Вы тут

Алесь Бычкоўскі. «Адарка»


Алесь Бычкоўскі нарадзіўся ў Беразіно Мінскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працуе ў раённай газеце «Бярэзінская панарама». Аўтар кніг «Дзеці Сільмарыліёна», «Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры» і іншых. Алесь Бычкоўскі стварае прозу ў жанрах фантастыкі, фэнтэзі, аднак і рэальнае жыццё з яго праблемамі, складанасцямі чалавечых стасункаў не выпадае з фокусу ўвагі пісьменніка. Няпростая сямейная гісторыя Адаркі моцна паўплывала на яе лёс: псіхалагічна траўмаваная ў дзяцінстве жанчына не змагла стварыць нават уласную сям’ю. Аднойчы яна атрымлівае вестку ад бацькі, аб якім нічога не ведала на працягу сямнаццаці гадоў. Раптам даўнія падзеі набываюць новае тлумачэнне, і свет Адаркі перакульваецца…

Алена БРАВА


Фота: pixabay.com

Адарцы было трынаццаць, калі яна выцягнула з кашалька ў маці пяць рублёў. Зараз ёй стукнула ўжо трыццаць, і хоць учынак той недарэчны, няёмкі даўно кануў у нябыт, аднак час ад часу ўсплываў у памяці. Здаецца, нічога страшнага не адбылося, не канец свету (ну хто ў дзяцінстве не шкоднічаў), але ж сумленне не давала спакою, калі наведваў даўні ўспамін. Многае забылася — і добрае, і злое, а гэта — не. Так і насіла з сабой цяжар віны ўсе сямнаццаць гадоў. Думала, прызнаецца аднойчы ва ўсім, ды то сорам не даваў, то зручнага, на яе погляд, моманту не выпадала. І чым далей ішоў час, тым складаней здавалася расказаць маці пра той учынак.

Тады, у 88-м, пяць рублёў лічыліся грашмі, анягож — самы дарагі коржык каштаваў восем капеек, а бохан хлеба — васямнаццаць. Адарка ўжо і не помніла, на што патраціла тыя грошы; некалькі разоў у кіно схадзіла, гэта дакладна. І сёння ізноўку згаданы выпадак паўстаў перад вачыма, калі ў паштовай скрынцы ўбачыла пісьмо ад бацькі. Нечаканае пасланне ўзрушыла, усхвалявала, бо з татам не бачыліся ўсе сямнаццаць гадоў, з моманту як ён іх пакінуў, дакладней, калі маці папрасіла бацьку назаўсёды з’ехаць.

І вось — пісьмо, і сямнаццаць гадоў прадоння ў часе. Бацьку даўно запісалі ў нябожчыкі і нават не шукалі. А тут на табе — жывы татка, хоць і піша, што адчувае набліжэнне канца, таму хоча пабачыць дачку асабіста, паведаміць нешта важнае.

Адарцы было прыкра ўспамінаць сямейнае жыццё бацькоў. Тата быў аматарам выпіць, нават не аматарам — сапраўдным «прафесіяналам». Мама вінаваціла яго ў бясконцых здрадах — хаджэнні «налева». Замкнёнае кола кацілася з дня ў дзень, з года ў год і расплюшчвала Адарку, як каток. Скандалы, сваркі, лаянкі, бяссонныя ночы, выплаканыя вочы. Дзяўчынка востра перажывала ўсё гэта. Нярэдка не магла заснуць да пятай раніцы, пакуль крыкі ў хаце не сціхалі. Вяртацца дадому пасля ўрокаў у хатняе пекла Адарка не спяшалася і доўга, да вечара, соўгалася па горадзе. Цяжкая сямейная атмасфера адбілася на псіхічным стане, дзіця замкнулася ад усіх. Магчыма, гэта ўратавала дзяўчынку ад уплыву кепскіх кампаній, але, з іншага боку, зрабіла белай варонай. Аднагодкі трымаліся ад Адаркі асобна. Ды і іх захапленні — модныя дэфіцытныя шмоткі, музыка, кавалеры — былі Адарцы да лямпачкі, нават выклікалі раздражненне.

Адарка не магла сцяміць, чаму бацькі так доўга жывуць разам, атручваюць існаванне адно аднаму. Аднойчы дзяўчынка надумала скочыць з моста, спадзеючыся, што яе скон можа прымірыць бацькоў, але выпадковы прахожы ўратаваў Адарку. За гэтым пацягнуліся разборкі і тлумачэнні, нават педсавет у школе збіралі. Сапраўднай прычыны ўласнага ўчынку Адарка не назвала, спробу суіцыду спісалі на пераходны ўзрост і гармоны. Аднак мэта была дасягнута — сваркі ў доме спыніліся. Бацькі пачалі больш увагі ўдзяляць дачцэ, якой ужо споўнілася на той момант трынаццаць. Тады і здарыўся той учынак, які часам успамінае Адарка: яна выцягнула з матчынага кашалька грошы.

