Вы тут

Пешаходы і веласіпедысты: як не замінаць адно аднаму?


Маё першае спатканне з каханым запомнілася не толькі рамантычнай атмасферай, але і вялізным сіняком на сцягне, які не праходзіў больш за месяц. Гуляючы па ўзбярэжжы Свіслачы, мы пачулі ззаду панічнае: «А-а-а-а-а!!!» і спачатку не зразумелі, што адбываецца. Толькі азірнуўшыся назад, я ўбачыла, што з узгорка проста на мяне нясецца дзяўчына на веласіпедзе, папярэджваючы пра небяспеку... сваім крыкам.

Здарэнні ёсць, статусу — няма

Дарожна-транспартнымі здарэннямі, паводле правілаў дарожнага руху, з'яўляюцца здарэнні з удзелам хаця б аднаго аўтамабіля ці іншага механічнага транспартнага сродку. Сутыкненні веласіпедыстаў з пешаходамі, аднак, пад гэтае апісанне не трапляюць, нягледзячы на тое, што падобныя здарэнні зусім не рэдкасць і могуць прывесці да сур'ёзных траўмаў.

Адсочваць сітуацыю з веласіпеднымі аварыямі спрабуе Мінскае веласіпеднае таварыства. На сайце сrаsh.bіkе.оrg.bу нават стварылі карту здарэнняў, куды людзі маглі б паведамляць пра аварыі, але, як адзначае старшыня таварыства Яўген Харужы, актыўнасць там невялікая.

Правілы ніхто не адмяняў...

Цяжка сказаць, хто часцей бывае вінаваты ў наездах — самі веласіпедысты ці пешаходы.

— Веласіпедысты ў сталіцы — з'ява новая і нязвыклая. У асноўным гэта людзі маладыя, гарачыя, якім хочацца ездзіць хутка, а інфраструктура для гэтага не прыстасавана. Пешаходы, у сваю чаргу, ходзяць так, як ім зручна, як яны хадзілі заўсёды, — каментуе Яўген Харужы. — Часам здарэнні адбываюцца з-за выхаду пешаходаў на веласіпедную дарожку, але ж у асноўным гэта сутыкненні ў агульным натоўпе.

1378935560419_12-24

Па словах Яўгена, нягледзячы на тое, што сутыкненні пешаходаў і веласіпедыстаў — не ДТЗ, іх паводзіны ўсё адно рэгулююцца правіламі дарожнага руху. Так, напрыклад, пешаход мае права знаходзіцца на веладарожцы толькі пры адсутнасці побач тратуару, а веласіпедыст, калі едзе па тратуары, абавязаны не ствараць перашкод для руху пешаходаў.

Але калі нехта парушыў правілы і мірна разысціся не атрымалася, перш за ўсё Яўген раіць звярнуцца ў міліцыю, каб зафіксаваць факт здарэння. Потым пацярпелы можа звяртацца ў суд па кампенсацыю фізічнай ці маральнай шкоды, папярэдне пракансультаваўшыся з юрыстам.

Магчыма, з цягам часу веласіпедысты і пешаходы прыйдуць да ўзаемаразумення. А пакуль, каб пазбегнуць сутыкненняў, Яўген Харужы раіць абодвум бакам карыстацца падказкамі — знакамі, разметкай, веладарожкай.

— Перш за ўсё, трэба паводзіць сябе ветліва, прадказальна, і не бачыць іншых патэнцыйных ворагаў. А яшчэ, веласіпедысты, не забывайцеся, калі ласка, абсталяваць свой транспарт званочкам ды ліхтарыкам, каб вас было лёгка заўважыць і здалёку пачуць.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.