Вы тут

Маленькі «нехачуха», які стаў пераможцам


Чэмпіён Еўропы ў скачках на батуце распавядае, як дзіцячая лянота вызначыла яго лёс

На юбілейным трыццатым чэмпіянаце свету па скачках на батуце, які сёлета праходзіў у амерыканскай Дэйтоне-Біч, беларускія атлеты здабылі адзінаццаць узнагарод! Сем з іх — на рахунку нашых юніёраў. Яшчэ чатыры медалі заваявалі дарослыя спартсмены, сярод якіх вылучыўся і 18‑гадовы Уладзіслаў ГАНЧАРОЎ. Сёлетні чэмпіён Еўропы стаў бронзавым прызёрам у індывідуальных скачках і сярэбраным — у сінхронных. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыла са спартсменам і даведалася, чым небяспечныя чорныя столі, дзе знаходзіцца самая лепшая гімнастычная зала і чаму кітайскія батуцісты пакуль найлепшыя ў свеце.

«Нішто не вечна!»

25-5

— Давай прыгадаем, што адбывалася непасрэдна перад першынством.

— Перад чэмпіянатам у нас быў дваццацідзённы збор. Праграму я крыху ўскладніў, але выконваць яе стала лягчэй, чым раней. Насамрэч растлумачыць гэты парадокс няпроста, таму скажу так: раней у пошуках «сваёй праграмы» я хадзіў зігзагамі, а цяпер узяў і пайшоў прама. І ўсё атрымалася. Зразумела, што выступленне не было ідэальным, бо ацэнку я атрымаў не такую ўжо і высокую. Не магу сказаць, што мне нешта перашкодзіла, але памяшканне было не зусім звычайным. Зала, дзе праходзілі спаборніцтвы, была падзелена чорнымі шырмамі, столь таксама чорная… Вядома, што чорны колер памяншае прастору, таму, калі выступалі, адчуваўся нейкі ціск. Мы ж прызвычаіліся ў Стайках да паветра, белага колеру, хоць там і не асабліва шмат прасторы. У такіх умовах адчуваеш сябе больш свабодна. Але, улічваючы, што гэта быў толькі другі мой чэмпіянат свету, медалём застаўся цалкам задаволеным. Гэтую першую ўзнагароду на першынстве планеты запомню, напэўна, на ўсё жыццё. Я і летась, на дэбютным чэмпіянаце свету ў Сафіі, выступаў досыць няблага, дайшоў да фіналу, але там сарваў спробу — у выніку толькі восьмае месца. Напярэдадні старту ўзгадваў леташнюю гісторыю, думаў, што трэба зрабіць, каб яна не паўтарылася. Добра, што ў нашай камандзе ёсць псіхолаг, які дапамагае, так бы мовіць, прачысціць галаву. Вядома, гэтыя думкі цалкам не прыбіраюцца, але страх становіцца меншым.

Кітайцы ўжо на працягу дзевяці гадоў не пускаюць нікога на верхнюю прыступку п'едэстала чэмпіянатаў свету. У чым сакрэт іх поспеху?

— Кітайскія батуцісты заўжды атрымліваюць высокія ацэнкі за тэхніку і вышыню. А па складанасці іх праграмы такія ж, як і ў прадстаўнікоў іншых краін. На этапах Кубка свету і іншых міжнародных стартах за апошнія гады і расіяне, і беларусы неаднаразова абыгрывалі кітайцаў, а вось на чэмпіянатах свету пакуль не атрымліваецца. Але нішто не вечнае (усміхаецца).

Праўда, што на спаборніцтвах кітайскія атлеты трымаюцца адасоблена?

— Шчыра кажучы, не заўважаў нейкай незвычайнай адасобленасці кітайцаў у параўнанні, напрыклад, з еўрапейцамі. Адкрытыя, дружалюбныя хлопцы і дзяўчаты, з якімі проста пачаць гутарку. Сёлета на спаборніцтвах у Швейцарыі давялося пагаварыць з алімпійскім чэмпіёнам Дун Дунам — вельмі прыемны хлопец, ніякай «зорнасці» і фанабэрыстасці.

— Беларусь пакуль можа пахваліцца толькі адным чэмпіёнам свету — Дзмітрыем Палярушам. Мабыць, і з ім сустракаўся?

— І не адзін раз. Цяпер Дзмітрый — член тэхнічнага камітэта FІG (Міжнародная федэрацыя гімнастыкі. — Аўт.) па скачках на батуце. Ён займаецца распрацоўкай правілаў, судзействам, арганізацыяй міжнародных стартаў — карацей, увесь час знаходзіцца ў спартыўным працэсе. Таму мы часта сустракаемся на спаборніцтвах, размаўляем. Ведаю, што Дзмітрый высока ацэньваў мае шанцы на выдатныя вынікі яшчэ перад леташнім сезонам. Вядома, прыемна чуць добрыя словы ў свой адрас ад тытулаванага земляка.

Акунуцца ў акіян

— Ты ўпершыню трапіў у ЗША. Раскажы пра ўражанні ад краіны і месцаў, у якіх давялося пабываць.

— Насамрэч не было ніякага «ваў-эфекту» ад убачанага, якога я чакаў. Дэйтона-Біч — тыповае курортнае мястэчка, якое можна смела параўнаць з любым турэцкім турыстычным горадам. Пляжы, атэлі, кавярні — і нічога больш. Атлантычны акіян ужо быў халаднаваты, але некалькі разоў мы ўсё ж такі акунуліся. А пасля спаборніцтваў узялі напракат аўтамабіль і з'ездзілі ў Арланда — другі па велічыні горад у Фларыдзе. Ён, безумоўна, адрозніваецца ад Дэйтоны — буйны мегаполіс, дзе шмат цікавых месцаў, галоўнае з якіх, напэўна, забаўляльны парк Unіversal Studіos. Вядома, няправільна рабіць высновы пра такую вялізную краіну, пабываўшы толькі ў двух гарадах, але, паўтаруся, нічога звышнатуральнага ў Амерыцы для сябе не адкрыў.

