Вы тут

«Малочныя ванны» для посуду... Як з журналіста вырас кераміст


Кераміка не менш чым выяўленчае мастацтва можа паказаць няўлоўную ў хуткім жыццёвым рытме прыгажосць простых рэчаў. У гэтым пераканана кераміст з гарадскога пасёлку Любча Навагрудскага раёна Гродзеншчыны Вольга Жарнасек. З берагоў Нёмана ў гасцінны горад над Сожам майстрыха прывезла аўтарскі посуд. Яе вырабы прапануе ацаніць выстава «Кераміка і этнабатаніка», якая адкрылася ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава ў Гомелі. 


Увасобіла ў жыццё мару юнацтва

Гліна для яе чароўны матэрыял, які немагчыма выпусціць з рук. З матэрыялам і ганчарным кругам любоў з першага спаткання ў жыцці журналіста па адукацыі Вольгі Жарнасек здарылася амаль праз 10 гадоў таму. Пасля ўніверсітэта яна, малады спецыяліст, прыехала працаваць ў Асіповічы. Там пазнаёмілася з ганчарамі ў дзіцячай школе мастацтваў. Два гады яна займалася ў класе ганчарства народнага майстра Дзмітрыя Паляшчука.

І ўсё ж да рашэння на прафесійным узроўні займацца керамікай Вольга прыйшла праз шмат гадоў, калі з’явілася свая сям’я. Ёй — гарадскому, урбанізаванаму да мозга касцей чалавеку, як сама сябе характарызуе — давялося прызвычайвацца да жыцця ў сельскай мясцовасці. 

— Зразумела, што цяпер жыццёвую прастору трэба напаўняць не гарадскімі рэчамі, таму і пусціла ў сваё сэрца прыроду, — дзеліцца Вольга Жарнасек. — На той момант я ужо дзесяць гадоў займалася керамікай. Вырашыла развівацца ў гэтым кірунку далей. Займела печку для работы з каляровай глазурай. Таму што керамісту не дастаткова вырабляць рэчы толькі з тэракотавай абпаленай гліны.

Сёння ў Вольгі — сямейная майстэрня: яе муж, сын і дачка - першыя памочнікі ў творчым працэсе. 

Градус творчасці

Аўтарскія вырабы майстрыхі разнастайныя — ад керамічных сувеніраў да посуду. На выставе «Кераміка і этнабатаніка» ў Гомелі можна пабачыць менавіта аўтарскі посуд Вольгі Жарнасек. Прадстаўлена «палівана-малачоная» кераміка. 

— Даўно калекцыяную беларускі народны посуд і я заўсёды захаплялася, як у ім спалучаюцца паміж сабой бліскучы глазураваны верх і шурпаты, са слядамі часу адваротны бок. У сваім посудзе я таксама вырашыла паўтарыць гэтую традыцыйную менеру. Але ніжні бок посуду выконваю ў тэхніцы «малачэння»: наносіцца малако альбо кефір, паўторна апякаецца посуд ужо на меншай тэмпературы. «Малачэнне» і дае цікавы карычневы колер, нібыта архаічнага посуду. Многіх цешыць шурпаты, таксама пасля «малачэння», ніз майго посуду. На ім перадаю фактуру грубай тканіны, — раскрывае дэталі творчага працэсу майстрыха.

У кераміцы Вольга адкрала для сябе захапленне ад перадачы адбітку на гліне раслін — дзікаросаў, зёлак, палявых кветак, якія растуць каля яе дома. 

— Свежая гліна, як капірка, паўторыць абрысы ўсяго, што да яе дакранецца. Мне стала цікава паглядзець, які адбітак пакінуць звычайныя для нас расліны. Такім чынам любы гарадскі чалавек, які не заўсёды можа ацаніць простыя дзікаросы, акунецца ў прыгожы раслінны свет, — пераканана Вольга.

Мова раслінных пасланняў 

На яе аўтарскім посудзе прынцыпова адбіткі толькі раслін, уласцівых для беларускай мясцовасці. На выставе яна прадставіла вырабы з адбіткамі 25 раслін, якія адыгрывалі значную ролю ў жыцці нашых продкаў. 

— Іх не толькі ўжывалі ў ежу, але і лячыліся імі, выкарыстоўвалі ў хрысціянскіх ці магічных народных абрадах, — тлумачыць кераміст і зазначае, што падчас стварэння сваёй расліннай калекцыі пасуду вывучала літаратуру аб культурных народных традыцыях, цікавілася этнабатанічнымі традыцыямі беларусаў.

— Так, на выставе можна знайсці посуд з адбітак амялы. Нягледзячы на тое, што гэта расліна-паразіт, вядома, што ў народнай традыцыі рэчыцкага Палесся амяла была шанаванай. Расліну не толькі на дрэве не чапалі, але і дрэвы не секлі, калі яна на іх сялілася. 

Вольга прызнаецца, спачатку ставіла для сябе задачу — перадаць на посудзе адбіткі ні больш ні менш сарака раслін. Але, як аказалася, не ўсе яны пакідаюць цікавыя, фактурныя сляды на гліне. Пры гэтым, каб уся гэта гісторыя па-сапраўднаму зайграла, адбіткі раслін кераміст імкнулася «пасябраваць» з колерам глазуры на посудзе. 

— Яе адценне мяняецца ў залежнасці ад тэмпературы. Пасля 250 градусаў паліва цямнее. На выставе ёсць вырабы, пакрытыя чорнай глазурай. Так я вызначыла посуд з адбіткамі магічных для нашых продкаў раслін: папараць, крываўнік, чартапалох. Рабіла іх выявы адмыслова на цёмным фоне, каб падкрэсліць, што ў беларускай народнай традыцыі яны былі звязаныя з абрадавай магіяй, — зазначае кераміст.

Ёй вельмі спадабаецца працаваць і перадаваць на посудзе фактуру крываўніка: выдатна «адцяняе» на гліне свае лісткі і квяцістую «шапку». А вось няўдалы эксперымент — праца з адбіткам падбелу. Расліна настолькі мяккая, узгадвае кераміст, што не пакідае адметнага адбітку-малюнку. Перадаць дробныя дэталі фактуры: сетачкі, жылкі, карункі ліста ці кветкі — вось сапраўдная «фішка» яе посуду. 

Цікава, што Вольга Жарнасек наўмысна не ставіць на вырабах аўтарскае кляймо. Тлумачыць проста: кожная адзінка посуду — шчаслівае дзіця, яго выгадавала майстрыха-маці і адправіла ў свет. 

— У асяроддзі такія як я майстроў ёсць класны выраз: ганчар посуд лепіць, а ў чарапках ежу варыць. Гэта і пра мяне, прызнаюся. Але трэба неяк выпраўляць такое палажэнне спраў, — заклікае кераміст і падкрэслівае: яе аўтарскія вырабы — з’ява ўтылітарная. — Посуд пакрыты бяспечнымі матэрыяламі, харчовай палівай. Вельмі хочацца, каб людзі не ўспрымалі яе як дэкаратыўны сувенір. Карысталіся ў паўсядзённым жыцці: частавалі дзяцей, сваіх любімых, дарагіх сэрцу людзей.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.