Вы тут

Стандарты сацыяльных паслуг: новае ў 2014-м


— У нашай краіне распрацоўваюцца дзяржаўныя стандарты, якія рэгламентуюць патрабаванні да аб'ёму і якасці сацыяльных паслуг, умоў і парадку іх аказання, — заявіў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню пажылых людзей, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Аляксандр РУМАК.

Калі будуць распрацаваны і зацверджаны гэтыя стандарты, то, паводле слоў Аляксандра Румака, усе арганізацыі, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя, будуць абавязаны забяспечыць устаноўлены дзяржстандартамі ўзровень сацыяльнага абслугоўвання.

Плануецца, што стандарты сацыяльных паслуг будуць укаранёны ў 2014 годзе. Адначасова мясцовыя ўлады вядуць актыўны пошук новых рашэнняў па жыццеўладкаванні непрацаздольных грамадзян. Укараняюцца такія новыя формы работы, як дамы зімоўкі, дамы самастойнага і сезоннага пражывання, прыёмныя і гасцявыя сем'і для пажылых людзей, санаторыі на даму і іншыя.
Паводле слоў намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны, менавіта арганізацыя сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей з'яўляецца вядучым звяном у сістэме сацыяльнай падтрымкі.

Гэта звязана, у тым ліку, і з такой з'явай, як старэнне насельніцтва Беларусі. У адпаведнасці з класіфікацыяй ААН, насельніцтва лічыцца старым, калі доля людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэй складае 7% і больш. Па звестках, прадстаўленых Белстатам, на пачатак 2013 года ў рэспубліцы доля гэтай узроставай групы дасягнула 13,8 %, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 11,4 % , у сельскай мясцовасці — 21,5 % .

— Пажылыя людзі маюць прыярытэт і ў медыцынскім абслугоўванні, — заявіла на прэс -канферэнцыі намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі — начальнік аддзела першаснай медыка-санітарнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла ЖЫЛЕВІЧ, — перш за ўсё таму, што гэтая катэгорыя насельніцтва патрабуе шмат увагі. У нас у краіне ёсць герыятрычныя цэнтры, а таксама кафедра, якая займаецца пытаннямі герыятрыі, г.зн. лячэння асоб пажылога ўзросту.

Штогод у нашай краіне праводзяцца комплексныя медыцынскія агляды ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў і асоб, прыраўнаваных да іх. Як правіла, гэтыя агляды заканчваюцца 1 мая, што дазваляе да гэтага тэрміну сфарміраваць індывідуальныя праграмы рэабілітацыі. Адзначыла Людміла Жылевіч і добрую тэндэнцыю апошніх гадоў — зніжэнне смяротнасці людзей ва ўзросце старэй за працаздольны. Гэта сведчыць аб адэкватным медыцынскім забеспячэнні пажылых людзей і добрых умовах жыцця, а таксама добрай прафілактыцы захворванняў, лічыць прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Како Шанэль сцвярджала, што чым горшыя справы ў жанчыны, тым лепш яна павінна выглядаць.

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.