— Сёлета ў Мінску ўпершыню прайшоў этап Кубка свету па скачках на батуце. Параўнай гэты старт з іншымі падобнымі.

— Па-першае, адразу скажу, што не адчуў ніякага «дома і сцены дапамагаюць» (смяецца). Хваляваўся жудасна! Напэўна, ніколі не адчуваў столькі адказнасці, як у гэты раз. Але атрымалася сабрацца і выступіць у сваю сілу: у індывідуальных скачках быў трэцім, а ў сінхронных, разам з Колем Казаком — другім. Па-другое, ніякіх прэтэнзій па арганізацыі. Чуў, як многія спартсмены, трэнеры хвалілі мінскі этап. Адзінае, за што можна зачапіцца, — у зале ўсё ж такі было малавата месца. Калі б выкарыстоўваць усю прастору, аднаго Палаца спорту хапіла б, але частка памяшкання была аддзелена шырмай — для размінкі.

— Дарэчы, дзе была самая лепшая зала, у якой табе даводзілася выступаць?

— Мне вельмі падабаецца зала ў Санкт-Пецярбургу. Гаворка ідзе пра спартыўна-канцэртны комплекс, СКК. Адзін у адзін, як «Алімпійскі» ў Маскве, толькі крыху меншай умяшчальнасці. Там, вядома, і прасторы хапае, і столі высокія, і з асвятленнем ніколі праблем няма — усё ідэаль-
на. У Францыі ёсць выдатныя пляцоўкі… Дарэчы, Піцер для мяне — знакавы горад. Менавіта тут, на чэмпіянаце свету сярод юніёраў у 2009 годзе, я заняў другое месца. Гэта была адна з самых галоўных нечаканасцяў у маім жыцці! Тады і зразумеў, што чагосьці варты як спартсмен.

— А як прыйшоў у скачкі на батуце, памятаеш?

— Вядома! Гэта ж было параўнальна нядаўна (смяецца). У шэсць гадоў бацькі прывялі мяне ў секцыю спартыўнай гімнастыкі. Але там я надоўга не затрымаўся — месяцы тры, здаецца. Чаму? Цяпер разумею, што шмат ленаваўся, быў гэтакім «нехачухам», ды і спартыўная гімнастыка здавалася мне чымсьці нерэальна складаным. Вось трэнеры і параілі бацькам перавесці мяне ў іншую секцыю. На батуце мне было весялей і лягчэй, там і застаўся. А ўжо праз год пачаліся дзіцячыя спаборніцтвы — унутрышкольныя, гарадскія, абласныя, пасля — экзамены на разрады. Так што да спаборніцкай дзейнасці я прызвычаіўся досыць хутка.

Прыемная заканамернасць

25-4

— Калі ў мінулым годзе трэба было выбіраць, куды паступаць пасля гімназіі, доўга раздумваў?

— Дастаткова доўга. У школе я добра вучыўся, «сябраваў» і з матэматыкай, і з фізікай… Разглядаў варыянт БНТУ, прываблівала спецыяльнасць «інжынер-спецыяліст па нерухомасці». І маці такі план падабаўся. Але параіўся з трэнерамі, і разам мы прыйшлі да думкі, што вучоба па неспартыўным профілі будзе адбіраць шмат часу і сіл. Таму паступіў у БДУФК на спецыяльнасць «трэнер па відзе спорту». Вось неўзабаве сесія, трэба рыхтавацца.

— Але пакуль доўгачаканы адпачынак…

— Так, да 15 снежня. А там ужо зборы, падрыхтоўка да чэмпіянату Беларусі. Пасля адкрываецца еўрапейскі сезон, у канцы вясны — сусветны: чатыры этапы Кубка свету — у Партугаліі, Францыі, Іспаніі і Расіі. Тут жа і першыя Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у сярэдзіне чэрвеня ў Баку. І, нарэшце, ліцэнзійны чэмпіянат свету ў Даніі, па выніках якога ўсяго толькі 16 атлетаў адбяруцца на Алімпіяду. Так што важна ўвесь гэты насычаны сезон прайсці роўна і стабільна, але з запасам.

— Значыць, эксперыментаваць з праграмай не будзеш?

— А гэтага і не трэба! Максімум, штосьці дабавім, штосьці пачысцім… Задача, якая перад намі стаіць, — давесці напрацаванае да ідэалу. Кардынальна змяняць ці ўскладняць праграму ў перадалімпійскі сезон занадта рызыкоўна. Нават кітайцы да Алімпіяды выконваюць правераную праграму, а вось на Гульнях ужо чымсьці здзіўляюць. Так што будзем прытрымлівацца такога ж падыходу.

— І напрыканцы не магу не запытацца вось пра што: з Аняй Гарчанок вы неразлучныя як у жыцці, так і на батуце. Разам сталі чэмпіёнамі Еўропы, пасля — «бронзавымі» прызёрамі першынства свету… Адкуль такая сінхроннасць?

— Напэўна, не хочам адставаць адно ад аднаго. А калі зусім шчыра, думаю, гэта чыстая выпадковасць. У зборнай, як гэта бывае, ужо шмат жартаў з'явілася з‑за падобнай заканамернасці. Ну і няхай! Не буду супраць, калі гэтая тэндэнцыя захаваецца.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.