Вы здесь

Яўген Курчыч: Галоўныя перамогі чакаюць наперадзе


Ён прыйшоў у беларускую эстраду 19-гадовым юнаком. У вобразе рамантыка з чорнай шавялюрай скраў не адно дзявочае сэрца і запомніўся многім як пераможца тэлепраекта «Акадэмія талентаў». Здавалася, што амплуа салодкагалосага хлопчыка з таямнічай усмешкай прыляпілася да артыста назаўсёды. Але, на шчасце, нешта пайшло не так, і сёння мы ведаем Яўгена Курчыча не толькі як спевака, але і як акцёра, выкладчыка, мастацкага кіраўніка гурта «Маракасы».


— Памятаеце свой першы выхад на сцэну?

— Гэта было эфектна, бо на яе я не выйшаў, а... выехаў на веласіпедзе з песняй Юры Шатунова «Дзяцінства». Спяваць пачаў дзякуючы маме. Яна медработнік, але асоба творчая, самадзейнасць — гэта па яе частцы. Я пастаянна круціўся побач, вось да сцэны і прыкіпеў. Калі гаварыць больш падрабязна пра сябе, то я пайшоу доўгім і цікавым музычным шляхам. У 2011 годзе скончыў Мінскі каледж мастацтваў, зразумела, што там было няпроста. Даводзілася старацца ў тры разы больш, чым астатнім. З другога боку, для мяне тады ўсё было ў навінку, я пагружаўся ў кожны прадмет і выкладваўся па поўнай. У 2016 годзе скончыў з адзнакай Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, а ў 2018-м атрымаў ступень магістра мастацтвазнаўства, цяпер вучуся ў аспірантуры.

— У самым пачатку кар'еры вы ў складзе Тэатра песні Ірыны Дарафеевай аб'ездзілі ўсю Беларусь. Што запомнілася з тых працяглых гастроляў па самых аддаленых куточках краіны?

— Рэдка, але здаралася такое, што тры канцэрты выпадалі на адзін дзень. Мне, 19-гадоваму хлопцу, гэта было зусім нескладана. Здавалася, што магу выступаць увогуле без перапынкаў. Гэта быў своеасаблівы «курс маладога байца».

Менавіта падчас тых гастрольных тураў я ўбачыў, што для культуры ў нашай краіне робіцца шмат. Прыязджаеш у які-небудзь аграгарадок, а там у мясцовым ДК ёсць свой гук, добрае святло. Хоць галоўнае — гэта людзі. Яны ўмеюць прымаць гасцей, ветлівыя. Нават калі бачаць цябе першы раз.

— Восем гадоў вы спрабавалі прабіцца на «Славянскі базар». Летась мара збылася: прадстаўлялі краіну на конкурсе маладых выканаўцаў, дзе занялі трэцяе месца. Задаволеныя вынікам?

— Я атрымаў цікавы і каштоўны досвед. Часта да беларускіх удзельнікаў прадузятае стаўленне: маўляў, вы тут свае, і вас пралабіруюць пры любым раскладзе. Таму нашым артыстам складаней, чым замежным канкурсантам, у эмацыянальным плане.

Мне было важна не сябе паказаць, а годна прадставіць краіну на міжнародным узроўні. Імкнуўся дабіцца абсалютнай бездакорнасці выканання, ад гэтага цэлы тыдзень перад конкурсам не мог заснуць. Атрымалася ці не — меркаваць журы і гледачам.

— Ці не здаецца вам, што песенныя конкурсы — гэта перажытак мінулага? Сёння можна стаць папулярным, загрузіўшы свой трэк у інтэрнэт...

— Набралі вы праглядаў і «лайкаў», пэўны час вашы песні пакруцілі на радыё, і што далей? Што пасля рабіць з гэтай папулярнасцю, калі ў цябе нулявы досвед і няма ні капейкі на далейшае развіццё? Мы ведаем дзясяткі «зорак», якія праславіліся адной песняй, а пасля кудысьці зніклі. «Выстраліўшы» ў самым пачатку, трэба ўмець распарадзіцца славай: знайсці фінансавую і прафесійную падтрымку. Калі разабрацца, то ўбачым, што сённяшнія куміры моладзі не ўзніклі з ніадкуль. За імі стаяць прадзюсары, інвестары і цэлыя каманды з музыкантаў, аўтараў і піяршчыкаў.

