Вы тут

Марына Грыцук: «Я ўвесь час смяюся да слёз!»


Гледачам тэлеканала АНТ яна добра вядома па праектах «Фактар смеху», «Сярэбраны грамафон», «Наша раніца» і «Бацькоў у школу». Але многія і сёння асацыююць яе імя з КВЗ, дзе Марына Грыцук была моцным гульцом і заваявала не адзін тытул. А вось яна лічыць сваім галоўным дасягненнем трох сыноў.

Безимени-1

 

Мы вырашылі сустрэцца з вядомай тэлевядучай і даведацца, дзе шукаць якасныя жарты, у якіх праектах яна рэалізуецца цяпер і чаму яе навучыла праца на тэлебачанні.

— Аднойчы на пытанне, што галоўнае ў жыцці, вы адказалі: «Гэта я». Такі здаровы эгаізм заўсёды быў, ці ён з'явіўся з цягам часу?

— Вядома, я прыйшла да такой высновы паступова, калі выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей. Не зможа зрабіць шчаслівымі іншых той, хто сам няшчасны. А жанчынам вельмі ўласціва ахвяраваць сабой дзеля іншых. У нас матулі часта забываюцца пра сябе, свой знешні выгляд, ужо не гаворачы пра час для сустрэч з сяброўкамі. Я таксама была такой і, змагаючыся з рознымі дэпрэсіўнымі настроямі, зразумела, што насамрэч варта быць у большай ступені эгаістычнай, чым я ёсць.

— Улічваючы, як прыгожа вы выглядаеце, знаходзіць час для сябе — важна...

— Я проста ў грыме (смяецца). Наогул, не вельмі люблю гаварыць пра тое, як я выглядаю, і сваю фігуру не лічу ідэальнай. Сустракаючы жанчыну за 35 з дзецьмі, ды яшчэ і з добрай фігурай, варта разумець, якіх высілкаў гэта патрабуе.

— Многія адзначаюць, што з нараджэннем дзяцей людзі мяняюцца.

— У кожнага ўсё адбываецца па-свойму. Мне здавалася, што нараджэнне першага дзіцяці на мяне неяк асабліва паўплывала, аднак і з'яўленне другога і трэцяга сыноў таксама змяніла мяне. Многае залежыць і ад дзіцяці. Уявіце толькі, што ў доме з'яўляецца новы чалавечак і ты думаеш: «Як я магла жыць без яго?» Зразумела, застаецца менш часу, побытавых клопатаў становіцца больш, але разам з тым дабаўляецца любові і шчасця ў сям'і...

[caption id="attachment_90145" align="alignnone" width="600"]На пра­ек­це «Баць­коў у шко­лу». На пра­ек­це «Баць­коў у шко­лу».[/caption]

Калі мы кажам пра тое, што жанчына з нараджэннем дзіцяці робіцца мудрэйшай і больш цярплівай, то тут у пэўнай ступені многае залежыць ад самой маці і ад таго, што адбываецца навокал у яе жыцці. У навінах перыядычна паказваюць, як часам матулям не хапае гэтага цярпення і яны робяць жудасныя рэчы. Аднак давайце не забывацца, што цярпенне з'явіцца толькі там, дзе ёсць месца адпачынку. Калі ж прыходзіш з працы, табе трэба стаяць ля пліты, вучыць урокі, мыць бялізну: такі распарадак штодня, то і сарвацца нядоўга. Трэба памятаць, што нічога не з'явіцца проста так. Тое ж цярпенне трэба ў сабе выхоўваць. І кожнае дзіця нам дадзена, каб зрабіць нас лепшымі.

— Праект «Бацькоў у школу», як вы адзначалі, не мае мэты вучыць некага, а толькі паказвае сітуацыю, дае гледачам магчымасць паглядзець на выхаванне збоку. Працуючы ў праграме, лавілі сябе на думцы, што і вам ёсць над чым задумацца?

— Такое здаралася шмат разоў. Ведаеце, ёсць выслоўе, быццам рыхтаваць з дзіцем хатняе заданне амаль тое ж, што клеіць з мужам шпалеры. І калі мы кажам сыну ці дачцэ «тут усё проста, ну, як ты не разумееш элементарныя рэчы», то гэтым гаворым свайму дзіцяці, што яно не разумнае. Варта шукаць іншыя словы, якія змогуць стаць стымулам, а не зробяць дзіця замкнёным. Пра гэта кажуць і самі дзеці. Адна дзяўчынка расказала, што маці яе любіць менш, чым малодшага брата, таму што, калі той зайшоў у пакой, яму яна ўсміхнулася, а ёй не. Дзеці часта заўважаюць такія «дробязі», якія прапускаем мы, бацькі... Часам стрымліваю сябе, бо разумею, што нас так выхоўвалі і мы імкнёмся тую ж мадэль выхавання перанесці ў сваю сям'ю.

