Вы тут

Святлана Стацэнка: «Што б ні здарылася, падымаюся і іду далей»


Яна з тых жанчын, якія спалучаюць у сабе сілу характару, мудрасць і прыгажосць. У педагогіку прыйшла, можна сказаць, па волі лёсу. Бо мара стаць выкладчыкам спачатку ўзнікла ад жадання быць справядлівай, а з часам гэты шлях стаў свядомым і неабходным выбарам любячай жанчыны і маці. Аднак, мабыць, усё было не выпадкова, таму што сёння Святлана Стацэнка — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна, заслужаны дзеяч культуры Беларусі і музычны кіраўнік тэлепраекта «Я спяваю!», што вось ужо 5 гадоў праводзіць тэлеканал АНТ. Падчас размовы з нашай гераіняй мы паспрабавалі даведацца, каму Святлана Адамаўна прысвячае свае перамогі, якой тактыкі прытрымліваецца ў выкладанні і што сёння для яе ў прыярытэце.

13-1

Сіла ва ўменні пастаяць за сябе

Сустрэча адбылася пасля Міжнароднага дня жанчын у студыі Нацыянальнага музычнага цэнтра... Шматлікія дыпломы вучняў на сценах разам з букетамі кветак ад іх жа і даюць адказ на пытанне, што такое паспяховы выкладчык. Таму цікаўлюся іншым: ці лёгка быць жанчынай у наш час?

— Гэта цяжка, але пачэсна. Бо трэба сумяшчаць выхаванне дзяцей і працу. Калі мае дочкі былі малодшага ўзросту, то зведала на сабе, як бывае не проста, і не толькі ў эмацыянальным плане, але і фінансава. Зараз ужо кожная з іх можа самастойна са сваімі праблемамі спраўляцца, таму з'явілася магчымасць больш часу аддаваць творчасці, працы. Але ж, вяртаючыся дадому, трэба і мужу прыгатаваць нешта смачнае, і прыбраць... Абавязкаў гаспадыні ніхто не адмяняў. Мой муж часам кажа, што сядзець дома і займацца толькі сям'ёй і сабой я не змагла б, і ў пэўным сэнсе ён мае рацыю. Хаця ёсць шмат прыкладаў, калі жанчыне дастаткова і гэтага. У маім атачэнні жанчыны самадастатковыя і паспяваюць многае. Хочацца не проста пражыць жыццё, але і нешта пакінуць пасля сябе, быць карыснай для грамадства. Вось і працуем.

— Вас можна смела аднесці да ліку жанчын, пра якіх кажуць «зрабіла сябе сама». Калі ў свой час вы вырашылі звязаць сваё жыццё з музыкай, то маглі ўявіць, што ўсё складзецца менавіта так?

— Я зрабіла сябе сама, таму што ў дзяцінстве цяжка жыла. Мая мама адна выхоўвала траіх дзяцей. Я разумею, што такое даесці да канца, і дагэтуль не магу ні кавалачка хлеба выкінуць, бо ведаю, як маці яго зарабляла. І калі б мне, дзевяцігадовай дзяўчынцы, тады сказалі, што я буду заслужаным дзеячам культуры ў нашай краіне, то, мабыць, усміхнулася б... У мяне ніколі не было мэты некага з сябе строіць. Заўсёды і зараз даказваю ўсё толькі сабе. Не з тым пасылам, што вось давайце зробім так, каб усе пападалі. Я наогул лічу, калі людзі так робяць, то яны пакрыўджаныя знутры. У мяне дастаткова моцны характар, таму ніколі не кідала пачатай справы, а казала: «Давай! Няўжо слабо?»

Я вылучалася бойкім характарам і маму часта, на жаль, выклікалі ў школу, бо ў маленькай Светы былі праблемы з дысцыплінай. Я расла без бацькі, і было крыўдна, калі дзеці паводзілі сябе са мной бесцырымонна. Ды і настаўнікі падлівалі масла, маўляў, «без бацькі, што з яе возьмеш». Гэта сёння няпоўныя сем'і — з'ява звыклая, а тады — ганьба! І дзеці былі выгнаннікамі. Мне трэба было заваёўваць сваё месца пад сонцам, самой бараніцца. Гэта загартавала мой характар. Я не дазваляла сабе проста здацца і сысці. Неяк пабілася з адным хлопчыкам, маму выклікалі ў школу і ніхто нават не разбіраўся, што пакрыўдзілі мяне. Альбо быў яшчэ выпадак, калі мы з сяброўкай збіралі грэцкія арэхі на даху веранды дзіцячага садка. Нас абвінавацілі ледзь не ў крадзяжы (выявілі па чорных руках), а мы ўсяго толькі хацелі занесці пачастунак для дзяцей з дзіцячага дома. Нікога гэта не цікавіла. Сядзіць мая бедная маці і плача: «Дачушка, я ж усё раблю, што магу, для цябе!» Тады мне стала вельмі крыўдна, і я вырашыла, што стану педагогам лепшым, чым мае выкладчыкі. Была патаемная мара: дабіцца змен у нашай сістэме адукацыі.