Перад тым, як іх пакінуць, бацька ўжо з паўгода не піў, і жыццё стала наладжвацца пакрысе, дом напаўнялі цішыня і спакой. Але ўсё роўна, адразу пасля школы Адарка дамоў не ішла, без справы сноўдалася па гарадскіх вуліцах. Скрадзеныя грошы дазволілі наведацца на дзённыя сеансы «Иглы», «Маленькой Веры», «Острова сокровищ», «Города Зеро». Праўда, у апошнім кіно школьніца нічога не зразумела.

Дзіўна, за сямнаццаць гадоў маці паўторна замуж так і не выйшла, і ў прымакі нікога не хацела, і кавалераў дамоў не вадзіла. «Хапіла мне аднаго на ўсё жыццё», — уздыхала жанчына і па-свойму мела рацыю.

Маці з непрыхаваным раздражненнем успрыняла навіну, якой пахвалілася Адарка.

— З’ездзі ўжо, раз так, наведайся, — параіла пасля напружанага маўчання. — Можа, спадчыну хоча пакінуць? Хаця якія спадкі ў п’яніцы.

* * *

Бацька сустрэў Адарку на вакзале, доўга глядзеў на яе, а потым абняў, прыціснуў да сябе. Сустрэча з татам, які жыў за паўтысячы кіламетраў, шакавала Адарку і бязлітасна зламала ўсе стэрэатыпы, сфармаваныя ў дзяцінстве. Тата выглядаў бадзёрым, імпазантным джэнтльменам, добры гарнітур ладна сядзеў на ім. Вобраз бацькі ніяк не сумяшчаўся з тым адбіткам памяці, дзе бацька быў зарослым, з пахам перагару і пастаянна мацюкаўся. Адарка зразумела, што перад ёю чалавек, якога яна, па шчырасці, ніколі не ведала.

У таты быў дом. Прыгожы ўтульны дамок з лазняй, дагледжанымі палісаднікам і градкамі. Адарку чакаў накрыты стол. Па прыкметах, якія распазнае кожная жанчына, дачка зразумела, што бацька жыве адзін.

— Хіба я мог забыцца на тваю матулю? — адказаў ён на прамое пытанне.

Адарка сабралася з думкамі, каб задаваць пытанні, але бацька спыніў яе жэстам і папрасіў выслухаць.

Яго расповед Адарка слухала, не перапыняючы, і міжволі звярнула ўвагу на маршчыністы твар і рукі, якія выдавалі ўзрост, сівізну ў валасах бацькі. Ён быў блізкім і адначасова далёкім. Усё ж сямнаццаць гадоў — вельмі шмат. Дзіўна, але адначасова ў дзяўчыны ўзнікла пачуццё, што гэтага прадоння часу і не было ніколі: бацька заўсёды як быццам быў побач, толькі ніхто не ведаў.

Пасля спробы дачкі скочыць з моста ён зразумеў, што так больш жыць нельга. І праўда, палову года тата захоўваў цвярозасць і моцна трымаўся абранага курсу. Але для яго заставалася загадкай, чаму маці ўсё ж папрасіла сабраць манаткі і каціцца на ўсе чатыры бакі. Толькі потым дапяў, што ва ўсім гэтым, няйначай, крыецца воля Божая. У гэтым месцы споведзі Адарка дзіка зірнула на яго. Так-так, менавіта, з’ехаў у іншы горад, каб распачаць жыццё з чыстай старонкі. Уладкаваўся на працу, дзе пазнаёміўся з вернікамі. У канцы 80-х за веру людзей ужо не катавалі, наадварот, сярод партыйнага кіраўніцтва раптам стала модным свечку ў храме паставіць. Бацька ж трапіў у асяроддзе тых істапраўных адэптаў веры, якія з надыходам перабудовы ўздыхнулі з палёгкай. Ён нават псалмы чытаў у храме і дапамагаў бацюшку. Пашчасціла апынуцца побач з тымі, хто сам некалісьці бедаваў з-за гарэлкі, але адмовіўся, распачаў новае жыццё. Потым насталі 90-я: крызіс ва ўсім, нястача, выжывалі як маглі. З сябрамі заняліся нейкім бізнесам, у гэтым месцы можна і прапусціць шмат падрабязнасцяў. Вялікіх грошай не зарабіў, аднак на тое, каб збудаваць утульны дамок, хапіла — якраз у пачатку таго перыяду, калі бязладдзе ў дзяржаве пайшло на спад, саступаючы месца навядзенню парадку. І зараз ён меў дом, любімую работу. Праўда, так і не ажаніўся больш, але не бяда. Галоўнае, што жыццё аднавілася, выкруцілася ў правільнае рэчышча. І вось ён перакананы, што менавіта дзеля гэтага ўсё і было.

