць гледача ў жах, які немагчыма ўсвядоміць і прыняць, перажыць.

«Ноч» — фільм 2021 года сумеснай вытворчасці Германіі, Катара, Палесціны ды Іарданіі. Трэцяя работа нямецка-палесцінскага рэжысёра Ахмада Салеха. Вобразная і падкрэслена цёмная гісторыя жанчыны ў разбураным горадзе. У ваеннай буры яна згубіла дзіця, і ноч падманам прымушае яе заснуць, каб уратаваць душу.

«Дастаткова канца вайны» — анімацыйная работа Сімонэ Масі, рэжысёра з Італіі. Прытча і разважанне аб чалавецтве, якое адмовілася ад вайны.

«Дзеці вайны» — дакументальная гісторыя ад якуцкай рэжысёркі Сардааны Барабанавай. Вядомая ў Расіі як кінадакументаліст, прадзюсар, яна распавяла аб няпростым жыцці якуцкіх дзяцей у часы Вялікай Айчыннай вайны.

Узнагароду «За захаванне традыцый» атрымаў кітайскі анімацыйны фільм «Уюн», зняты ў гэтым годзе рэжысёрам і выкладчыкам Пекінскай кінаакадэміі Сі Чэнем. Трывожны аповед пра жанчыну з дзіцем на руках, якая просіць дапамогі ў двух мінакоў.

Спецыяльным прызам журы сёлета быў узнагароджаны фільм «Чацвёртая сцяна». Іранская рэжысёр Мабубе Калаі стварыла канцэнтраваны сусвет, які існуе на кухні, аднаго хлопчыка з заіканнем, дзе і ёсць прастора для гульні. Сапраўднай альбо ўяўнай.

Анімацыйная карціна расійскай рэжысёркі Васілісы Цікуновай «Пад аблокамі» атрымала ўзнагароду «За вобразную паэзію». Малады баран Уолтэр марыць стаць воблакам, бо тыя зусім свабодныя і нікому не падпарадкоўваюцца. Шлях да мары становіцца цалкам непрадказальнымі.

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.