Святлана Адамаўна паказвае фотаздымак з піянерскага лагера, дзе я бачу яе 13-гадовай дзяўчынкай. Сама зазначае:

— Гэта вельмі дарагі для мяне фотаздымак. Калі мне цяжка, я гляджу на яго і ўспамінаю, што некалі было яшчэ складаней. І працую далей...

Зараз з пакалення ў пакаленне ўзровень прафесіяналізму сярод выкладчыкаў зніжаецца. Найлепшыя часта наогул з прафесіі сыходзяць, шукаючы месца з больш высокім заробкам.

Чаму няма самаахвяравання? Таму што калі ў цябе двое-трое дзяцей, то іх трэба неяк карміць. І я добра разумею настаўнікаў, якія займаюцца рэпетытарствам альбо выкладаюць у прыватных школах, каб падзарабіць...

У мяне старэйшая сястра Наталля выкладае музыку ў школе, у Мазыры. Усё, што я спасцігала ў прафесіі ў плане вопыту, — гэта яе прыклад. Брат Валера, хоць і не звязаны з музыкай, але таксама мае вышэйшую адукацыю. Мама змагла ўсіх нас паставіць на ногі і потым адправіць у самастойнае жыццё. І я звязала сваё жыццё з педагогікай. Цяпер кожную сваю перамогу ці маіх вучняў я прысвячаю маці. А зараз жа ідзе праект «Я спяваю!», які яна глядзіць. Неяк мама нават сказала мне, што можа ўжо даўно і памерла б, але падсілкоўваецца поспехамі сваіх дзяцей.

Рух па жыцці — найлепшы выбар

— Складана было сваіх дачок адпусціць у самастойнае плаванне?

— Адпускаць, безумоўна, складана. Даводзіцца змагацца з самой сабой. Але варта памятаць: калі мы нараджаем дзіця, то ўжо тады яно самадастатковая і свабодная асоба, якая не з'яўляецца нашай уласнасцю. На пэўным этапе мы проста ўкладаем у дзяцей свой вопыт, а потым яны самі за сябе адказваюць. У свабодным плаванні іх жыццё хутчэй навучыць. Дай Бог здароўя нам, бацькам, каб мы маглі іх пры неабходнасці падтрымаць, дапамагчы ў нечым.

— Як расцэньваеце той факт, што Насця і Ксенія зрабілі прафесійны выбар не на карысць музыкі, хаця некалі ярка заявілі пра сябе на сцэне?

— Яны абедзве моцныя ў вакальным плане, але, паглядзеўшы на сваю маці, якая ў свой час пакінула сольную кар'еру і пачала вучыць дзяцей музыцы, і зразумеўшы, што гэта ім не па душы, выбралі іншыя прафесіі. Анастасія скончыла БДУ і спецыялізуецца на эканоміцы. А Ксенія абрала прафесію журналіста-міжнародніка. Яна развіваецца ўсебакова, і гэта менавіта тое, чаго можна жадаць для свайго дзіцяці. Як складзецца жыццё, час пакажа, а пакуль я радуюся таму, якія змены бачу ў ёй. Мяне часам папракалі, быццам я сама не рэалізавалася, таму раблю гэта ў дзіцяці. Аднак я ніколі Ксенію не застаўляла займацца музыкай. Яна бачыла прыклад старэйшай сястры і сама прасілася на сцэну, але, падрастаючы, ніколі не ставілася да гэтага занятку з фанатызмам. І, думаю, калі мая дачка аднойчы захоча вярнуцца ў музыку, то без праблем зробіць гэта. Усё, што вы ўкладаеце ў сваіх дзяцей, з'яўляецца інвестыцыямі для іх будучыні і аднойчы можа спатрэбіцца.

— А самі ніколі не шкадавалі, што не сталі рабіць кар'еру спявачкі?

