Вы тут

У чым сакрэт сапраўднага адпачынку?


Выгляд спакойнага мора расслабляе і заварожвае, а выгляд ажыўленай шашы... выклікае стрэс? Так, нямецкія і брытанскія вучоныя параўналі актыўнасць мозгу добраахвотнікаў, якія назіралі за спакойным морам і за дарогай, загружанай аўтамабілямі. У абодвух выпадках фонавым гукам быў прыглушаны гул: шум прыбою і машын на аўтамагістралі падобны, а таму не ўплывае на ўзровень стрэсу. Сканаванне паказала, што выгляд дарогі, запоўненай машынамі, парушае сувязі паміж рознымі аддзеламі мозгу, а марскі пейзаж, наадварот, спрыяе пэўнай сінхроннасці. Такім чынам, мора ўздзейнічае на наш мозг як... медытацыя.

Падумайце пра гэта, калі вы яшчэ толькі плануеце свой адпачынак. І вазьміце на ўзбраенне яшчэ пару парад псіхолагаў. Спецыялісты лічаць, што за дні нашага адпачынку мы хочам кампенсаваць усё тое, чаго нам не хапала на працягу года. Аднак не варта ўсё ж такі чакаць ад нашых канікулаў больш, чым тыя здольны даць. Самае важнае — прыслухацца да ўласных жаданняў і скласці свой план, а не крочыць тым шляхам, які за нас прапісаў нехта іншы.

1. Настройцеся на адпачынак. Аплаціце рахункі, збярыце чамадан... Словам, рабіце дробныя справы і атрымлівайце ад гэтага задавальненне. Адзін-два разы на дзень выконвайце простую тэхніку рэлаксацыі. Зручна ўладкуйцеся, заплюшчыце вочы, дыхайце глыбока. Уявіце сабе карціны, звязаныя з адпачынкам: мора, пясок або лес, поле... Калі мы расслабляемся і прымаем пэўную неакрэсленасць, якая заўсёды ідзе з пераменамі, мы лепей супрацьстаім стрэсу і адмоўным эмоцыям.

2. Пазбаўцеся ад напружання. Падумайце, што лепей падыдзе менавіта вам — масаж або наадварот, прагулкі ў хуткім тэмпе. Зняць напружанне выдатна дапамагаюць спевы, так што не саромейцеся, спявайце хоць бы падчас ранішняга душу. Можна набыць і новыя духі. Няхай на адпачынку вас суправаджае незнаёмы водар.

3. Сузірайце. Гэта значыць, успрымайце ўсё навакольнае без ацэнак і аналізу. Дазвольце быць з вамі незнаёмым пахам, фарбам, цішыні... Паспрабуйце спалучаць умераныя фізічныя нагрузкі — плаванне, хаду, веласіпед, верхавую язду — з поўным расслабленнем, а менавіта дзённым сном хаця б на 30 хвілін.

4. Гэта амаль не рэальна, але ўсё ж такі спрабуйце не пазіраць на гадзіннік, не правяраць электронную пошту і не "лезці" ў сацыяльныя сеткі. Паступова змяншайце час, які будзеце траціць на гэта ў першыя дні адпачынку.

5. Не забывайцеся пра карыснае харчаванне. Памідоры змяшчаюць антыаксідант лікапін, які запавольвае працэс старэння і нейтралізуе шкоду ад ультрафіялету. Брокалі, белакачанная, чырвоная, квяцістая і брусельская капуста таксама багатая на антыаксіданты. Ягады — гэта шмат поліфенолаў, харчовых валокнаў і мінералаў. Не забывайцеся таксама на бабовыя, якія паніжаюць узровень халестэрыну, і на тлустую рыбу, багатую поліненасычанымі тлустымі кіслотамі амега-3.

6. Толькі пра сябе. Дазвольце сабе тое, што не дазваляеце ў іншыя дні: ленавацца, чытаць раманы ў шэзлонгу, адсочваць, як павольна адзін дзень перацякае ў другі. Сакрэт сапраўднага адпачынку — менавіта ў гэтых момантах спакою і адзіноты.

Ганна КУЛАКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.