Вы тут

«Трасцянец» у еўрапейскай памяцi


Перспектывы ўзвядзення новага мемарыяльнага комплексу на месцы лагера смерцi «Трасцянец» абмеркавалi ў Мiнскiм мiжнародным адукацыйным цэнтры (ММАЦ).

Нагодай для сустрэчы былых вязняў Мiнскага гета, прадстаўнiкоў грамадскасцi, гарадскiх улад, СМI i нямецкiх гасцей з Дортмунда стала прэзентацыя матэрыялаў канферэнцыi «Трасцянец» у еўрапейскай памяцi», якая адбылася сёлета ў сакавiку. У ёй удзельнiчалi гiсторыкi i прадстаўнiкi грамадскiх i рэлiгiйных арганiзацый Беларусi, Германii, Аўстрыi. Менавiта ў ходзе яе работы i выспела агульная iдэя пабудаваць мемарыяльны комплекс на месцы лагера смерцi. I вось днямi ў ММАЦ былi агучаны падыходы i прапановы па рэалiзацыi гэтага праекта, якi, калi меркаваць па зацiкаўленым тоне размовы, прэтэндуе стаць не проста яшчэ адным помнiкам ахвярам нацызму, а важным мiжнародным iнфармацыйна-асветнiцкiм цэнтрам.

Германiя ўжо выказалася за яго будаўнiцтва, прычым як на ўзроўнi федэральных i зямельных улад, мунiцыпалiтэтаў, так i грамадскiх арганiзацый. Дастаткова сказаць, што федэральны прэзiдэнт ФРГ Ёахiм Гаўк вiтаў iдэю стварэння мемарыяльнага комплексу. Ёсць надзея, што ў Аўстрыi, Чэхii i iншых краiнах будаўнiцтва новага помнiка на беларускай зямлi знойдзе разуменне i падтрымку.

Што значыць для сумленных немцаў узвядзенне гэтага мемарыяльнага комплексу? Навошта ён iм? У час размовы ў ММАЦ прагучалi адказы на гэтыя пытаннi. Старшыня агульнага сходу ўдзельнiкаў Дортмундскага i Мiнскага мiжнародных адукацыйных цэнтраў Мацiяс Цюмпель падкрэслiў: «Для нас, немцаў, памяць аб «Трасцянцы» — нiбы адкрытая незагойная рана, якая ўвесь час балiць i нагадвае пра злачынствы нацызму на беларускай зямлi». На яго думку, гэта агульнаеўрапейская трагедыя: у «Трасцянцы» мэтанакiравана знiшчалiся яўрэi з васьмi краiн Еўропы. На жаль, на месцы канцлагера пакуль няма структураванага i адэкватнага помнiка той трагедыi. Няхай ужо мiнула больш за 70 гадоў, але не знiкае пачуццё таго, што варта здзейснiць нешта вельмi значнае для ўвекавечвання памяцi аб тых жудасных падзеях. I ў Дортмундзе рады, што ўлады Мiнска ўжо зрабiлi першы крок насустрач ажыццяўленню гэтай высакароднай iдэi.

Для пераважнай большасцi еўрапейцаў лагер смерцi «Трасцянец» пакуль невядомы. Праўда, ёсць рэдкiя публiкацыi артыкулаў у нямецкiм друку, выданнi замежнымi даследчыкамi кнiг аб «Трасцянцы». Дарэчы, матэрыялы канферэнцыi таксама былi апублiкаваны асобным выданнем у ФРГ пад назвай «Лагер смерцi «Трасцянец» у еўрапейскай памяцi».

Але, вiдаць, гэтых намаганняў усё ж недастаткова для таго, каб «Трасцянец» паўнацэнна прысутнiчаў у памяцi еўрапейцаў. Таму Дортмундскiм адукацыйным цэнтрам у лiстападзе 2013 года была арганiзавана iнфармацыйная паездка беларускай дэлегацыi па нямецкiх гарадах, з якiх у гады вайны былi дэпартаваны многiя тысячы яўрэяў у Мiнскае гета i «Трасцянец». У час прэзентацыi ў ММАЦ архiепiскап Тадэвуш Кандрусевiч, Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi падзялiўся ўражаннямi i назiраннямi ад тых сустрэч. Ён пацвердзiў таксама, што пра «Трасцянец» у параўнаннi з iншымi фашысцкiмi канцлагерамi амаль нiчога не ведаюць у Германii, а тым больш у свеце. Тадэвуш Кандрусевiч выказаў думку, што i ў Беларусi, на жаль, далёка не ўсiм вядома пра гэты лагер. Нешта чулi… Хоць у «Трасцянцы» падчас фашысцкай акупацыi Беларусi было забiта i спалена больш за 206 тысяч чалавек. А гэта, на думку асобных даследчыкаў, чацвёрты паказчык сярод iншых «фабрык» смерцi, створаных гiтлераўцамi ў розных краiнах свету.

