Вы тут

Усе імкнуцца быць аўтаслесарамі. А патрабуюцца — будаўнікі


Самым вялікім попытам у абітурыентаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі сталіцы традыцыйна карыстаюцца прафесіі цырульніка, майстра па манікюру, слесара па рамонце аўтамабіляў, кіроўцы катэгорыі "С", кухара, афіцыянта, памочніка машыніста цеплавоза, правадніка і прадаўца. Затое не без праблем кожны год камплектуюцца групы па такіх запатрабаваных у сталічным рэгіёне спецыяльнасцях, як каменшыкі, тынкоўшчыкі, бетоншчыкі, арматуршчыкі, цесляры, абутнікі.

Усяго сёлета прафесійна-тэхнічныя ўстановы сталіцы гатовы прыняць на навучанне каля 5 тысяч чалавек. Больш як 30% ад планавых лічбаў прыёма прыпадае на падрыхтоўку кадраў для будаўнічай галіны. Прыём заяў распачаўся яшчэ 15 чэрвеня і будзе доўжыцца да 20 жніўня. У выпадку недаўкамплектавання навучальныя ўстановы могуць прадоўжыць прыём дакументаў да сярэдзіны верасня.

Амаль кожны год ва ўстановах прафтэхадукацыі адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Не стаў выключэннем і гэты год. Так, у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы гандлю адкрыўся набор на спецыяльнасць "гасцінічная гаспадарка". У Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі №12 будаўніцтва — на спецыяльнасць "укладчык падлогавых пакрыццяў". У Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы мантажных і пад'ёмна-транспартных работ пачнуць рыхтаваць спецыялістаў па мантажы і эксплуатацыі электраабсталявання, у Мінскім прафесійным ліцэі № 6 прыборабудавання — слесараў-зборшчыкаў бытавой тэхнікі. У Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі аб'яўлены набор на спецыяльнасць "цеплазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна" і "абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці".

Установы прафтэхадукацыі ў пытаннях працаўладкавання супрацоўнічаюць са 147 сталічнымі прадпрыемствамі. У выніку ў арганізацыі прамысловасці размяркоўваюцца 29% выхаванцаў прафтэхустаноў, у сферу будаўніцтва — 32%, сферу паслуг — 24% і ў іншыя галіны — 15% выпускнікоў.

Па стане на 1 верасня 2013 года ў сталіцы будуць дзейнічаць 22 установы прафтэхадукацыі. У выніку рэарганізацыі адбылося аб'яднанне ліцэяў № 1 і № 3, а таксама ліцэяў № 6 і № 9. Гэтыя ўстановы аднапрофільныя, малакамплектныя, у іх адны і тыя ж заказчыкі кадраў, набор ажыццяўляўся на падобныя спецыяльнасці, таму і было прынята рашэнне іх аб'яднаць.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.