Вы тут

Сюрпрызы таўрыйскай зямлі


1372240188527_1

"А ты ўжо вырашыла, дзе правядзеш адпачынак?" Менавіта гэтае пытанне ўсё часцей і часцей выхоплівае мой слых з размоў незнаёмых людзей. Сярод найбольш папулярных адказаў — Турцыя, Егіпет, Балгарыя, ну і, безумоўна ж, Крым. Паўвостраў на поўдні Украіны з даўніх часоў запатрабаваны ў беларусаў. А вось пра міжнародны дзіцячы марскі курорт Скадоўск, пераканана, ведаюць далёка не ўсе...

...Не ведала б і я, калі б не прэс-тур, які для беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх журналістаў зладзіла кіраўніцтва Херсонскай вобласці.

"У Джарылгацкім заліве асабліва не паплаваеш"

Ноч у цягніку "Кіеў-Нікалаеў", адтуль пару гадзін аўтобусам — і мы ў курортным райцэнтры Скадоўск. Размясцілі журналістаў у гасцініцы "Таўрыя". Праўда, гэта далёка не самы бюджэтны варыянт. Многія турысты аддаюць перавагу жыллю ў прыватным сектары. Пры вялікім жаданні там можна знайсці прытулак нават за сімвалічныя 30 тысяч у суткі. Вядома ж, чым бліжэй да мора, тым даражэй.

Пакуль адны пасля доўгай дарогі прымалі душ, іншыя, каб не марнаваць час, памчалі знаёміцца з морам. Акунуцца ж у ім адважыліся толькі самыя смелыя з нашай дэлегацыі. Усю ахвоту адбіў непрыемны пах... Рабочыя, якія акультурвалі берагавую тэрыторыю, сказалі, што ва ўсім вінаватыя водарасці... Маўляў, прыязджайце пазней — пачысцім мора і вада не будзе такой мутнай. Апярэджваючы, скажу: у другім месцы, куды мы трапілі падчас экскурсіі па дзіцячым аздараўленчым летніку "Аўрора", непрыемнага паху не адчулі. Але і там мора было таксама далёка не крыштальна чыстым.

"Акуніцеся, не бойцеся, — махае рукой з вады незнаёмка, якая, пэўна, паспела прыкмеціць нашу разгубленасць. — Хоць дно і не вельмі прыемнае, бо шмат водарасцяў, але затое як карысна!".
1372240189642_2
Жыхарка Скадоўска прызналася, што мясцовыя жыхары сюды пакуль і носу не паказваюць. "Не цэняць таго, што маюць, — уздыхае. — А я стараюся на мора штодзень прыходзіць. Бо як падумаю, што людзі едуць сюды за тысячы кіламетраў, за вялікія грошы... А ў нас жа ўсё пад бокам, ды яшчэ і бясплатна. Праўда, тут, у Джарылгацкім заліве, асабліва не паплаваеш, бо ён дробны. Таму мы з сябрамі (і, ведаю, многія турысты так робяць) на выхадныя едзем з палаткамі на катары на востраў Джарылгач. Ён блізка, рукой падаць. Там адкрытае мора, чыстыя пясчаныя пляжы, мінеральныя крыніцы, больш за 400 невялікіх салявых азёр, старадаўнія джарылгацкія маякі, Нацыянальны прыродны парк. Шкада, што вас туды не вазілі!.. Інакш засталіся б лепшыя ўражанні ад нашага мора...

Джарылгацкі заліў неглыбокі: сапраўды, колькі б не ішоў — усё па калена... Таму не дзіўна, што Скадоўск робіць стаўку на турыстаў з дзецьмі, у тым ліку з чарнобыльскай зоны. Апошніх прывозяць сюды не столькі для забаў, колькі паправіць здароўе. Для гэтага на Херсоншчыне ёсць не толькі мора і сонца, але і розныя тыпы мінеральных вод, а таксама лячэбныя гразі. Кажуць, што раней гэтымі гразямі свае раны загойвалі казакі. А цяпер, паводле слоў экскурсавода, імі лечаць скураныя захворванні і нават жаночае бясплоддзе.

Пацалунак дэльфіна

Яшчэ адной цікавінкай Скадоўска не так даўно стаў дэльфінарый. Там можна не толькі наведаць прадстаўленне з дэльфінамі і марскімі коцікамі, але і за асобную плату прайсці курс дэльфінатэрапіі. Адзін сеанс медыка-псіхалагічнай рэабілітацыі каштуе ні многа ні мала 600 тысяч беларускіх рублёў. Дарэчы, тром журналістам з нашай дэлегацыі, у тым ліку і мне, дазволілі пазнаёміцца з гэтымі добрымі жывёламі бліжэй. Два кругі на спіне дэльфіна і пацалунак на развітанне — і такое адчуванне, што ты нарадзіўся нанова.

