Вы тут

...А ў справаздачнасці — перавыкананне


Прадпрыемства "Гродзенская гарадская ЖКГ" уключыла ў справаздачнасць за мінулы год тры дамы агульнай плошчай 11,1 тыс. кв. м, дзе на той момант працу фактычна не завяршылі. Тым самым стваралася бачнасць выканання і нават перавыканання задання па капітальным рамонце і цеплавой мадэрнізацыі жылля.

Летась на капітальны рамонт жыллёвага фонду ў Гродне выкарыстана 108,9 млрд рублёў са сродкаў гарадскога бюджэту і 24,3 млрд рублёў адлічэнняў грамадзян. Як прадпрыемствам "Гродзенская гарадская ЖКГ" выконваліся функцыі заказчыка і ці эфектыўна выкарыстоўваліся бюджэтныя грошы і адлічэнні грамадзян на капрамонт жылля? Паводле высноў Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, з-за няякаснай падрыхтоўкі заданняў на праектаванне дадатковыя работы складалі да 55 працэнтаў ад першапачатковага каштарыснага кошту аб'екта. Слаба кантралявалася якасць дакументаў, што паступалі ад праекціроўшчыкаў. У выніку на тэндар выстаўлялася дакументацыя з састарэлымі расцэнкамі, а таксама работамі, якія на практыцы з года ў год не выконваліся і пазней выключаліся з праектаў. Але ўжо без змяншэння кошту рамонту.

Асноўным крытэрыем гарадскога прадпрыемства ЖКГ пры выбары пераможцы падрадных таргоў з'яўлялася цана прапановы прэтэндэнтаў па аб'екце рамонту. Аднак арганізатар таргоў... не правяраў яе фарміраванне. Больш за тое, пераможцы парушалі ўмовы, па якіх ім аддалі перавагу, а заказчык не забяспечваў належны кантроль. Таму толькі па двух дамах па вуліцы Горкага перарасходавана 447,9 мільёна рублёў з бюджэту.

Падпісваючы дагаворы падраду, заказчык не патрабаваў ад падрадчыка графік вытворчасці работ, што не лепшым чынам уплывала на тэрміны выканання і кошт рамонту. Толькі па двух аб'ектах (вул. Маркса) тэрмін капрамонту ў параўнанні з першапачатковым павялічыўся ў 5 разоў, а кошт — на 77 працэнтаў. У доме па вуліцы Кляцкова — адпаведна ў 4 разы і на 75 працэнтаў.

Пасля завяршэння праверкі мясцовыя ўлады замянялі кіраўніка прадпрыемства "Гродзенская гарадская ЖКГ". Акрамя таго, заведзена крымінальная справа ў дачыненні да намесніка генеральнага дырэктара, які курыраваў пытанні капітальнага рамонту жыллёвага фонду.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.