Вы тут

Бюджэт-2014: выдаткі на адукацыю і ахову здароўя павялічацца


Сёння парламент разглядае пакет законапраектаў, якія тычацца бюджэту. Учора на пасяджэнні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў ішло абмеркаванне гэтых дакументаў.

Найбольш цікавымі і спрэчнымі з'яўляюцца два праекты: закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год і закона, які датычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці, падаткаабкладання і адміністрацыйнай адказнасці. На падрыхтоўчым этапе было ўнесена каля сотні дэпутацкіх прапаноў. Некаторыя з іх непасрэдна паўплывалі на змяненне асобных частак законапраектаў.

Яшчэ адзін шанц

Намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, прадстаўляючы законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, падаткаабкладання і адміністрацыйнай адказнасці», растлумачыў, што «дэпутаты выказалі некаторыя асцярогі з нагоды прымянення павышаных памераў ставак падатку на нерухомасць і зямельнага падатку ў дачыненні да маёмасці, якая не выкарыстоўваецца ці выкарыстоўваецца неэфектыўна». Прапаноўвалася даць права мясцовым Саветам дэпутатаў па павелічэнні гэтых ставак у дзесяць разоў. Таксама прапаноўвалася ў пяць разоў павялічыць стаўкі падатку на нерухомасць і падатку на зямлю па аб'ектах звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. «Мы дэталёва прапрацавалі ўсе асцярогі, якія былі выказаны дэпутатамі па аб'ектах даўгабуду, што знаходзяцца на балансе прадпрыемстваў. З улікам выказаных заўваг і прапаноў гэтыя нормы з праекта закона былі выключаны», — паведаміў Максім Ермаловіч.

Разам з тым, ён не выключыў магчымасці ўвядзення такіх ставак падаткаў у 2015 годзе. «Мы спрабуем даць прадпрыемствам яшчэ нейкі час, каб яны навялі парадак у выкарыстанні маёмасці», — патлумачыў прадстаўнік Мінфіна.

На што пойдзе «аўтамабільная пошліна»?

«Дзяржаўная пошліна за допуск аўтамабіляў да дарожнага руху будзе размяркоўвацца пароўну паміж рэспубліканскім і мясцовымі бюджэтамі і накіроўвацца на фінансаванне работ па будаўніцтве і рэканструкцыі дарог», — запэўніў Максім Ермаловіч. Норма, якая гэта прадугледжвае, унесена ў праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год. «Гэта значыць, што палова пошліны будзе паступаць у рэспубліканскі бюджэт і накіроўвацца на будаўніцтва і рэканструкцыю аўтамабільных дарог рэспубліканскага ўзроўню, а другая палова будзе накіроўвацца ў мясцовыя бюджэты. Пры размеркаванні сродкаў паміж абласнымі бюджэтамі будзе ўлічвацца сетка дарог, яе стан, якасць, працягласць», — адзначыў намеснік міністра. Прадугледжваецца, што сродкі мясцовых бюджэтаў будуць накіроўвацца на фінансаванне будаўніцтва і рэканструкцыю мясцовых аўтамабільных дарог, а таксама вуліц, якія з'яўляюцца працягам такіх дарог. Частка сродкаў будзе накіроўвацца і ў Мінск, на вуліцы, якія з'яўляюцца працягам магістральных аўтамабільных дарог, для таго, каб павысіць якасць і палепшыць стан найбольш загружаных аўтатранспартам вуліц горада. Што тычыцца размеркавання сродкаў паміж бюджэтамі базавага ўзроўню, то тут прадастаўляецца права абласным саветам дэпутатаў сваім рашэннем размяркоўваць сродкі і даводзіць іх да ўзроўню раённага бюджэту з тым, каб фінансаванне дарог, будаўніцтва дарог і вуліц ажыццяўлялася непасрэдна з бюджэтаў базавага ўзроўню. «Гэта найбольш рацыянальны падыход, і спадзяюся, што абласнымі Саветамі дэпутатаў размеркаванне будзе ажыццяўляцца таксама ў залежнасці ад якасці і працягласці дарог, найбольш вострай неабходнасці іх рамонту. Мы гатовы сіламі казначэйства даводзіць гэтыя сродкі непасрэдна з рэспубліканскага бюджэту да раённага бюджэту адразу ж, калі будзе прынята адпаведнае рашэнне», — сказаў Максім Ермаловіч.

Зыходзячы з колькасці зарэгістраваных транспартных сродкаў, а таксама колькасці транспартных сродкаў, якія прайшлі дзяржаўны тэхнічны агляд у 2012 годзе, паступленні ў бюджэт у 2014 ацэньваюцца ў 1,6 трлн рублёў. З улікам увядзення збору з'яўляецца магчымасць павялічыць бюджэтныя выдаткі на дарожную гаспадарку ў 2014 годзе больш чым у 2 разы. Нагадаем, што ўвядзенне дзяржаўнай пошліны за допуск аўтамабіляў да дарожнага руху — новаўвядзенне 2014 года. Мяркуецца, што стаўкі дзяржпошліны будуць устаноўлены ў памеры ад 1 да 25 базавых велічынь у залежнасці ад масы і віду транспартнага сродку, а таксама ад таго, хто ім валодае — фізічная або юрыдычная асоба. Спаганяцца пошліна для спрашчэння адміністравання будзе падчас праходжання тэхагляду транспартнага сродку. Дарэчы, у іншых краінах таксама існуе аналагічны транспартны падатак.

Структура выдаткаў бюджэту трохі зменіцца

«У цэлым даходы кансалідаванага бюджэту на 2014 год прагназуюцца ў суме 206 трлн рублёў, рэспубліканскага — 128,6 трлн. Бюджэты ўсіх узроўняў запланаваны без дэфіцыту. Істотных змен у структуры выдаткаў бюджэту няма. Захоўваецца асноўны прыярытэт сацыяльных выдаткаў. Дарэчы, выдаткі на адукацыю і ахову здароўя нават вырастуць. Затое зніжаецца доля выдаткаў на падтрымку нацыянальнай эканомікі. Гэта звязана з магчымым павышэннем эфектыўнасці вытворчасці, а таксама верагодным зніжэннем стаўкі рэфінансавання», — заявіў Максім Ермаловіч.

Намеснік міністра фінансаў адзначыў сярод іншага змяненне механізму павышэння заработнай платы: «Сёння гэта робіцца шляхам павелічэння тарыфнай стаўкі першага разраду. Але ў законе ёсць новая норма, якая прадугледжвае магчымасць накіравання сродкаў, якія былі сэканомлены бюджэтнай арганізацыяй, на павышэнне заробкаў работнікаў».

Яшчэ адно новаўвядзенне — мясцовыя бюджэты будуць фарміраваць асабістую падатковую базу. «Мы павінны разумець, што змяненне падыходаў да мясцовых бюджэтаў будзе прыводзіць да нарастання адрозненняў у выдатках на жыхара раёна. У залежнасці ад таго, як эфектыўна працуе старшыня райвыканкама, столькі і будзе ўкладвацца ў раён», — падкрэсліў чыноўнік. Раёнам прыйдзецца спадзявацца толькі на сябе і жыць па сродках.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.