Агаломшаная ўбачаным і пачутым, Адарка напрыканцы задалася пытаннем: няўжо за ўсе гады ў бацькі ні разу не ўзнікла думкі нагадаць пра сябе, расказаць ёй з матуляй пра ўласныя перамены? Дзіўна было Адарцы, свярбела дакапацца да прычын. Адказ бацькі быў цалкам нечаканым.

— Дык жа тэлефоніў маці не менш за сто разоў, расказваў, тлумачыў, але ж... Яна не паверыла, што Бог змяняе людзей. І ні ў якую, колькі я ні спрабаваў угаварыць, вось дзе крамяная жанчына. Хаця яе можна зразумець. Прасіла, каб я цябе не турбаваў. Дарэчы, шмат разоў высылаў вам грошы, яна ні капейкі не ўзяла, вяртала назад паштовым пераводам. Аднак цяпер я парушыў забарону, хвароба мяне грызе нядобрая, — тата вытрымаў паўзу. — Пераязджай да мяне жыць. Сям’і ўласнай у цябе, дачушка, няма, дык і губляць няма чаго. Пазнаёмлю цябе тут з важнымі людзьмі, дапамагу ўладкавацца на добрае месца. Будзеш як сыр у масле. Можа, яшчэ і маці ўгаворыш падацца следам.

* * *

Дадому Адарка вярнулася іншай. Свет вакол яе нібыта перакуліўся. Жанчына нібыта дабралася да краю свету, а за ім убачыла працяг і наогул адсутнасць краю ў прынцыпе. Усё нутро гарэла пытаннем да маці «Чаму ты не сказала?», аднак слова Адарка не прамовіла ніводнага. Толькі суха павіталася і прынялася метадычна складаць рэчы, моўчкі пакаваць вялізны чамадан.

Маці адразу ўсё зразумела, з разгубленым выглядам сачыла за рухамі Адаркі і церабіла кухонны ручнік, акрайчыкі якога падрыгвалі. Потым моўчкі павячэралі, моўчкі прыбралі са стала.

— Калі ты паедзеш, я буду зусім адна, — вырвалася ў маці.

Ужо немаладая жанчына здавалася бясконца стомленай, разбітай, перагарэлай знутры. Адарцы на імгненне зрабілася шкада матулю. І яна ўсё ж задала пытанне, якое гняло яе пасля вяртання ад бацькі.

— Не казала табе нічога, думала, так будзе лепш, — выдала маці прадказальную банальшчыну і дадала: — Даруй мне.

Пачуццё недасказанасці і раптам абуджанае сумленне, якое трывожна драмала ў глыбінях душы, пацягнулі за язык. Калі і чакаць патрэбнага моманту, каб прызнацца ў даўнім кепскім учынку, то зараз самы лепшы час.

— Даруй мне таксама, мама. Гэта я выцягнула тады пяць рублёў з кашалька…

Адарцы стала лягчэй, адразу адпусціў даўні цяжар. Усталявалася працяглая паўза, якая пераўтварылася ў мёртвую цішыню. Маці нібы маланкай ударыла. Яна пачырванела, вылупіла вочы.

— Дык гэта ты зрабіла? Ты? Усе гэтыя гады я лічыла, што грошы скраў твой бацька. Ён жа ўжо не піў, але калі зніклі грошы з кашалька, я вырашыла, што ён ізноўку ўзяўся за старое, таму і папрасіла з’ехаць. Увесь гэты час я чакала, што ён нарэшце прызнаецца ў крадзяжы тых пяці рублёў. Што тая пяцёрка, паперка ўсяго, я чакала толькі аднаго слова, якое ён так і не сказаў... А гэта была ты!

У Адаркі ёкнула сэрца. Яна падбегла да маці, дапамагла ёй прысесці, накропала валяр’янкі.

А потым яны сядзелі, абняўшыся, бедавалі і радаваліся, плакалі і смяяліся, успамінаючы былыя гады і ўсё, чым тыя былі напоўненыя — горам, пакутамі, шчасцем... Жыццём. І, прызнаўшыся адна адной у грахах, раптам адчулі і ўбачылі сусвет у новым для сябе вымярэнні, у іншым святле. І адначасова зрабілі выснову: зараз давядзецца абедзвюм прасіць прабачэння ў бацькі і мужа.

Маці і дачка. Жанчыны...

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.