Вы тут

Сабачка Альма зноў сустрэнецца з юным чытачом. У яе выйшла «свая» кніга


Многія хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмы з гераіняй твораў Алеся Марціновіча сабачкай Альмай. Палюбілі і яе сяброўку котку Лізу. А даведаліся дзеткі пра іх нямала цікавага і незвычайнага з кніжак «Альма. Прыгоды на зямлі і ў космасе» і «Ліза — пераможца тыгра». Сабачка Альма аўтару «дапамагала» пісаць кнігу «Оленёнок Саша и другие сказки», падказваючы, пра што яшчэ можна расказаць. І раптам адбылося нечаканае: Альме самой захацелася пісаць казкі. Гэтым жаданнем яна і падзялілася з Алесем Андрэевічам. Як быццам зрабіць гэта не так і цяжка.


Жаданне жаданнем, толькі ці атрымаецца што з гэтага? Можна, канечне, прыдумаць цікавыя эпізоды, але не кожны падасць іх па-свойму. Тым больш калі гэта сабачка. Доўга пісьменнік думаў, пакуль знайшоў выйсце. Яно ж аказалася не такім і складаным. Альма будзе што-небудзь пісаць, а тое, што атрымаецца, паказваць яму — каб мог нешта паправіць, падказаць. Некалькі месяцаў яна бавіла час за камп’ютарам, а Алесь Марціновіч праглядаў напісанае. У рэшце рэшт рукапіс быў гатовы. Узрадаваўся не толькі ён, але і Ліза: «Атрымалася!» Задумаліся, як кніжку назваць. Альма прапанавала так: «Казкі, расказа- ныя Сабачкай Альмай». А чаму і не? Асноўную ж працу рабіла яна. Але Ліза прапанавала свой варыянт — «Казкі сабачкі Альмы» — і патлумачыла, чаму ён лепшы: «Адразу відаць, што ты і аўтар, і апавядальнік». На гэтым і пагадзіліся. Як усё адбывалася, Алесь Марціновіч расказаў у прадмове «Казку напісала... сабачка». 

Кніга невялікая аб’ёмам, усяго сем твораў. Акурат такая, што юным чытачам і падабаюцца, яна пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Малюнкі дакладна дапаўняюць тое, пра што апавядаецца. Нібыта бачыш усіх герояў, пра каго гаворыць Альма. Яны так намаляваны, што сталі для дзетак адразу добрымі знаёмцамі. Гэта мастачка Віялета Жук пастаралася.

Мой сын з кніжкай некалькі дзён знаёміўся. Я ж прачытала яе, як кажуць, на адным дыханні, усё больш пераконваючыся, што гэта акурат тое, што дзецям і неабходна. Аўтарам, безумоўна, удала выбраны апавядальнік. Вядома, цікава, калі нешта расказвае сам пісьменнік. А тут пра розныя гісторыі прамаўляе сабачка — адна з тых, каго па праве мы лічым сапраўдным сябрам чалавека. Гісторыі, з якімі яна знаёміць, адна адной займальней. Першая называецца «Цю- лень Цёпа — герой Крайняй Поўначы». Як вядома, усе цюлені непаваротлівыя, а гэты такі, што нават мама, якая вельмі любіць яго, сярдуе: «Усё ў цябе не так, як у іншых». Праўда, у яго таты іншая думка: «Ніякі не недарэка сынок наш. Проста зусім маленькі яшчэ. Убачыш, з яго вырасце выдатны Цёпа». Праўду казаў ён.

Усе загаварылі пра яго, як выратаваў белага мядзведзя. А ён жа «ў даўжыню ледзь не тры метры...» Усе яго баяліся, Тыранам Крайняй Поўначы называлі. Толькі так было раней. Прайшлі гады, пастарэў ён. Аднойчы ніяк з палонкі не мог выбрацца, а поруч нікога. Ды каб і бачыў, што ён у небяспецы, наўрад ці паспяшаўся б дапамагчы. Адзін Цёпа, які быў побач, адважыўся. Падаў ён мядзведзю свой хвост і, хоць і з цяжкасцю, выцягнуў з палонкі. Пасля гэтага інакш сталі ўспрымаць Цёпу: «Яго пачалі называць героем Крайняй Поўначы. Асабліва радаваліся цюлені. Разумелі, што гэта гонар і для ўсіх іх». У наступнай казцы — «На арэлях з сонечных промняў» — зусім іншая гісторыя. Нічога легендарнага, але тое, што адбываецца з героямі, вельмі шчымліва-кранальнае, нават забываеш аб тым, што перад табой браты нашы меншыя.

