Вы тут

Cтагадовы рубеж адолелі 555 чалавек


У многіх краінах свету 1 кастрычніка штогод адзначаецца Дзень пажылых людзей. У Беларусі гэты дзень быў устаноўлены ў 1992 годзе.
Згодна з прынятай класіфікацыяй, да ліку пажылых людзей адносяцца людзі ва ўзросце 60 гадоў і старэй, пачынаючы з 75 гадоў — гэта людзі старэчага ўзросту, з 90 гадоў — доўгажыхары.

На пачатак 2013 года ў Беларусі пражывала 1 млн 859 тыс. чалавек, чый узрост перавысіў 60 гадоў (19,6% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны). З іх 1 млн 244 тыс. — жыхароў, старэйшых за 65 гадоў. Ва ўзросце больш за 90 гадоў — 25,2 тыс. жыхароў, у тым ліку ва ўзроставай катэгорыі 100-114 гадоў — 555 чалавек. Спецыялісты адзначаюць, што доўгажыхары — гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія займаюцца пасільнай фізічнай працай, псіхалагічна адаптаваныя ў грамадстве, не маюць дэфіцыту стасункаў.

***

Узрост не з'яўляецца перашкодай для стварэння сям'і. Так, па інфармацыі Белстата, у 2012 годзе ў пажылым узросце заключылі шлюбны саюз 764 жанчыны і 1.263 мужчыны, пры гэтым у 596 выпадках абое ўступаючыя ў шлюб былі ва ўзросце 60 гадоў і старэй. Колькасць шлюбаў на 1000 чалавек адпаведнага полу ва ўзросце 60 гадоў і старэй склала 2,0 — у мужчын і 0,6 — у жанчын.

***

Тым не менш, у краіне павялічваецца колькасць адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей. Многія з іх маюць патрэбу ў доглядзе. Грамадства нясе асаблівую адказнасць за якасць жыцця людзей пажылога ўзросту, бо гэта адна з найбольш уразлівых катэгорый грамадзян у эканамічным і сацыяльным аспектах.
Зараз у нашай краіне функцыянуюць 149 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН), якія забяспечваюць аказанне комплекснага сацыяльнага абслугоўвання пажылых і людзей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У іх на ўліку стаіць больш за 1,7 млн чалавек (з іх 127,7 тыс. адзінокіх і 583,9 тыс. адзінока пражываючых пажылых людзей).
Найбольш запатрабаванай формай працы ТЦСАН, па словах намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра РУМАКА, з'яўляецца сацыяльная дапамога на даму, якой ахоплена амаль 90 тыс. непрацаздольных людзей. Каля 2 тыс. чалавек, якія па розных прычынах не могуць пражываць самастойна, абслугоўваюцца ў 59 аддзяленнях кругласутачнага знаходжання. Развіваецца служба сядзелак. Карыстаюцца папулярнасцю разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі, якія аказваюцца аддзяленнямі тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання.
З мэтай стварэння ўмоў для падтрымання актыўнага ладу жыцця і здароўя пажылых людзей ствараюцца аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей з гурткамі і клубамі па інтарэсах. Сёння ў рэспубліцы працуе 13 такіх аддзяленняў.

***

Умовы аказання сацыяльных паслуг залежаць ад сямейнага і матэрыяльнага становішча чалавека. Бясплатна паслугі прадастаўляюцца адзінокім малазабяспечаным грамадзянам. Непрацаздольным людзям, якія маюць членаў сям'і, абавязаных па законе ўтрымліваць іх, паслугі прадастаўляюцца на ўмовах аплаты.
У нашай краіне кошт сацыяльных паслуг застаецца даступным. Тарыф на паслугі, якія ўваходзяць у пералік бясплатных і агульнадаступных, не перавышае 3 тыс. рублёў за гадзіну.

Святлана БУСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.