Вы тут

Садок для дарослых


У Мінску расце колькасць аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў.

Каб сем'і, якія выхоўваюць інвалідаў, маглі часам адпачыць (а чалавеку з асаблівасцямі ў развіцці, як вядома, догляд патрэбен пастаянны), дзяржава развівае паслугу сацыяльнай перадышкі. Бацькам прапануюць адводзіць дарослых дзяцей у аддзяленні дзённага знаходжання, дзе тых прыгледзяць спецыялісты. З нядаўняга часу такое аддзяленне адкрылася і на базе сталічнага псіханеўралагічнага дома-інтэрната №4.

— У ліпені ў нас скончыўся капітальны рамонт, — расказвае дырэктар установы Алена ПАНЧАНКА. — Цяпер умовы жыцця нашых падапечных — адны з самых лепшых у Мінску. Аддзяленне дзённага знаходжання дае магчымасць бацькам заняцца сваім асабістым здароўем: за доўгія гады сядзення дома яно ў многіх пагоршылася. Дарослыя працягваюць працаваць, бо ведаюць, што дзіця пад наглядам і, калі ў яго здарыцца прыступ, яму будзе аказана кваліфікаваная медыцынская дапамога. Сям'я можа жыць паўнавартасна, не адчуваючы сябе вінаватай за тое, што аддалі кудысьці свайго блізкага.

Аддзяленне разлічана на маладых людзей (18-35 гадоў) з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Працуе з 8.00 да 18.00. Усяго восем месцаў, па чатыры для мужчын і жанчын. Людзей прымаюць на платнай аснове, але кошт невялікі — 35 тысяч у дзень. Гэтыя грошы ідуць на харчаванне — сняданак, абед і падвячорак (з вячэрай будзе на 15 тысяч даражэй). Наведваць аддзяленне можна хоць кожны дзень, уключаючы выхадныя: усе нюансы абгаворваюцца пры заключэнні дагавора. Аплаціць трэба загадзя. Але калі чалавек не прыйшоў у нейкі з дзён, бухгалтэрыя зробіць пераразлік і перанясе грошы на наступны месяц. Форма дзённага знаходжання выгадная і сем'ям, і дзяржаве. Калі аддаваць чалавека ў інтэрнат на пастаяннае месца жыхарства, месяц абыдзецца (няважна, за чые сродкі, — бацькоўскія ці бюджэтныя) у пяць мільёнаў рублёў.

Алена Міхайлаўна расказвае, што многія спачатку асцярожнічаюць, прыводзяць дзяцей толькі на некалькі дзён: «А цяпер адна мама ўжо да Новага года дагавор заключыла. Маладыя людзі з асаблівасцямі ў развіцці самі хочуць сюды прыходзіць, бо тут у іх сябры, любімыя заняткі. Добра, калі інваліды наведваюць карэкцыйны цэнтр і ў іх ёсць кола знаёмых. А калі сем'і закрываюцца, што часта бывае, то ім, акрамя самых блізкіх, няма з кім пагаварыць. Таму моладзі падабаецца выбірацца сюды».

Інвалідам у аддзяленні дзённага знаходжання аказваецца ўвесь спектр неабходных медыцынскіх паслуг. У складзе персаналу — два ўрачы-псіхіятры, тэрапеўт, стаматолаг, дванаццаць медсёстраў, санітары. Адзінае, што лекі, якія прызначаны, трэба самім прыносіць з дому. Маладыя людзі могуць таксама наведваць усе інтэрнатныя мерапрыемствы: дыскатэкі, экскурсіі. Ці запісацца ў гурток па інтарэсах. На занятках па рукадзеллі падапечныя вышываюць карціны, вяжуць капелюшы і шкарпэткі. У арт-майстэрні знойдуць справу кожнаму: калі ў чалавека не атрымліваецца маляваць, ён можа проста рваць паперу, з якой потым ствараюць ляляк у тэхніцы пап'е-машэ. Кулінарным азам вучаць у кабінеце дамаводства. Тыя, хто стаміўся, могуць прагуляцца па тэрыторыі інтэрната ці адпачыць на ложку.

— Мы зрабілі буклеты пра наша аддзяленне, раздалі іх у псіхіятрычны дыспансер на Бехцерава, у паліклінікі, каб людзі, якія даглядаюць блізкіх з інваліднасцю, ведалі, што яны не застаюцца сам-насам са сваёй праблемай, — кажа Алена Міхайлаўна. — Чалавек з любымі парушэннямі павінен заставацца ў грамадстве і быць актыўным. Стварэнне аддзяленняў дзённага знаходжання спрыяе гэтаму.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.