Вы тут

Аб'ядноўваць і ўзвышаць грамадства — задача дзяржаўнай сімволікі


Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ — пра сімвалы, якія выкарыстоўваюцца на беларускіх мітынгах апошніх дзён:


— Неабходна адзначыць, што сучасная дзяржаўная сімволіка нашай краіны выразна перадае гісторыка-культурную спадчыну беларускага народа, падкрэслівае яго нацыянальны і грамадзянскі дух, дае ўяўленне аб айчынных духоўных каштоўнасцях.

Чырвоны, зялёны і белы колеры беларускага сцяга абумоўлены як гістарычна, так і светапоглядна, звязаныя з духоўнымі вытокамі нашага народа.

Чырвоны колер здаўна сімвалізуе сонца — галоўную жыватворную крыніцу энергіі. Разам з тым ён увасабляе волю, мужнасць, высакароднасць. Менавіта пад чырвонымі сцягамі Чырвоная Армія і беларускія партызаны вызвалялі нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Зялёны колер — гэта не толькі сімвал Прыроды, але і сімвал маладосці, энергіі любові, вясны і адраджэння, колер шчодрасці, дабрыні і стваральнай працы.

Белы колер сімвалізуе духоўную чысціню, святасць, мудрасць, згоду, свабоду і веды. Ён адпавядае назве нашай краіны «Белая Русь».

Найважнейшая асаблівасць Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь — выкарыстанне нацыянальнага арнаменту як элемента дзяржаўнай сімволікі. Гэта надзвычай рэдкая з'ява на сцягах дзяржаў свету.

Арнамент са старажытных часоў быў характэрным знакам, адметнай рысай усіх культурных народаў.

У аснову арнаменту на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь пакладзены ўзор «Узыходзячае сонца», вытканы на ручніку ў 1917 годзе сялянкай вёскі Касцелішча на Сенненшчыне Матронай Маркевіч. У ім выкарыстаны старажытныя сімвалы земляробства — ромбы, графічныя варыяцыі якіх вядомыя археолагам па знаходках на тэрыторыі Беларусі. Цэнтральнае месца займае выцягнуты па вертыкалі ромб, ад якога зверху і знізу адыходзяць загнутыя лініі. На працягу тысячагоддзяў ён увасабляе жыватворную энергію сонца і матчынны, жаночы пачатак Зямлі, звязаныя з імі ўрадлівасць глебы і стваральную сілу працы.

У цэнтры галоўнага ромба — дзве перакрыжаваныя лініі з чатырма кропкамі паміж імі. Гэта — старажытны сімвал засеянага поля. Яго таксама трактуюць як «ключ да шчасця», магічнае пажаданне спрыяльнага развіцця падзей. Да таго ж ромб з крыжам — яшчэ адзін старажытны сімвал узыходзячага сонца.

Злучаныя парамі ромбы зверху і знізу арнаменту сімвалізуюць ідэю падаўжэння жыцця. Увесь узор пранізвае ідэя дабра, надзеі на лепшае, пажадання дабрабыту, урадлівасці і росквіту.

Размяшчэнне чырвонага арнаменту на белым фоне адпавядае традыцыям беларускага арнаментальнага мастацтва, у якім, як правіла, на белую аснову нанесены каляровы (часцей за ўсё чырвоны) узор.

Тры паласы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь — гарызантальныя чырвоная і зялёная, вертыкальная белая з чырвоным арнаментам — нясуць пажаданне дабра, поспеху і росквіту нашай краіне, усім яе грамадзянам.

Звернемся да гісторыі бел-чырвона-белага сцяга. Першае. Калі і кім быў створаны бел-чырвона-белы сцяг? Па ўласным сведчанні дзеяча беларускага нацыянальнага руху Клаўдзія Сцяпанавіча Душэўскага (Дуж-Душэўскага), аўтарам эскіза бел-чырвона-белага сцяга быў менавіта ён. У прыватнасці, у аўтабіяграфіі ён пісаў наступнае: «Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сцягам той, што і літоўцы, г. зн. Белую Пагоню на чырвоным полі, але нацыянальнага сцяга не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, і адзін з іх быў прыняты, менавіта: бел-чырвона-белы». Увесну 1917 года ў Петраградзе над будынкам Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны лунаў такі сцяг.

Другое. Калі і кім выкарыстоўваўся бел-чырвона-белы сцяг? Бел-чырвона-белы сцяг — афіцыйны сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1919—1920 гадах розныя варыяцыі бел-чырвона-белага сцяга выкарыстоўваліся беларускімі вайсковымі фарміраваннямі ў Літве і Польшчы. У 1920 годзе бел-чырвона-белым сцягам карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстання і ваенныя фарміраванні С. Булак-Балаховіча.

Бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся беларускім рухам у Заходняй Беларусі: Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, Таварыствам беларускай школы, Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры і іншымі.

Пэўная частка беларускай інтэлігенцыі, якая жыла ў эміграцыі і знаходзілася ў апазіцыі да Савецкай улады, пасля прыходу нацыстаў распачала спробу ўстанаўлення супрацоўніцтва з мэтай стварэння беларускай дзяржавы пад пратэктаратам Германіі. З першых дзён акупацыі тэрыторыі Беларусі яны паспрабавалі на практыцы ажыццявіць задуманае, прыступіўшы да стварэння беларускай дапаможнай адміністрацыі.

Крах плана «Барбароса», параза ў Маскоўскай бітве, ваенныя падзеі вясны — лета 1942 года запатрабавалі новых людскіх рэсурсаў для барацьбы з Чырвонай Арміяй. Беларускія калабаранты скарысталіся гэтай сітуацыяй з мэтай дамагчыся ад германскай акупацыйнай адміністрацыі стварэння Беларускай самаабароны ў якасці асновы будучай беларускай арміі. Дазволіўшы стварэнне Беларускай самаабароны, гаўляйтэр Вільгельм Кубэ даў дазвол 27 ліпеня 1942 года на выкарыстанне на тэрыторыі Генеральнага камісарыята «Беларусь» бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».

Пазней, 21 снежня 1943 года, у Мінску, размешчаным на акупаванай у той момант тэрыторыі, была ўтворана калабарацыянісцкая Беларуская цэнтральная рада (БЦР) з аналагічнай сімволікай.

Бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваў створаны нацысцкімі акупантамі «Саюз беларускай моладзі».

27 чэрвеня 1944 года ў Мінску з ініцыятывы БЦР адбыўся Другі Усебеларускі кангрэс — з'езд прадстаўнікоў беларускіх калабарацыйных арганізацый і іншых асоб, лаяльных у адносінах да германскіх акупацыйных улад. З сімволікай бел-чырвона-белага сцяга быў праведзены парад калабарацыйнага фарміравання Беларускай краёвай абароны.

Пасля прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР і перайменавання яе ў Рэспубліку Беларусь 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет прыняў Закон «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь», які зацвердзіў у якасці дзяржаўнага сімвала бел-чырвона-белы сцяг. Аднак ён быў негатыўна ўспрыняты значнай часткай беларускага грамадства, у тым ліку ветэранскімі арганізацыямі, з-за яго выкарыстання беларускімі калабарантамі падчас акупацыі БССР войскамі нацысцкай Германіі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па выніках рэферэндуму, які адбыўся 14 мая 1995 года, дзяржаўны сцяг быў заменены.

Безумоўна, бел-чырвона-белы сцяг з'яўляецца часткай беларускай гісторыі. Але мы павінны памятаць усе факты, звязаныя з яго выкарыстаннем. Можна па-рознаму ставіцца да гэтага знака, але для мяне бясспрэчна, што нацыянальна-дзяржаўныя сімвалы павінны аб'ядноўваць, а не раз'ядноўваць грамадства.

Больш за тое, давайце задумаемся: незалежна ад нашага стаўлення да бел-чырвона-белага сцяга, якія вынікі выкарыстання гэтага сімвала ў нашай гісторыі? А яны адмоўныя: БНР рэальнай дзяржавай не стала, Слуцкае паўстанне і ваенныя фарміраванні С. Булак-Балаховіча былі разгромленыя, беларускія нацыянальныя арганізацыі ў Заходняй Беларусі былі ліквідаваныя польскімі ўладамі, беларуская калабарацыя пацярпела крах, першая палова 1990-х гадоў у гісторыі суверэннай Рэспублікі Беларусь была часам найцяжэйшага грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу. Значыць, відавочна нешта не так з гэтым сімвалам. І я вельмі сумняваюся, што Рэспубліка Беларусь можа прыйсці да росквіту пад бел-чырвона-белым сцягам.

Разам з тым менавіта пад чырвона-зялёным сцягам з найстаражытнейшым беларускім арнаментам мы дасягнулі выдатных сацыяльна-эканамічных, навуковых і культурных вынікаў у БССР і сучаснай Рэспубліцы Беларусь. Задумайцеся, паважаныя суграмадзяне!

Загаловак у газеце: Аб'ядноўваць і ўзвышаць грамадства

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.