Вы тут

Ці разумнейшыя дэльфіны за людзей?


Разумныя, цікаўныя, гуллівыя істоты паланілі людзей сваёй абаяльнасцю са спрадвечных часоў. Але калі б  не іх цікавыя паводзіны, дэльфіны не былі б усімі любімымі воднымі жывёламі.


Не рыбы. Нягледзячы на тое, што дэльфіны жывуць у вадзе і падобныя да іншых марскіх насельнікаў, яны значна бліжэй да людзей, чым здаецца. Дэльфін — цеплакроўная жывёла, якая нараджае дзіцянят і корміць іх малаком. У яго няма лускі, замест гэтага цела пакрыта гладкай і далікатнай скурай. У плаўніках дэльфінаў, у адрозненне ад плаўнікоў рыб, ёсць плечавыя косткі і нават нешта падобнае да фалангаў пальцаў. Існуе гіпотэза, што дэльфіны калісьці жылі на зямлі, але ў працэсе эвалюцыі вярнуліся ў мора.

Мозг дарослага дэльфіна важыць каля 1 700 грамаў, а чалавека — 1 400. Але памер мозга сам па сабе яшчэ нічога не значыць, важная яго будова. Вывучэнне гэтых жывёл у магнітна-рэзанансным тамографе паказала, што ў дэльфіна агульная колькасць нервовых клетак і звілін у кары галаўнога мозга нават большая, чым у чалавека.

Зносіны. Як вядома, дэльфіны маюць зносіны з дапамогай гукавых сігналаў рознай частаты, якія нам нагадваюць свіст або пстрыканне. Паводле апошніх навуковых даных, дэльфіны могуць прымяняць каля 14 000 розных гукавых сігналаў. У кожнага ёсць сваё імя, на якое ён адгукаецца. Было ўстаноўлена, што гэтае імя прысвойваецца дэльфіну ў чарадзе яшчэ пры нараджэнні і захоўваецца на ўсё жыццё.

Звычкі. Дэльфіны, як правіла, не жывуць у адзіноце. Іх супольнасці маюць складаную сацыяльную структуру, у якой кожная асобіна мае сваё пэўнае месца. Дэльфіны вылучаюцца вельмі рухомымі, дапытлівымі паводзінамі. У той час як большасць дзікіх жывёл пазбягаюць кантакту з людзьмі ці праяўляюць агрэсію, дэльфіны любяць гуляць і мець зносіны з людзьмі, асабліва з дзецьмі. Яны праяўляюць добразычлівасць не толькі да чалавека, але і да некаторых жывёл. За ўсю гісторыю назіранняў не было зафіксавана ніводнага выпадку нападу дэльфіна на чалавека, чалавек жа на дэльфінаў нападае пастаянна.

Загадка хуткасці. У 1936 годзе брытанскі заолаг сэр Джэймс Грэй звярнуў увагу на велізарную хуткасць (да 37 км/г, па яго звестках), якую ўдаецца развіць дэльфінам. Пасля неабходных разлікаў Грэй паказаў, што па законах гідрадынамікі немагчыма дасягнуць такой высокай хуткасці з той сілай мышцаў, якой валодаюць дэльфіны. Гэтая загадка атрымала назву «парадокс Грэя», пошукі яе рашэння працягваюцца да гэтага часу.

Здольнасць да рэгенерацыі. Дэльфіны валодаюць неверагоднай здольнасцю да самавылячэння. У выпадку атрымання якой-небудзь раны — нават вялікага памеру — яны не сцякаюць крывёй і не гінуць ад інфекцыі. Замест гэтага іх плоць пачынае хуткімі тэмпамі аднаўляцца, так што ўсяго праз некалькі тыдняў на месцы глыбокай раны, напрыклад ад зубоў акулы, амаль не застаецца бачных шрамаў. Цікава, што паводзіны траўмаваных жывёл практычна не адрозніваюцца ад звычайных. Гэта дае падставы меркаваць, што нервовая сістэма дэльфінаў здольная ў крытычных сітуацыях блакіраваць болевыя адчуванні.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.