Вы тут

У Афрыцы прапаноўваюць стварыць школы з вывучэннем рускай мовы


У Алматы студэнты маюць патрэбу ў інтэрнатах

Міністр навукі і вышэйшай адукацыі Саясат Нурбек даў даручэнне кіраўнікам алмацінскіх універсітэтаў стварыць максімальна камфортныя ўмовы для студэнтаў, паведаміў «Хабар 24!».

Акрамя таго, неабходна тэрмінова вырашаць праблему недахопу месцаў у інтэрнатах. Па даных міністэрства, летась у краіне не хапала 87 тысяч ложка-месцаў. У наступныя восем месяцаў гэтая лічба скарацілася да 55 тысяч. Былі заключаны гадавыя дагаворы з гатэлямі і хостэламі. Таксама за кошт інвестыцый у мінулым годзе пачата будаўніцтва інтэрнатаў на 10 тысяч месцаў. Па падліках экспертаў, у гэтым навучальным годзе толькі ў Алматы каля 33 тысяч студэнтаў будуць мець патрэбу ў інтэрнатах.


Афрыканскі менталітэт «загучыць» на рускай мове

Прэзідэнт Расіі прапанаваў стварыць у афрыканскіх краінах школы з вывучэннем рускай мовы і выкладаннем на ёй, а таксама адкрыць філіялы вядучых расійскіх ВНУ. Бо толькі за апошнія пяць гадоў колькасць афрыканскіх студэнтаў у расійскіх ВНУ павялічылася ў паўтара раза — да 35 тысяч. Пра гэта заявіў эксперт Цэнтра вывучэння Афрыкі факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Усевалад Свірыдаў.

«Пашырэнне выкладання на рускай мове важна, каб афрыканцы ўліваліся ў расійска-афрыканскія адносіны, працавалі на інтарэсы Расіі і краін Афрыкі, а не з’язджалі з англійскай мовай працаваць у краіны Захаду. Філіялы расійскіх ВНУ ў Афрыцы могуць аказваць не толькі адукацыйныя паслугі, але і кансультацыйныя, аналітычныя, экспертныя. Гэта будуць зоны інтэлектуальнага, акадэмічнага ўплыву расійскіх вядучых ВНУ», — адзначыў ён.

Эксперт дадаў, што Афрыцы можа быць цікавы досвед Расіі ў такіх кірунках, як сельская гаспадарка, энергетыка, падрыхтоўка інжынерных кадраў. Афрыканскім краінам патрэбны спецыялісты ў сферах аховы здароўя, адукацыі, інжынерыі, праграмаванні. На думку эканаміста, Расія можа даць афрыканцам поўныя пакетныя рашэнні і прапановы па гэтых напрамках.

Расійскія ВНУ ж, паводле слоў эксперта, ад такога ўзаемадзеяння атрымаюць дадатковы прыток студэнтаў, у тым ліку платных. Міжнароднае супрацоўніцтва пашырыцца за кошт прыцягнення экспертаў і выкладчыкаў з краін Афрыкі.

А ў расійскіх школах пачалі вывучаць афрыканскія мовы суахілі і амхарскі ў якасці дадатковых, паведаміў дырэктар Інстытута краін Азіі і Афрыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Маслаў. Ён заявіў, што ў краіне рыхтуецца новае пакаленне людзей, якія будуць здольныя разумець менталітэт афрыканскіх краін і іх асноўныя мадэлі развіцця.

«У школах Расіі пачынаюць у якасці дадатковых моў выкладацца суахілі і амхарскі, чаго ўвогуле не было нават у часы Савецкага Саюза. Гэта значыць, што мы маем скразную падрыхтоўку «школа — універсітэт — работадаўца», — растлумачыў ён. Акрамя таго, эксперт дадаў, што ў ВНУ таксама стануць адраджаць амаль зніклыя мовы, такія як ёруба і самалійская.


Гэта ж як трэба было сумаваць па школе!

У амерыканскім штаце Нью-Джэрсі ў горадзе Нью-Брансуік 29-гадовая жанчына змагла паступіць у мясцовую школу, пакуль у ёй не распазналі прытворшчыцу. Як паведамляе ABC7, у судзе яна распавяла, што проста сумавала па школьных гадах і атмасферы ў навучальнай установе.

Хечон Шын, грамадзянка Паўднёвай Карэі, прыехала ў ЗША ў 16 гадоў на вучобу. Дзяўчына скончыла закрытую школу-інтэрнат, а затым паступіла ў ВНУ і атрымала дыплом Ратгерскага ўніверсітэта. Мінулі гады, і Хечон Шын зразумела, што сумуе па школе, таму яна вырашыла падрабіць пасведчанне аб нараджэнні і іншыя дакументы, паводле якіх ёй было 15 гадоў. З гэтымі паперамі 29-гадовая жанчына паступіла ў старэйшую школу Нью-Брансуіка і на працягу чатырох навучальных дзён хадзіла на заняткі са старшакласнікамі.

Увесь гэты час Хечон Шын актыўна размаўляла з аднакласнікамі і спрабавала ўгаварыць іх на сустрэчы па-за школай. Неўзабаве супрацоўнікі вырашылі праверыць яе дакументы, і ім не ўдалося ўстанавіць асобу яе бацькоў або законнага апекуна. Вучні і іх бацькі западозрылі жанчыну ў намеры нашкодзіць дзецям. Аднак у судзе праз свайго адваката яна здолела давесці, што проста сумавала па школе і з-за стрэсу ў асабістым жыцці вельмі хацела вярнуцца ў атмасферу школьных гадоў, калі яна не была такая самотная і адчувала сваю абароненасць.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.