Вы тут

Знайсці сябе праз... хобі


Дзіцячыя захапленні дапамагаюць стаць асобай

Пошукі сябе пачынаюцца з ранняга дзяцінства, калі кожны выбірае, якія цацкі яму больш падабаюцца, як ён хоча апранацца і ў якія гурткі хадзіць. Знайсці любімае захапленне — значыць, знайсці нешта такое, што заўсёды будзе прыносіць радасць. Яго можна параўнаць з дзіцячай гульнёй у хованкі. Памятаеце, як мы радаваліся, калі знаходзілі адзін аднаго?..

У якім узросце і чаму варта аддаць дзіця ў секцыю або гурток? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да педагога-псіхолага гімназіі №2 Вольгі Васільевай.

9-15

9-15

 

— Трэба ўлічваць індывідуальныя асаблівасці самога дзіцяці. Ёсць такія, што ўжо ў дашкольным узросце імкнуцца да якой-небудзь дзейнасці, таму некаторыя гурткі працуюць ужо ў дзіцячым садзе. Калі, напрыклад, дзіця вельмі любіць маляваць, то чаму б не аддаць яго ў студыю, дзе ён зможа развіць не толькі свае здольнасці, але і навучыцца мець стасункі з іншымі дзецьмі, прывучыцца да пэўнай дысцыпліны, — кажа Вольга Мікалаеўна. — Пазаўрочная дзейнасць развівае і арганізуе дзіця. Яно прывыкае да рэжыму, вучыцца размяркоўваць свой час так, каб паспяваць і рыхтавацца да школы і наведваць дадатковыя заняткі па інтарэсах.

Марына Краўчук, студэнтка ІІ курса гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава (19 гадоў):

— У дзяцінстве мама вадзіла мяне ледзь не ва ўсе секцыі і гурткі ў горадзе. Я займалася танцамі, маляваннем, вучылася іграць на скрыпцы і вышываць, гуляла ў валейбол і баскетбол. Тады мне гэта жудасна не падабалася. Я зайздросціла аднакласнікам, якія нідзе не займаліся, і ў іх было столькі вольнага часу! Яны маглі колькі заўгодна гуляць у камп'ютарныя гульні і глядзець тэлевізар. Ні мастачкі, ні музыканта з мяне ў выніку не атрымалася, затое я магу падтрымаць гутарку на многія тэмы, у мяне шмат сяброў і маё дзяцінства было яркім і насычаным.

— Тут няма нічога дрэннага, — сцвярджае педагог-псіхолаг Вольга Васільева. — На тое яно і дзяцінства, каб шукаць сябе. Асабліва сёння, калі існуе столькі магчымасцяў для самавыяўлення. Пры выбары секцыі або гуртка трэба пытацца, чым бы самому дзіцяці хацелася займацца, а не аддаваць сына ў бокс, калі ён, напрыклад, хоча займацца танцамі.

Алег Старавойтаў, студэнт І курса факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (19 гадоў):

— Я заўсёды вельмі хацеў стаць ваенным, у дзяцінстве гуляў толькі ў салдацікі або шпіёнаў. Але пра мару давялося забыцца з прычыны дрэннага зроку. Я заўсёды быў з тых, хто не можа ўседзець спакойна і дзвюх хвілін. Каб неяк трымаць сябе ў форме і накіраваць сваю актыўнасць у карыснае рэчышча, стаў займацца лёгкай атлетыкай і турызмам. Можа насіць генеральскую форму мне і не наканавана, але спорт і дысцыпліна ў маім жыцці застануцца.

— Канкрэтна ў гэтым выпадку хлопец змог сябе рэалізаваць, — каментуе псіхолаг. — Аддаючы дзіця ў спартыўную секцыю, трэба разумець, што яно не абавязкова стане спартсменам. Але атрымае спартыўную загартоўку, у яго з'явяцца новыя сябры, будзе магчымасць развіць лідарскія і арганізацыйныя якасці, не кажучы ўжо пра тое, наколькі карысная рухальная актыўнасць для здароўя.

Кацярына Багданава, прадавец-кансультант крамы спорттавараў, г. Полацк (35 гадоў):

— Мая дачка вучыцца ў 6 класе. Год таму я аддала яе ў музычную школу, а цяпер перажываю, што ў яе не хапае часу на вучобу. Пастаянныя рэпетыцыі, канцэрты, дадатковыя заняткі — і ў выніку яна прыходзіць увечары зусім без сіл, а ўрокі робіць раніцай. Адзнакі сталі горшымі, але заняткі музыкай дачцэ вельмі падабаюцца, і кідаць іх яна не хоча. Што рабіць і як правільна размеркаваць час, я не ведаю.