Край трох мораў — а тэрыторыю Херсоншчыны амывае Чорнае, Азоўскае і Гнілое (возера Сіваш) моры — славіцца не толькі рыбай, але і экалагічна чыстай садавіной. Менавіта з Херсонскай вобласці ў Крым возяць клубніцы, дыні ды кавуны, якія выспяваюць там на 2 тыдні раней. Каштуюць усе гэтыя вітаміны капейкі, таму асноўныя выдаткі на адпачынак у Скадоўску пойдуць на дарогу. Акрамя цягніка, ёсць больш дарагі, але і камфортны варыянт: не так даўно адкрыліся паветраныя вароты Таўрыі — запрацаваў Херсонскі аэрапорт.

Тым, хто, як і я, не любіць пасіўны адпачынак, на Херсоншчыне ёсць што паглядзець. Гэта і біясферны запаведнік "Асканія-Нова", і гісторыка-забаўляльны комплекс "Зялёныя хутары Таўрыі", і Алешкаўская пустыня... Праўда, без уласнага аўтамабіля зрабіць гэта будзе праблематычна, бо ўсе цікавыя месцы знаходзяцца на істотнай адлегласці адно ад аднаго.
З другога боку, паехаць ва Украіну на ўласным аўто — сабе даражэй. Дарогі тут не вельмі. Так што, перш чым ставіць пад удар сваю машыну — тысячу разоў падумайце!

Украінская... пустыня

Аб тым, што паміж Чорным морам і Дняпром ва Украіне ёсць пясчаныя барханы, я нават і не здагадвалася. Як высветлілася, не я адна...

— Наша пустыня — сёння адкрыццё для ўсяго свету, — адзначыў начальнік аддзялення Нацыянальнага прыроднага парку "Алешкаўскія пяскі" Юрый Пулянец. — Бо раней гэта была закрытая тэрыторыя. У часы СССР яна выкарыстоўвалася як ваенны палігон краін Варшаўскага дагавора. Калі нехта з вас у інтэрнэце глядзеў на "Алешкаўскія пяскі" з вышыні птушынага палёту, пэўна, звярнулі ўвагу, што ўсе азярцы на фотаздымках правільнай акруглай формы. Гэта ўсё варонкі ад бомб.

Пасля гэтых слоў колькасць ахвотных ісці далей істотна зменшылася. І толькі самыя смелыя рушылі ўслед за Юрыем углыб пустыні.

...Юрый, у адрозненне ад нас, ідзе па жоўценькім пяску босы... Кажа, што гэта карысна для ступняў...
А мы дзіву даёмся, бо пясок гарачы — градусаў 50, не менш.

— Гэта яшчэ не вельмі спякотна. Вось у ліпені ці жніўні пясок так награваецца, што яйкі можна смажыць, — усміхаецца наш праважаты.

Алешкаўская пустыня, безумоўна, адрозніваецца ад Каірскай. Ну хоць бы тым, што тут сярод пяску можна ўбачыць сосны ды бярозы...

— Гэтая пустыня — сапраўдны цуд прыроды! — кажа Юрый. — У нас расце тое, што тэарэтычна не павінна тут расці. Ну, напрыклад, бяроза дняпроўская. Ці белы грыб... Дзе вы бачылі, каб грыбы раслі ў такой глебе? А ў нас растуць. Мясцовыя жыхары іх збіраюць і прадаюць на рынках.

Аказваецца, раней пясчаныя барханы былі самай сапраўднай бядой для мясцовых жыхароў. Калі ўзнімаліся буры, то пяском заносіла суседнія вёскі. Невядома, чым бы гэта ўсё абярнулася, калі б не дадумаліся засадзіць пустыню па перыметры дрэвамі. Карані апошніх і ўтрымалі барханы ад распаўсюджвання.

"А вось, глядзіце, казялец!" — указвае на адну з раслін Станіслаў Уласенка, журналіст з Кіева, які тут не ўпершыню. І пачынае спрытна раскопваць пясок, адкуль неўзабаве вызваляе доўгі корань. Умела ачышчае яго і прапаноўвае адведаць.

— Карані казяльцоў, памятаю, яшчэ мой дзед збіраў тут, — распавядае Юрый Пулянец. — Затым сушыў, пераціраў — і атрымлівалася мука. У галодныя гады гэта было выратаваннем. Іх можна есці і сырымі, не бойцеся.

Алешкаўскую пустыню ўсе ахвотныя могуць наведаць бясплатна. Праўда, Юрый Пулянец не выключае, што ў перспектыве з турыстаў усё ж такі будуць браць сімвалічныя грошы.
"Ну хоць бы за паветра" (усміхаецца). Бо паветра ў пустыні за кошт крымскіх соснаў, і сапраўды гаючае. Прынамсі, як і ў самім Скадоўску. Кажуць, дастаткова раз на год падыхаць ім — і ніякая прастуда ўзімку не страшная. Ну што ж, прыйдзе зіма — праверым!

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.