Што датычыцца конкурсаў і тэлевізійных праектаў, то я не спяшаўся бы спісваць іх з рахунку. Яны фарміруюць цябе як артыста, многаму вучаць. Там ты перастаеш звяртаць увагу на дробязі (тэхнічныя непаладкі з гукам, святлом на канцэртах), перамагаеш мандраж, які ўзнікае перад вялікай аўдыторыяй. За кулісамі заўсёды можна пазнаёміцца з мэтрамі эстрады. «Славянскі базар» стаў для мяне чарговай прыступкай у кар'еры. Галоўныя перамогі яшчэ наперадзе. Магчыма, паспрабую свае сілы і ў іншых конкурсах такога кшталту. Але адразу папярэджу: «Еўрабачанне» найбліжэйшым часам штурмаваць не збіраюся.

— Дарэчы, многім запомнілася ваша група падтрымкі ў амфітэатры — гучная і вясёлая. Хто гэта быў?

— Мае студэнты. Ужо чатыры гады я з'яўляюся выкладчыкам кафедры мастацтва эстрады, кірунак «спевы», у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

— Вы, напэўна, лаяльны педагог?

— Наадварот. Патрабавальны і строгі. Але калі бачу патэнцыял і жаданне расці, буду дапамагаць чалавеку ўсім, што ў маіх сілах. Упэўнены: калі я нечага дасягнуў, то і студэнты могуць гэта зрабіць. Такі падыход дае вынікі. Мае выхаванцы з'яўляюцца лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, ёсць стыпендыяты Прэзідэнцкага фонду.

— Акрамя работы ва ўніверсітэце, тэатра і сольнай кар'еры, вы яшчэ з'яўляецеся мастацкім кіраўніком гурта з экзатычнай назвай «Маракасы». Раскажыце пра яго.

— Аснова праекта — якасная музыка і гумар. Дзе б мы ні з'явіліся, народ у першыя ж імгненні зараджаецца пазітывам. Лёгкасць, небанальная падача і маладзёжны імпэт падабаюцца публіцы. Праект жа студэнцкі! Паколькі «Маракасы» — калектыў універсітэта, у нас ёсць магчымасць працаваць з харэографамі, рэжысёрамі, музыкантамі, якія тут выкладаюць ці вучацца, і гэта вельмі крута. Сёння мы частыя госці вялікіх мерапрыемстваў, што праходзяць на галоўных пляцоўках краіны.

— Яўген, падкажыце, як пачаткоўцу прабіцца на вялікую сцэну?

— Умець спяваць, мець музычны густ і працаваць без выхадных і адпачынку. Мне смешна, калі каментатары ў інтэрнэце пішуць: «Няма харызмы — зоркай не стаць». Але што такое харызма, як праверыць яе наяўнасць? Гэта ўсё суб'ектыўна... Паколькі аўдыторыя сёння вельмі разнастайная, то кожны можа знайсці свайго слухача.

Праца артыста — гэта перш за ўсё аддача, якая доўгі час можа не прыносіць вынікаў. Усё, што маеш, ты ўкладваеш у сваё развіццё — песні, аранжыроўкі, касцюмы, рэкламу, кліпы, рэпетыцыі, работу над пластыкай і акцёрскім майстэрствам, заняткі ў спартыўнай зале. Прачынаешся і думаеш: каму я яшчэ сёння не патэлефанаваў, з кім не сустрэўся, куды не з'ездзіў, а яшчэ і ўвечары канцэрт... І гэтак кожны дзень. Калі вы гатовыя да такога ладу жыцця — сардэчна запрашаем!

Ганна КУРАК

Фота з архіва героя

Выбор редакции

Общество

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

Их жизнь выходит далеко за рамки одних лишь занятий.

Общество

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Из 50 изданий, которые должны появиться на школьных партах до 1 сентября, 48 уже напечатаны.