Вы тут

ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ


У Індыі цягнік урэзаўся ў натоўп паломнікаў

У выніку наезду цягніка на людзей, якія пераходзілі чыгуначнае палатно каля станцыі горада Дхамар у індыйскім штаце Біхар, загінулі 37 чалавек, у тым ліку 30 жанчын і трое дзяцей. Раз'юшаны натоўп ледзь не лінчаваў машыніста. Інцыдэнт адбыўся раніцай у панядзелак. Людзі выходзілі з цягніка і накіроўваліся ў індуісцкі храм. У іх на хуткасці 80 км/г урэзаўся поезд. Большасць загінулых — пілігрымы. Мясцовы тэлеканал NDTV паведамляе аб як мінімум чатырох дзясятках параненых.

У Егіпце пасля крывавых выхадных — амаль 1000 забітых

У Егіпце падлічваюць колькасць ахвяр масавых беспарадкаў, якія адбыліся ў краіне ў мінулыя выхадныя. Па апошняй інфармацыі, колькасць забітых за гэты час перавысіла 100 чалавек. Агульная колькасць загінулых за чатыры дні складае, па некаторых дадзеных, 924 чалавекі.

У мінулую пятніцу ў Егіпце быў абвешчаны "дзень гневу". Падчас акцый пратэсту, арганізаваных ісламістамі, загінулі 173 чалавекі. 95 з іх сталі ахвярамі сутыкненняў падчас маніфестацый у Каіры. У суботу колькасць ахвяр супрацьстаяння павялічылася яшчэ на 79 чалавек, перадало егіпецкае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Mеnа. У нядзелю прыхільнікі ісламістаў напалі на грузавік, у якім перавозілі больш за 600 затрыманых падчас вулічных сутыкненняў у Каіры. Каб не дапусціць уцёкаў, паліцэйскія выкарысталі слёзатачывы газ. У выніку не менш як 36 затрыманых загінулі ад удушша.

"Аль-Каіда" рыхтуе серыю тэрактаў на еўрапейскіх чыгунках

Міжнародная тэрарыстычная арганізацыя "Аль-Каіда" плануе серыю тэрактаў на хуткасных чыгуначных магістралях у Еўропе, перадаюць інфармагенцтвы са спасылкай на нямецкую газету "Bіld". Інфармацыя пра запланаваныя акцыі паступіла ад амерыканскага Агенцтва нацыянальнай бяспекі (АНБ), якое некалькі тыдняў таму перахапіла тэлефонную размову высокапастаўленых камандзіраў "Аль-Каіды". Згодна з атрыманай інфармацыяй, яны маюць намер арганізаваць падрывы чыгуначнага палатна, тунэляў, ліній электраперадач у шэрагу краін Еўропы. Па даных выдання, у сувязі з узнікшай пагрозай ўлады Германіі яшчэ два тыдні таму распарадзіліся ўзмацніць кантроль над трасамі руху хуткасных цягнікоў і вакзаламі.

Смартфоны спрыяюць развіццю хвароб вачэй

Па даных акуліста Дэвіда Эламбі, з моманту выхаду смартфонаў на рынак у 1997 годзе колькасць пацыентаў з блізарукасцю павялічылася на 35%. У бліжэйшыя 10 гадоў колькасць дзяцей з блізарукасцю можа вырасці на 50%, піша Busіnеss Stаndаrd. Даследаванне паказала: людзі трымаюць тэлефоны на адлегласці ўсяго 18-30 сантыметраў ад вачэй. А вось газеты і кнігі — на адлегласці 40 сантыметраў. У сувязі з гэтым можна казаць пра блізарукасць, выкліканую выкарыстаннем мабільных прылад з маніторамі. "Людзі павінны абмяжоўваць час выкарыстання смартфонаў. Прычым улічваецца нават час, калі яны карыстаюцца тэхнікай на вуліцы. Таксама вельмі важна сачыць за тым, каб зусім маленькія дзеці не выкарыстоўвалі смартфоны. Дарэчы, знаходжанне на сонцы павінна затармазіць развіццё блізарукасці", — канстатуе Эламбі. Паводле яго слоў, сучаснае пакаленне дзяцей знаходзіцца ў асаблівай групе рызыкі развіцця блізарукасці, вядомай таксама як міяпія. Смартфоны купляюць нават самым маленькім дзецям — з сямігадовага ўзросту.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.