— Часта чую такое пытанне. І тут проста аднойчы трэба дакладна вызначыцца: альбо ты займаешся сваёй кар'ерай, альбо вучыш спяваць дзяцей. Сумяшчаць адно і другое, нічым не ахвяруючы, не атрымаецца, паверце. Я спявала, але калі з'явілася старэйшая дачка, то паўстала пытанне: дзе больш патрэбна мая прысутнасць? Муж падштурхнуў мяне да змены прыярытэтаў, ад чаго доўгі час пакутавала (былі ж мары пакарыць вялікую сцэну, стаць знакамітай), але з часам змірылася, што давядзецца быць у цені. Выкладала вакал, ездзіла з дзецьмі на конкурсы, фестывалі. А калі з Ксеніяй выйгралі «Славянскі базар», а потым і дзіцячае «Еўрабачанне», то мяне заўважылі як педагога. Пачалі гаварыць, што я вывела дзіцячую эстраду на новы ўзровень...

Ювелірная праца з правільнымі акцэнтамі

— Вось ужо пяць гадоў АНТ праводзіць дзіцячы песенны конкурс «Я спяваю», дзе вы з'яўляецеся музычным кіраўніком. Якім быў гэты час?

— Першы год на праекце быў самым складаным. Ніхто дакладна не разумеў, што і як рабіць і куды накіроўвацца. Нават дзясятку ўдзельнікаў набраць не ўдавалася. Выкладчыкі не разумелі, як за некалькі месяцаў можна з дзецьмі вывучыць такі складаны матэрыял, бо ў нас канкурсанты спяваюць сусветныя хіты вядомых выканаўцаў. З часам усё прыйшло да нормы. Што датычыцца маіх унутраных пачуццяў, то я вучуся разам з праектам. За сезон я працую над 55 кампазіцыямі (за пяць гадоў — 275 песень!). Ты, як ювелір, робіш з кожнага ўдзельніка «каштоўны каменьчык». І таму для мяне гэта — цэнны вопыт. Усё пазнаецца ў параўнанні. Адзін бок, калі ты прыйшоў на канцэрт і паслухаў дзіця, і зусім іншая размова, калі ты з ім праходзіш усё з самага пачатку. Бачыш, як мяняецца яго ўзровень, як дзіця раскрываецца.

— Выбар музычнага матэрыялу — тэма складаная?

— У нас у гэтым пытанні ідзе цеснае супрацоўніцтва з пастаноўшчыкамі нумара. Збіраемся я, прадзюсар і аўтар праекта і абмяркоўваем. Алена Лобач і Анжаліна Мікульская перш за ўсё арыентуюцца на тэлевізійную карцінку, таму ў залежнасці ад задуманага даводзіцца ісці на ўступкі ці мне, ці ім. Супадае выбар песні і вакальныя магчымасці дзіцяці — добра, а калі разумею, што нічога не атрымаецца, то спрабуем шукаць выйсце: мяняць кампазіцыю альбо спрабаваць падаць яе па-іншаму. Часам ад экспертаў чую: маўляў, не найлепшую песню выбраў канкурсант. А гэта не дзіця памылілася, а мы пралічыліся...

— Пасля праекта дзеці маюць магчымасць падтрымліваць з вамі сувязь?

— Ва ўсіх ёсць мае нумары тэлефонаў. Калі патрэбна нейкая кансультацыя, то калі ласка. Вось і з 8 Сакавіка віншавалі, што вельмі прыемна. Тэлеканал АНТ таксама падтрымлівае з імі сувязь, дзетак запрашаюць у іншыя праекты. «Я спяваю!» — гэта старт для кожнага яго ўдзельніка, але за 50 канкурсантамі не ўгледзіш. На праекце ім даюць магчымасць убачыць, як павінна ўсё быць арганізавана — праца з найлепшымі педагогамі, выступленне з аркестрам і гэтак далей. І калі ў будучыні хоць адзін з іх стане прафесійным выканаўцам, то гэта будзе перамогай для мяне. Сведчаннем, што ўсё было не дарэмна.

— Як вы павышаеце свой прафесійны ўзровень?

— Калі ты скажаш, што ўсё можаш, то лічы, што пара сыходзіць з прафесіі. Я за год бываю на 5-10 конкурсах. Недзе ў якасці журы альбо вязу сваіх вучняў на спаборніцтва. Часам даю майстар-класы. Вучуся штодзённа.

— А маеце нейкую вяршыню, якую б хацелася яшчэ скарыць?

— Я па жыцці аптымістка. Што б ні здарылася, я падымаюся і іду далей. Я раблю сваю справу і разумею — вышэй галавы не скочыш. Для мяне важна толькі тое, каб родныя і блізкія былі здаровымі і каб мае дзяўчаты знайшлі сябе ў жыцці, займаліся любімай справай. Усё астатняе не так істотна.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.