Беларускiх гасцей прыемна ўразiў настрой iх нямецкiх суразмоўцаў, якiя лiчаць сябе таксама вiнаватымi за генацыд у гады вайны ў Беларусi. I тое, што гiсторыяй злачынстваў фашыстаў цiкавiцца моладзь, людзi сярэдняга пакалення, усяляе аптымiзм i веру ў неабходнасць стварэння мемарыялу ў памяць ахвяр «Трасцянца». Немцы лiчаць: мемарыял можа i павiнен стаць мостам памiж Беларуссю i iншымi еўрапейскiмi краiнамi, месцам прымiрэння народаў. Тут павiнны сустракацца даследчыкi, гiсторыкi, студэнты з розных краiн, iншаземцы, якiя прыехалi ў Беларусь як турысты.

Суразмоўцы былi аднадушныя ў тым, што будучаму мемарыялу неабходна надаць не толькi гiстарычны, але i духоўны змест. Мемарыяльных комплексаў хапае i ў свеце, i ў Беларусi. Яны звычайна служаць месцам смутку, успамiнаў аб трагiчным мiнулым, экскурсiй. Але сёння трэба iсцi далей, iнакш падыходзiць для прызначэння новых велiчных помнiкаў. Мемарыяльны комплекс «Трасцянец» павiнен стаць цэнтрам сустрэч. Каб тут маглi малiцца хрысцiяне, католiкi, iўдзеi, мусульмане. Гэтая думка, дарэчы, належыць Тадэвушу Кандрусевiчу. Паводле яго слоў, духоўны аспект будзе наводзiць людзей, асаблiва маладых, на роздум аб тым, што ўжо хопiць войнаў, хопiць насiлля. Дарэчы, стварэнне мемарыялу падтрымлiваюць усе рэлiгiйныя канфесii Беларусi.

Безумоўна, на думку кiраўнiка Дортмундскага ММАЦ Петэра Юнге-Вентрупа, важнае значэнне для рэалiзацыi праекта мае падтрымка рэлiгiйных канфесiй Беларусi. Але асаблiвая роля ў гэтай справе належыць уладам дзяржавы i Мiнска. Начальнiк галоўнага ўпраўлення iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Мiнгарвыканкама Сяргей Хiльман паведамiў, што адведзена больш за 100 гектараў зямлi пад мемарыял. Прыблiзна бюджэт праекта складзе 48 млрд рублёў, цi прыкладна 4 млн еўра. Галоўны архiтэктар праекта мемарыяла — Ганна Аксёнава. Яна ж i навуковы кiраўнiк аб'екта, i галоўны архiтэктар праектаў ландшафтнай архiтэктуры «Мiнскпраекта». Творчая майстэрня вядомага архiтэктара Леанiда Левiна па просьбе нямецкага боку ўзялася зрабiць праект помнiка ва ўрочышчы ля вёскi Благоўшчына на месцы былых масавых забойстваў яўрэяў. Пасля таго, як гэтыя два праекты будуць iнтэграваныя ў адзiны кампазiцыйны ансамбль, пачнецца яго будаўнiцтва.

Узводзiць мемарыял будзе дзяржаўнае прадпрыемства «Гардарбуд». У наступным годзе запланавана засвоiць каля 20 млрд рублёў ў адпаведнасцi з iнвестыцыйнай праграмай Мiнска на 2014 год. Сяргей Хiльман таксама паведамiў, што ў Белiнвестбанку адкрыты два рахункi для ахвяраванняў на ўзвядзенне мемарыяла. Адзiн рахунак для беларускiх рублёў, другi — замежнай валюты. Мiж iншым, сумленныя немцы ўжо сабралi адзiн мiльён еўра.

Леанiд ЛАХМАНЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.