Эксперыментам па ўкараненні ва ўстановах адукацыі нарматыўнага фінансавання будуць ахоплены ўсеўстановы агульнай сярэдняй адукацыі горада Баранавічы: 5 гімназій, 1 ліцэй і 15 сярэдніх школ.
Нагадаем, што напрыканцы года ўрад прыняў рашэнне запусціць пілотны праект, накіраваны на ўдасканаленне механізмаў бюджэтнага фінансавання ў сістэме адукацыі. У рамках эксперымента аб'ёмы фінансавання, што накіроўваюцца на навучанне і выхаванне, будуць «прывязаны» да колькасці навучэнцаў.
На нарадзе, якая прайшла ў Баранавічах, былі абмеркаваны арганізацыйна-кіраўніцкія і фінансава-эканамічныя аспекты рэалізацыі пілотнага праекта. Новы механізм прадугледжвае фарміраванне бюджэту ўстановы на падставе сярэднегадавых паказчыкаў колькасці навучэнцаў розных катэгорый (па ступенях навучання, колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і колькасці вучняў, якія наведваюць групы падоўжанага дня), нарматыву бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў і карэктуючых каэфіцыентаў. Нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на аднаго вучня ў 2015 годзе складае Вr11 млн 807 тыс. 600 і адлюстроўвае аб'ём выдаткаў на навучанне аднаго вучня сярэдняй школы на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Для астатніх катэгорый навучэнцаў сфарміравана сістэма з васьмі карэктуючых каэфіцыентаў, якія будуць прымяняцца да базавага нарматыву.
На нарадзе таксама былі разгледжаны пытанні рэалізацыі эксперымента па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў. У Баранавічах у гэтым эксперыменце ўдзельнічаюць 5 устаноў адукацыі (гімназія №5, сярэднія школы №№7, 14, 19, 20).
Чакаецца, што ў выніку будзе створана здаровая канкурэнцыя паміж установамі адукацыі за кожнага вучня, што павінна адбіцца і на якасці іх навучання. Чым больш навучэнцаў выбера канкрэтную ўстанову адукацыі, тым большым будзе і аб'ём яе фінансавання.
Мяркуецца, што новы механізм дазволіць забяспечыць празрысты і справядлівы механізм фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Палепшыцца прагназаванне развіцця рэгіянальных сістэм адукацыі. Павысіцца і кіраўніцкая самастойнасць: у прыватнасці, кіраўнікам устаноў адукацыі будзе дадзена права самастойна фарміраваць штатны расклад у межах выдзеленых сродкаў і аптымізаваць штатную колькасць, а сродкі, што вызваляюцца, накіроўваць на стымуляванне работнікаў і прыняцце павышальных каэфіцыентаў да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў.
Надзея НІКАЛАЕВА
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».