Галоўны персанаж — вожык Шурок. Ён сам выбраў сабе такое імя. Мама ха- цела назваць яго Шнурочкам, паколькі заўсёды ходзіць за ёй, а яму спадабалася гэтае. Іншыя персанажы — кот Базыль, певень Паша, сабака Пірат. Здавалася б, ніякае сяброўства з імі немагчыма, аднак, аказваецца, яны як адна дружная сям’я. Над вясковай хатай, каля якой жыў Шурок, у сонечны дзень праплывалі аблокі. Яму падабалася адно з іх: «Чаму — ён адказаць не мог. Як быц- цам яно было гэткае ж, як іншыя. І беленькае, і пушысценкае. Ды менавіта без гэтага воблачка яму станавілася так самотна, што месца сабе не знаходзіў. Хацелася з ім пазнаёміцца». Дапамог Пірат: ён завыў, а воблачка апусцілася ніжэй. Так Шурок і пазнаёміўся з той, пра каго марыў. Яе звалі Машай... Не менш цікавая казка «Эх, запрэжка!

Ды мышыная», якая, між іншым, «вырасла» з казкі «На арэлях з сонечных промняў». Кот Базыль таксама хацеў на іх пакатацца. Толькі з гэтага нічога не атрымалася, бо аказаўся такім цяжкім, што промні не змаглі яго падняць у паветра. Пасля кот задумаў насельнікаў двара па-свойму здзівіць. Прымусіў мышэй пакатаць па двары ў калясцы. Як гэта атрымалася, і расказваецца ў казцы. Маленькія чытачы будуць у захаплен- ні, пазнаёміўшыся з «„Птушачкамі“ ў акварыуме» — так называецца яшчэ адна казка. Тут Ліза прызналася Альме, што яна «паэт у душы». Без маралізатарства, без дыдактызму аўтар даводзіць, як важна адчуваць у паўсядзённым жыцці, у наваколлі тое, што трапляе пад вызначэнні «вабнае» і «прыгожае».

Гэта тое, з чаго і пачынаецца паэзія. Шмат радасці прынясе хлопчыкам і дзяўчынкам і знаёмства з казкай «Скакунчык, ён жа Заяц — Плясь-Нага»! Знаёмячыся з заключнай казкай «Як воўк Плакса ваўком Сябруком стаў», можна западозрыць Алеся Марціновіча ледзь не ў плагіяце. Многія ж памятаюць мультыплікацыйны фільм «Лагодны воўк», створаны на кінастудыі «Беларусьфільм» паводле аднайменнай казцы Алены Маслы, які стаў лаўрэатам Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад-2018». Кніга ж з ёй увайшла ў вучэбную праграму па прадмеце «Беларуская літаратура» для пазакласнага чытання. Толькі папрокі гэтыя марныя, бо, калі сабачка Альма пісала свой твор, ні пра саму казку, ні пра анімацыю нічога не ведала. Ды і калі ёсць ў іх падабенства, дык толькі ў выбары галоўнага героя. У астатнім жа...

Многае сведчыць аб тым, наколькі начытаная апавядальніца Альма і як у яе шмат сяброў. Прыклад — «Драбок Дарынка», у якой сабачка расказвае пра наведванне з дарослымі заказніка «Званец», што знаходзіцца на тэрыторыі Драгічынскага і Кобрынскага раёна. Яны пабывалі ў драгічынскай частцы. Там Альма і напаткала адну з самых рэд- кіх птушак з сямейства вераб’іных. Панавуковаму яе завуць вяртлявай чаротаўкай, а размоўная назва — птушачкадрабок. А Дарынкай Альма назвала яе пры знаёмстве. Яшчэ адну — Зарынкай, трэцюю — Заранкай...

Прыводзяцца ў казцы і звесткі, якія дзеці не ўсюды атрымаюць. Напрыклад, такія: «<...> вяртлявай чаротаўцы неабходны нізінныя балоты, багатыя разнастайнай расліннасцю. У „Званцы“ іх вельмі шмат. Таму чаротаўка і згадала „Званец“. У гэтым заказніку пражывае блізу 27 працэнтаў з той колькасці чаротавак, што ёсць на ўсёй Зямлі. Увогуле ж у Беларусі іх, чаротавак, каля 43 працэнтаў».

Кніжка цікавая не толькі сваёй пазнавальнасцю, але і даходлівасцю выкладання матэрыялу. А яшчэ, што вельмі важна ў творах, адрасаваных дзецям, тым даверам, з якім аўтар звяртаецца да чытачоў. Правільней, сама сабачка Альма, якая дзеліцца сваімі ўражаннямі, развагамі і вельмі радуецца, калі што-небудзь у тых, пра каго яна расказвае, атрымліваецца. Яна яшчэ спадзяецца сустрэцца з юным чытачом. 

Хто ведае, калі яна прадоўжыць гэтую кнігу. Котка Ліза любіць пакпіць з Альмы, і мне здаецца, што яна, пазнаёміўшыся з гэтым гісторыямі, усміхнулася: «Пакуль, Альмуша, ты будзеш думацьгадаць, сама вазьмуся сваю кніжку пісаць». Што ж, застаецца пачакаць, хто з іх першы спраўдзіць абяцанае.

Сняжана РУДНІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.