— Гэта ўсё карэктуецца. Не ўсім дадзена быць выдатнікамі, і не факт, што, кінуўшы музычную школу, дзяўчынка пачне лепш вучыцца, — кажа Вольга Васільева. — Звычайна пазакласныя заняткі на паспяховасць не ўплываюць. Калі чалавек хоча вучыцца, то ён будзе вучыцца. Фізічна здаровы падлетак можа вытрымаць заняткі і ў школе, і ў якіх-небудзь секцыях. Галоўнае, каб было жаданне, тады мы здольны на ўсё. А калі жадання няма, то заўсёды будуць знаходзіцца тысячы адгаворак.

9-16

9-16

 

— Вольга Мікалаеўна, што рабіць, калі дзіця нічым не хоча займацца, а кожны занятак у гуртку заканчваецца істэрыкай і слязьмі?

— Усе слёзы знікаюць, калі з'яўляюцца першыя вынікі. Тады з'яўляецца і імкненне ісці далей. Я ведаю выпадкі, калі ў дзяцінстве некага прымушалі займацца ў музычнай школе, а потым, калі дзіця вырастала, дзякавала бацькам і настаўнікам, якія не далі кінуць заняткі.

Дзіця з прычыны свайго ўзросту не заўсёды разумее, для чаго трэба наведваць гурткі. Яно шмат што ўспрымае як гульню і толькі пазней пачынае бачыць іншыя бакі сваёй дзейнасці.

Вольга Крыштафовіч, студэнтка ІІІ курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (20 гадоў):

— Я заўсёды хацела быць актрысай, з ранняга дзяцінства выступала на ўсіх святах, наведвала розныя гурткі па гэтым кірунку. Тады бацькі да майго жадання ставіліся паблажліва, маўляў, «пройдзе». Калі ў 11 класе стала сур'ёзна рыхтавацца да паступлення на акцёрскі факультэт, то родныя забілі трывогу. У выніку, пад ціскам сваякоў, я паступіла «на эканаміста». Пасля першага курса зразумела, што гэта не маё, што я не хачу правесці ўсё жыццё, седзячы ў кабінеце сам-насам з лічбамі. Нічога не сказаўшы бацькам, забрала дакументы з ВНУ, пайшла паступаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Паступіла і не расчаравалася ў сваім выбары. А бацькі да гэтага часу лічаць, што я зрабіла памылку.

— Думка бацькоў — гэта думка бацькоў, — гаворыць псіхолаг. — Калі чалавеку 20 гадоў, ён здольны самастойна ацаніць тое, чым хоча займацца. У гэтым выпадку, калі дзяўчыне з дзяцінства падабаецца акцёрскае майстэрства, то ёй трэба даць дарогу. Нават калі ў выніку яна расчаруецца ў сваім выбары, то заўсёды ёсць магчымасць атрымаць іншую спецыяльнасць, прайсці курсы перападрыхтоўкі. Затое яе выбар будзе ўсвядомленым і самастойным, а ў няўдачах ёй не будзе каго вінаваціць.

* * *

Заканчваючы размову, я расказала псіхолагу гісторыю 14-гадовага Кірыла, які жыве ў невялікім гарадскім пасёлку, у якім няма лядовага палаца, а хлопцу заўсёды хацелася займацца хакеем. Дзеля трэніровак ён два-тры разы на тыдзень прыязджае да нас у горад. Кірыл гатовы дзеля любімага занятку трэсціся ў вагоне і пераадольваць усе перашкоды. Думаю, што з яго атрымаецца выдатны хакеіст, бо ў свае гады ён дакладна ведае, чаго хоча.

Некаму пашчасціць знайсці сябе ў падлеткавым узросце, хтосьці адкрывае свае здольнасці ўжо дарослым. Нават многія знакамітасці, якія ўсміхаюцца нам з экранаў тэлевізараў, таксама не адразу знайшлі сваё месца ў жыцці. Напрыклад, не сакрэт, што тэлевядучы Павел Воля па адукацыі — настаўнік рускай мовы і літаратуры, а адна з самых багатых спявачак у свеце Бьёнсе калісьці падмятала падлогу ў цырульні, якой валодала яе мама.

Ніколі не варта спыняцца — развівайцеся, шукайце, спрабуйце сябе ў розных ролях. Тады ваша жыццё будзе насычаным і цікавым.

Арына Кагалёнак,
вучаніца 11 класа наваполацкай гімназіі №2.

 Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.