Вы тут

Робаты замест вучняў, аплатная практыка для студэнтаў і рэестр казак


А што вы думалі? Бацькоўскія гены не схаваеш!

У кожнага другога расійскага бацькі-медаліста (54 працэнты) дзіця заканчвае школу з залатым або сярэбраным медалём, паказвае апытанне сэрвісу SuperJob.

Залежнасць ад матчыных поспехаў аказалася меншай: толькі 42 працэнты маці, якія скончылі школу з медалямі, паведамілі аб аналагічных дасягненнях сваіх дзяцей.

У 56 працэнтаў бацькоў, якія вучыліся на «пяцёркі», дзеці таксама заканчваюць школу з выдатнымі ацэнкамі. У 59 працэнтаў бацькоў-«харашыстаў» нашчадкі таксама атрымліваюць у асноўным «чацвёркі». А вось 40 працэнтаў бацькоў-«троечнікаў» кажуць, што іх сыны і дачкі вучыліся лепш, чым яны самі, і скончылі школу на «чацвёркі».


Аплатная вытворчая практыка для студэнтаў

Ва Узбекістане студэнты старшых курсаў змогуць праходзіць аплатную практыку на прадпрыемствах. Эксперымент запусцяць ужо ў найбліжэйшым навучальным годзе ў адным з універсітэтаў сталіцы.

Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падпісаў адпаведны ўказ. Эксперымент пройдзе ў рамках дуальнай сістэмы адукацыі «Майстар прафесіі», якую пачнуць уводзіць ужо ў 2023/2024 навучальным годзе для студэнтаў трэціх-чацвёртых курсаў Ташкенцкага інстытута тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.

Практыка будзе праходзіць у супрацоўніцтве з прадпрымальнікамі. Спачатку Гандлёва-прамысловая палата вызначыць, у якіх кадрах маюць патрэбу вытворчыя прадпрыемствы і сфера паслуг, а таксама якія патрабаванні яны прад’яўляюць да патэнцыяльнага кандыдата. Затым ведамства размесціць інфармацыю аб працоўных месцах на сайце, каб студэнты маглі азнаёміцца з ёй і выбраць прыдатныя вакансіі.

Праграму вытворчай практыкі зацвердзяць навучальныя ўстановы сумесна з прадпрыемствамі і Гандлёва-прамысловай палатай. За яе праходжанне студэнтам будуць налічваць заробак, частку якога штомесяц возьме на сябе Дзяржаўны фонд садзейнічання занятасці.


У Расіі створаць рэестр казак, абрадаў і былін

Аб’екты нематэрыяльнай спадчыны розных народаў — казкі, быліны, абрады, рамёствы, традыцыі, танцы і звычаі — хутка збяруць у адным рэестры. Пастанову аб вядзенні і стварэнні такой тэхналогіі падпісаў прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін. Пра гэта паведамляецца на сайце ўрада РФ.

У рэестры можна будзе даведацца, як з’явіліся танцы розных народаў і пасля якіх падзей складаліся быліны, якія ўключаны ў школьную праграму. Гэта дасць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з разнастайнасцю культуры Расіі і з захавальнікамі традыцый краіны. Усе звесткі будуць у вольным доступе ў інтэрнэце.

«Стварэнне агульнадаступнага інфармацыйнага рэсурсу дазволіць спрасціць вывучэнне, выкарыстанне, захаванне і папулярызацыю нематэрыяльнага этнакультурнага здабытку», — гаворыцца на сайце ўрада.

У кастрычніку 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб нематэрыяльным этнакультурным здабытку Расіі, у якім даручыў стварыць такі рэестр казак, захоўваць і вывучаць культуру розных рэгіёнаў.


Замест вучняў у школы адправяць... Робатаў

Улады японскага горада Кумамота ў рамках барацьбы з прагуламі і булінгам у школах прапанавалі замест вучняў у класы накіроўваць робатаў, паведаміў інтэрнэт-партал Іnsіder Paper са спасылкай на агенцтва AFP.

Прапануецца ўжо з лістапада накіроўваць у навучальныя ўстановы самаходных робатаў вышынёй не больш за метр, якія будуць самастойна перамяшчацца з класа ў клас, а школьнік будзе кіраваць ім дыстанцыйна. Ідэя выкарыстоўваць кіраваных вучнямі робатаў з’явілася на фоне заклапочанасці ўладамі краіны ростам колькасці прагулаў урокаў навучэнцамі. Школьнікі ідуць на такі крок з-за здзекаў і зневажанняў з боку аднагодкаў, піша партал.

«Стасункі з дапамогай гэтых робатаў не з’яўляюцца цалкам рэальнымі, але могуць даць пэўнае адчуванне рэальнасці дзецям, якія ўсё яшчэ няўпэўненыя і баяцца ўзаемадзеяння з іншымі. Мы спадзяёмся, што гэта дапаможа такім дзецям пераадолець іх страхі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік горада Макі Ёсідзата.

Паводле апошняга апытання міністэрства адукацыі, па ўсёй Японіі колькасць вучняў, якія прагульваюць, у пачатковай і сярэдняй школе дасягнула рэкорднага ўзроўню ў 2021 годзе, калі паказчык склаў 244 940 выпадкаў.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.