— Працяг праекта будзе?

— Летам у нас пакуль зацішша. А з надыходам новага сезона будзе разгледжана і гэтае пытанне. Варта разумець, што праграма ліцэнзійная і патрабуе немалых грошай, каб з'явіліся новыя серыі. Тут не спрагназуеш.

— Менавіта за гэты праект вас адзначылі як «Найлепшую вядучую тэматычнай праграмы». Якімі былі пачуцці?

— Мне было вельмі прыемна, што маю працу ацанілі. За сваю больш чым дзесяцігадовую кар'еру на тэлебачанні я вяла розныя праекты. Але ў праграму «Бацькоў у школу» ўкладзены не толькі час, але і душа, думкі. Часам у працы здараліся няпростыя моманты. Прыемна ведаць, што, дзякуючы нашай праграме, у некаторых сем'ях бацькі і дзеці змаглі зрабіць крок насустрач адно аднаму, пачуць, зразумець. Калі праект забаўляльны, то вынік адзін, а, назіраючы, як рэальна твая праца дапамагае людзям (калі да тых жа парад за кадрам прыслухоўваліся), маем адчуванні зусім іншыя.

[caption id="attachment_90146" align="alignnone" width="600"]Амп­луа «дзяў­чы­ны  з КВЗ»  і сён­ня яе  не ад­пус­кае. Амп­луа «дзяў­чы­ны
з КВЗ»
і сён­ня яе
не ад­пус­кае.[/caption]

— Эмацыянальна наколькі складана працаваць у такой праграме?

— Спачатку было складана, а потым з'явіўся элемент прывыкання, і ты да ўсяго адносішся як да працы. Слухаючы кранальныя гісторыі дзетак, бачачы іх слёзы, некалькі дзён ад усяго адыходзіш, але разумееш, што самае важнае — дапамагчы рэальна. Шмат жыццёвых гісторый прайшло праз нас у праграме. Спярша было жаданне з кожным падтрымліваць сувязь, цікавіцца, якія перамены ў сям'і адбываюцца... Цяпер, калі дзяцей стала больш за дзве сотні, проста спадзяешся, што ўсё будзе добра і ў нашых дамах часцей стане гучаць дзіцячы смех.

— Раней у вас былі іншыя праекты, розныя — па жанры і па змесце. «Бацькоў у школу» — сведчанне прафесійнага росту?

— У мяне было кляймо «дзяўчына з каманды вясёлых і знаходлівых», якая забаўляе людзей. Рада, што змагла папрацаваць у больш сур'ёзным праекце. Зараз працягваю ісці ў гэтым жа кірунку. Нядаўна стала вядучай беларускай версіі праграмы «Чакай мяне». Мне падабаецца, што тэлебачанне дае магчымасць гаварыць вялікай аўдыторыі пра сапраўды важнае.

— За 11 гадоў працы на тэлебачанні чаму вас навучыла прафесія?

— Яна дала мне ўпэўненасць у маіх сілах. Навучыла разумець і памятаць, што кожны чалавек, які пераступае парог студыі, унікальны. Не бывае нецікавых людзей, калі вы здольныя перамагчы іх закрытасць. Мая задача — паказаць свайго героя гледачам. Калі мне ўдаецца знайсці падыход да чалавека і я бачу, як ён сам імкнецца гаварыць, гэта дарагога каштуе.

— Вы не адзін год гулялі ў КВЗ. Ці адсочваеце сёння, як там жартуюць? Дзе наогул у наш час шукаць якасны гумар?

— Складанае пытанне, таму што паставіць знак якасці жарту, улічваючы, што кожны ўспрымае яго па-рознаму, складана. Адным падабаецца гумар, дзе трэба падумаць, іншым дастаткова гумару «ніжэй пояса». Як вынік, якасны гумар... не вызначыць. Я працягваю глядзець гульні КВЗ, але цяпер больш цікаўлюся інтэлектуальнымі перадачамі, дзе трэба шукаць адказы на пытанні.

— У вашым жыцці бывае смех скрозь слёзы?

— Я ўвесь час смяюся да слёз. Але здараюцца сітуацыі, у якіх вельмі складана ўсміхацца. Часам непакоішся праз дробязь, а варта азірнуцца і ўбачыць, як складваецца жыццё ў іншых, каб зразумець: у цябе яшчэ не ўсё дрэнна!

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.