Свой, адметны чытач у газеты «Звязда». Ён жа, хочацца верыць, глядач тэлеканала «Беларусь 3» і ў прыватнасці праграмы «Размаўляем па-беларуску». Гэтая тэлевіктарына ўжо каторы год у эфіры і магла б выходзіць далей — у звычным фармаце. Аднак стваральнікі вырашылі ўдасканаліць яго (над чым і працуюць)...
А пакуль усе, хто цікавіцца мовай, шануюць яе і, магчыма, плануюць удзел у віктарыне, могуць праверыць сваё веданне з дапамогай «Звязды». Такім чынам, ці ведалі вы, што:
- абало́на — 1) частка даліны ракі, якая ў паводку заліваецца вадою; 2) слой драўніны сасны, што знаходзіцца паміж стрыжнем і карою;
- выціна́ць — 1) старанна выводзіць якую-небудзь мелодыю, гук; найграваць, напяваць; 2) вырэзваць з паперы ці якога іншага матэрыялу што-небудзь;
- дапя́ць — 1) дайсці, дабрацца куды-небудзь; 2) дамагчыся, дасягнуць чаго-небудзь; 3) зразумець што-небудзь, разабрацца ў чым-небудзь;
- кана́ць — 1) паміраць у муках, канчацца (у пераносным значэнні — выражае найвышэйшую ступень хацення, жадання); 2) (пераноснае значэнне) канчацца, набліжацца да канца;
- навярэ́дзіць — стаміць, натрудзіць да хваравітага стану якую-небудзь частку цела;
- о́дум — стан разважання, засяроджанасці, паглыблення ў сябе, у свае думкі;
- паджга́ць — 1) пакусаць, параніць джалам, хабатком; 2) хутка пайсці, пабегчы; паімчацца;
- падшыва́нец — хлапчук (звычайна падлетак);
- суса́ль — тонкія пласцінкі золата, срэбра, волава, медзі, якія служаць для дэкаратыўнага аздаблення якіх-небудзь вырабаў.