Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Супраць лома няма прыёму»


Праца — другі дом. Дзевяць гадзін (з улікам абеду) — на працы, восем — на сон, дзве — дарога, крама... З сям’ёй мы маем зносіны менш, чым з калегамі. Хочаш не хочаш, а калектыў — другая сям’я. Ну, як кажуць, у роду не без выроду, а на працы не без службовых раманаў, плётак, інтрыг і разборак. Вось і ў нашым аддзеле канфлікт: маланкі ў позірках, грымоты ў рэпліках... і абстаноўка ўсеагульнага раздражнення.


Фота: pixabay.com

Зоя Катабой дыктавала парадкі і крытыкавала калегаў направа і налева. «Працуюць, як дохлыя коні», «казкі Венскага лесу ў іншым месцы будзеце распавядаць!» — яе любімыя фразы. За спіной начальніка аддзела каментавала яго ўказанні няйначай, як: «Гэты непрытомны стратэгію разводзіць...» Чаму «непрытомны», ніхто не пытаўся, усе рабілі выгляд, што не чуюць. Зоі быў абвешчаны байкот як пратэст яе хамству, але чаканага ўздзеяння ён не меў.

Больш за ўсіх перападала галоўнаму спецыялісту Данілаўне, можа, таму што яна была галоўным, а Зоя проста спецыялістам, ці таму, што з Данілаўнай часта па тэлефоне ветліва размаўляў муж, а ў Зоі мужа не было. Ці мала якія прычыны? Больш таго, Данілаўна пасварылася са сваёй старой сяброўкай. На наступны дзень Зоя схадзіла «ў разведку» да яе сяброўкі, даведалася пра ўсе таямніцы Данілаўны — і стала такія эпітэты адпускаць у адрас жанчыны, што мама не гаруй: «карова», «малпа», «дохлы конь» і нават — «страшная як само жыццё». Вой-вой!

Пастаўлены лакам чуб Зоі выглядаў ваяўніча, а вішнёвыя вусны грэбліва крывіліся, вывяргаючы хулу. Можна было меркаваць, што Зоя «адкінулася» з месцаў не дужа аддаленых, але гэта было не так. Яна з’явілася на прадпрыемстве пасля чарговай праверкі кантралюючых органаў, а да гэтага працавала на будоўлі. Яе сын меў даволі высокую пасаду.

Як сцягам, размахвала яна званнем сына і скручвала суседзяў і калегаў у бараноў рог. Ледзь што — каронная фраза: «будзеш гэта ў іншым месцы распавядаць, толькі пракурору...». Усе старанна абыходзілі яе бокам. Данілаўна з грубіянкай не звязвалася і ігнаравала яе выпады. Але аднойчы не вытрымала і звольнілася.

Казалі, што былы муж Зоі працаваў у райкаме камсамола — камандзіроўкі, злёты, жанчыны і... шлюб доўжыўся не больш за год. Сына Зоя гадавала адна. Сляды нягод ляглі на яе твар глыбокімі зморшчынамі.

На месца Данілаўны прыйшла інтэлігентная жанчына Вольга — сярэдніх гадоў і моцнага целаскладу. Яна прыйшла з дзяржструктуры. У аддзеле на месяц запанаваў мір і спакой. Катабой радавалася, што і ёй ёсць з кім перакінуцца словам ці выпіць гарбаты. Калі Зоя выходзіла на перакур, калегі выказвалі сваё адмоўнае стаўленне на адрас грубіянкі, але калі тая заходзіла, закопваліся ў паперы, і наступала цішыня...

«Відаць, шмат выпрабаванняў выпала на долю гэтай жанчыны, ператварыўшы яе ў монстра», — думала Вольга і не падтрымлівала байкот. Адносіны з усімі супрацоўнікамі ў яе былі роўныя. На скаргі калегаў Вольга прапанавала: «Чаму не абмеркаваць праблему спачатку з Зояй, а калі не дапаможа, то з дырэктарам?»

Аднак даведаўшыся, як Зоя трапіла на прадпрыемства, сказала: «Тады трэба ўжыць іншы прыём». Які — не агучыла. Месяц Зоя паводзіла сябе адэкватна і знаходзілася ў добрым настроі, нават распавяла калегам, як сабрала з клумбы пад акном недакуркі і высыпала суседу на парог, таму што ён паліць на балконе і кідае недакуркі ўніз на клумбу.

Але натура — на тое і натура, каб сябе праяўляць, і праз месяц натура Катабой сябе праявіла. Зоя фарбавала вусны, калі міма прайшла Вольга. Можа, яна ёй святло засланіла, можа, пад руку трапіла? І ёй услед у звыклым рытме і тоне панеслася:

— Строіць тут з сябе нешта! Выведу i цябе на чыстую ваду... Будзеш даваць справаздачу перад пракурорам…

Рэакцыя ў новенькай была настолькі нечаканай, што ў супрацоўнікаў перахапіла дыханне:

— Ну, гадзіна! Яшчэ слова — і я цябе ўласнымі рукамі задушу!

Скачком пераадолеўшы адлегласць ад дзвярэй да стала, Вольга працягнула рукі да горла Зоі. Яе вочы гарэлі. У Зоі задрыжала ніжняя губа, і, збялеўшы, яна адхіснулася на крэсле да сцяны.

— Я нічога, я нічога... — пралепятала яна, заікаючыся.

— Толькі вякні яшчэ раз хоць на кагосьці! — папярэдзіла Вольга і, павярнуўшыся, пайшла, як нічога і не было. 

Цішыня стаяла мёртвая, у шоку былі ўсе. Калі Вольга вярнулася, яна з усімі кантактавала, у тым ліку і з Зояй, як быццам інцыдэнту і не было. Прайшоў яшчэ месяц, і зноў Зоя сарвалася. Толькі яна пачала фразу, як Вольга стала павольна падымацца з-за стала.

«Задушу», — зашыпела яна скрозь зубы. Зоя куляй вылецела з кабінета.

У той жа дзень Зоя звольнілася без адпрацоўкі і больш на прадпрыемстве не з’яўлялася. Калегі радаваліся такому абароту справы і дзякавалі Вользе за вызваленне, хоць за вочы і шапталіся: «Нічога сабе выхадкі ў інтэлігенткі! Невядома, чаго ад гэтай асобы яшчэ дачакаемся!»

Вольга пра гэта здагадвалася і ўсміхалася: «Гэта была інсцэніроўка, я не кідаюся ў бойку і не люблю скандалаў. Проста супраць лома няма прыёму, акрамя іншага лома».

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.